Знайсці
17.01.2022 / 14:18РусŁacБел

Рашэнне аб чарговай «будоўлі стагоддзя» нярэдка носіць палітычны, а не практычны характар. Чаму абвал пуцеправода на Нямізе быў непазбежным

Нягледзячы на тое, што на месцы абвалу пуцеправода на Нямізе ў Мінску ўжо пачалі забіваць сваі, завяршэнне работ праз тры тыдні выглядае ўсяго толькі марай кіраўніка Мінгарвыканкама. Аднак цяпер гутарка не пра ўдарныя тэмпы і тэрміны, а пра нягнуткасць у пытаннях горадабудаўніцтва і транспартнай палітыкі. Рэзананснае здарэнне можна было б выкарыстаць, каб зрабіць цэнтр сталіцы больш утульным і прывабным для людзей, але вырашана заліць у старыя мяхі новае віно, якое, вось пабачыце, абавязкова скісне. Калумніст Алесь Складаў адказвае на пытанне, чаму беларускія гарады пакутуюць ад гігантаманіі чыноўнікаў.

Здарэнне ў цэнтры сталіцы падаецца не проста сімвалічным, але і вынікам адсутнасці стратэгіі і разумення, навошта ўвогуле патрэбныя такія аб’екты і колькі будзе каштаваць іх эксплуатацыя. Рашэнне аб пачатку чарговай «будоўлі стагоддзя» нярэдка носіць палітычны, а не практычны характар.

На стадыі праектавання ў нас ніхто не можа дакладна сказаць, колькі карысці і шкоды прынясе новая дарога ці мост у доўгатэрміновай перспектыве. Нейкія разлікі ў дакументацыі, канечне, будуць прысутнічаць, але папяровая бухгалтэрыя звычайна мала адпавядае рэчаіснасці.

У выніку часта будуюць лішняе, на ўсялякі выпадак, з разлікам «хай будзе». У рэальнай дарожнай сітуацыі гэта працуе ў мінус, а не ў плюс. Як-небудь праедзьце па кавалачку першага кальца (дакладней па Дамашэўскай вуліцы ) ля высотнага бізнэс-цэнтра — там аўтамабілі прыпаркаваныя у два шэрагі. У праекце ж, напэўна, гэта паласа з прапускной здольнасцю не менш за тысячу машын за гадзіну. Толькі ж там стаяць, а не едуць…

Нават багатыя краіны не могуць дазволіць сабе эмацыйны падыход у пытаннях кшталту: а давайце пабудуем развязку ў гэтым месцы — у форме матыля, яна будзе прыгожа глядзецца з космасу!

На Захадзе будаўніцтва вялікага транспартнага аб’екта — вынік складаных падлікаў і абмяркаванняў. Будуюць там даволі хутка, а вось лічаць наадварот — доўга. Гарадскія ўлады спачатку павінны разумець, што гэта сапраўды абгрунтавана карысцю для горада і яго жыхароў.

Пры добрым раскладзе ў разлікі павінны быць уключаныя аптымізацыя часавых страт (скарачэнне шляху да работы павялічвае паступленні ў ВУП горада), скарачэнне шкодных выкідаў у паветра (менш страт на медыцынскае асблугоўванне), павялічэнне прапускной здольнасці і інш.

Іншымі словамі, заходнія краіны будуюць на доўгую перспектыву, таму педантычна падлічваюць, колькі гэта будзе каштаваць (мабыць, таму і багатыя?). І ў іх разліках вартасць вымяраецца не колькасцю выкарыставаных кубоў бетону і масай металу, а ў рэальнай каштоўнасці для людзей, між іншым, падаткаплацельшчыкаў, якія маюць права ведаць, куды накіроўваюцца іх грошы.

Непразрыстасць выдаткавання бюджэтаў мясцовых уладаў — ганебная практыка. Важныя пытанніі вырашаюцца без удзелу жыхароў. Мільён туды, мільярд сюды… Велізарнымі сумамі распараджаюцца, нібыта яны ніяк не тычацца нас.

А калі б нам казалі: гэты аб’ект абыдзецца ў сто рублёў для кожнага жыхара, нават таго, хто не мае ва ўласнасці аўтамабіль, то-бок іх возьмуць з нашай кішэні, многія б задаліся пытаннем, а ці варта гэта ўвогуле рабіць? Можа быць, лепей накіраваць грошы на развіццё парку альбо будаўніцтва веладарожак?

У развітых краінах не могуць дазволіць сабе кідаць вялікія сродкі ў паветра, а ў Беларусі, такое адчуванне, што могуць! Пры адкрыцці вялікага аб’екта можна атрымаць пэўныя палітычныя дэвідэнды, і гэта падаецца асноўным матывам для тых, хто прымае рашэнне.

Варта згадаць, колькі размоў было падчас будаўніцтва МКАД-2. Адзін з асноўных матываў: нібыта яна разгрузіць асноўную кальцавую дарогу. Аднак гатага не здарылася: МКАД застаецца самай напружанай магістраллю ў Беларусі. Нават кіроўцы фур не хочуць рабіць крук, дык што ўжо казаць пра звычайных аўтамабілістаў…

А пакуль нехта пераразаў чырвоную стужку, побач нервова дрыжалі тыя, каму цяпер даводзіцца прыбіраць, латаць і пасыпаць рэагентамі няпростую для абслугоўвання магістраль. Калі прымаецца рашэнне аб будоўлі стагоддзя, мала хвалююцца пра такія «дробязі» як эксплуатацыя, бягучыя рамонты і немінучы тэрмін, калі спатрэбіцца рэканструкцыя, лічыце, будаўніцтва таго ж самага пуцеправода з нуля.

Калі ж надыходзіць чырвоная рыса, то звычайна стараюцца абысціся малой крывёю, адкладваючы расходы. І вось неяк уначы (слава нябёсам, што не днём) знешне магутная канструкцыя нечакана дае слабіну, пачынаючы рушыцца на вачах збянтэжаных мінакоў…

Чытайце таксама: Кіраўнік Мінска расказаў, якім будзе новы мост праз Нямігу

Што вядома пра мост на Нямізе, які абрынуўся гэтай ноччу

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930