Знайсці
18.01.2022 / 21:09

«Акружэнне — гэта блакаванне 6% вашага перыметра?» Міністр абароны Вялікабрытаніі адказаў на прэтэнзіі Расіі адносна Украіны і НАТА

Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес апублікаваў артыкул, прысвечаны сітуацыі ва Украіне, у якім ён уздымае тэмы НАТА, Украіны і Расіі.

У самым пачатку артыкула Бэн Уолес заклікае не абмяркоўваць заявы Крамля, што Расія быццам бы знаходзіцца пад пагрозай з боку НАТА, ці каментар міністра абароны Расеі пра тое, што ЗША «рыхтуюць правакацыю з хімічнымі кампанентамі на ўсходзе Украіны». Гэта ўсё, на думку Уолеса, апісваецца трапным англійскім фразеалагізмам straw man, які даслоўна перакладаецца як «саламянае пудзіла», а абазначае сабой такую форму аргументацыі, калі супрацьлеглым бокам ствараецца ўражанне абвяржэння аргумента, у той час як рэальны прадмет аргументацыі нават не быў разгледжаны або абвергнуты, а проста заменены на лжывы.

«Відавочна, што Крэмль хоча, каб мы ўсе заняліся абвяржэннем гэтых ілжывых сцверджанняў, замест таго, каб аспрэчваць рэальны парадак дня прэзідэнта Расейскай Федэрацыі».

Па-першае, НАТА па сваёй сутнасці носіць абарончы характар, нагадвае міністр і звяртаецца да артыкула 5 Паўночнаатлантычнай дамовы, які абавязвае ўсіх членаў прыйсці на дапамогу іншаму члену, калі ён падвяргаецца нападу. «Ніякіх «калі» і ніякіх «але». Узаемная самаабарона з'яўляецца краевугольным каменем НАТА. Гэта абавязацельства абараняе ўсіх нас. Саюзнікі, якія знаходзяцца так далёка адзін ад аднаго, як Турцыя і Нарвегія, або так блізка, як Латвія і Польшча, — усе яны атрымліваюць выгаду ад пакта і абавязаны рэагаваць. Гэта сапраўды абарончы саюз», — піша Уолес.

Па-другое, падкрэслівае міністр, былыя савецкія дзяржавы не былі ўключаныя ў НАТА, а далучыліся па іх уласнай просьбе. Крэмль спрабуе паказаць НАТА як змову Захаду з мэтай замаху на яго тэрыторыю, але насамрэч рост колькасці членаў альянсу з'яўляецца натуральнай рэакцыяй гэтых дзяржаў на яго ўласную шкоднасную дзейнасць і пагрозы, тлумачыць міністр абароны Вялікабрытаніі.

Па-трэцяе, даводзіць Уолес, сцверджанне Крамля, што НАТА імкнецца акружыць Расійскую Федэрацыю, таксама не вытрымлівае крытыкі: толькі пяць з трыццаці членаў НАТА суседнічаюць з Расеяй і толькі 1/16 яе межаў мяжуе з НАТА.

«Калі акружэнне — гэта блакаванне 6% вашага перыметра, то, без сумневу, адважныя людзі, якія змагаліся ў Арнеме або Ленінградзе падчас Другой сусветнай вайны, маглі б выказацца пра гэта рэзка».

На самай справе Крамлю пагражае не размяшчэнне сіл НАТА, а прывабнасць яго каштоўнасцяў, лічыць Бэн Уолес, а дзеянні Расіі перадусім звязаныя з інтэрпрэтацыяй гісторыі прэзідэнтам Пуціным і яго амбіцыямі ў дачыненні да Украіны. Каб пераканацца ў гэтым, міністр абароны раіць азнаёміцца з леташнім артыкулам Пуціна «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў», у якім мала дакладнасці, затое шмат супярэчнасцяў.

З артыкула вынікае, што ў цэнтры амбіцый Пуціна — этнанацыяналізм. Яго скажоныя разважанні апраўдваюць, у найлепшым выпадку, падпарадкаванне Украіны, а ў найгоршым — прыяднанне гэтай суверэннай краіны сілай. Пры гэтым артыкул Пуціна цалкам ігнаруе жаданні саміх грамадзян Украіны, выказвае занепакоенасць Уолес.

Чытачы будуць не толькі шакаваныя тонам артыкула, але і здзіўлены тым, як мала ў ім згадваецца НАТА: яму прысвечаны ўсяго адзін абзац.

Да НАТА ў Пуціна тры прэтэнзіі. Першая: Захад імкнецца выкарыстоўваць рознагалоссі ва ўзаемаадносінах, каб «кіраваць» Расіяй. Але як тады быць з задакументаванымі шматлікімі спробамі ГРУ і іншых расійскіх ведамстваў умешвацца ў дэмакратычныя выбары і ўнутраныя спрэчкі?

Другое: усё, акрамя так званага «Рускага свету» (вялікаросаў, маларосаў, беларусаў), з'яўляецца штучнай канструкцыяй і супярэчыць жаданням адзінага народа з адзінай мовай і царквой.

Па-трэцяе, любы, хто не згодны з Крамлём, робіць гэта з нянавісці да Расіі або па прычыне русафобіі.

Тут Бэн Уолес чарговы раз нагадвае, што Расія сама прызнала суверэнітэт Украіны як незалежнай дзяржавы і гарантавала яе тэрытарыяльную цэласнасць, падпісаўшы не толькі Будапешцкі мемарандум у 1994 годзе, але і дамову аб сяброўстве ў 1997 годзе. А калі палічыць, то выходзіць, што Украіна была незалежнай ад Расіі значна даўжэй у сваёй гісторыі, чым калі была ў адной дзяржаве з ёй.

Разбурае міністр абароны Вялікабрытаніі довад з артыкула Пуціна пра тое, што народы Беларусі, Расіі і Украіны з'яўляюцца нашчадкамі «Старажытнай Русі» і таму нейкім чынам з'яўляюцца рускімі. Ён прыводзіць словы прафесара гісторыі Эндру Уілсана, які ў эсэ пад назвай «Расія і Украіна: «адзін народ», як сцвярджае Пуцін?» даказвае, што ў лепшым выпадку гэта сваякі, але не адзін і той самы народ.

Калі Украіна і Расія — адна краіна, як патлумачыць існаванне Савецкага Саюза, разрыў расейска-ўкраінскай дамовы аб сяброўстве і акупацыю Крыма, пытаецца Уолес.

Па іроніі лёсу, сам Пуцін прызнае ў сваім артыкуле, што «ўсё мяняецца: краіны і супольнасці не з'яўляюцца выключэннем. Вядома, нейкая частка народа ў працэсе свайго развіцця, пад уплывам шэрагу прычын і гістарычных абставінаў, можа ў пэўны момант усвядоміць сябе асобнай нацыяй. Як мы павінны ставіцца да гэтага? Ёсць толькі адзін адказ: з павагай!» Аднак затым ён працягвае адкідаць некаторыя з гэтых «гістарычных абставінаў», каб адпавядаць сваім уласным сцверджанням.

Апошняе абвінавачванне ў адрас Захаду з боку многіх прадстаўнікоў расейскага ўрада заключаецца ў тым, што тыя, хто не згодны з Крамлём, у нейкай ступені з'яўляюцца русафобамі. Пры гэтым яны не ўлічваюць той факт, што афіцэры ГРУ выкарыстоўвалі нервова-паралітычныя рэчывы на брытанскіх вуліцах або што неаднаразовыя кібератакі і мэтанакіраваныя забойствы зыходзяць менавіта ад расійскай дзяржавы, звяртае ўвагу Уолес.

У канцы свайго артыкула Бэн Уолес нагадвае, што у Расіі і Вялікабрытаніі доўгая і нярэдка ўзаемавыгадная гісторыя: менавіта ў саюзе з Брытаніяй Расія разбіла Напалеона і Гітлера, ад эпохі Пятра Вялікага да XIX стагоддзя брытанцы служылі пры расійскім двары адміраламі, генераламі, хірургамі і архітэктарамі, а бацькам рускага флоту з'яўляецца ураджэнец шатландскага Інверкітынга Сэмюэль Грэйг. Аднак, адзначае міністр, брытанскі ўрад «не мае намеру мірыцца са зламыснай дзейнасцю Крамля».

«Калі аднойчы халоднай студзеньскай або лютаўскай ноччу расейскія ўзброеныя сілы зноў уварвуцца ў суверэнную Украіну, ігнаруйце гісторыі пра «саламянага чалавека» і пра агрэсію НАТА, а ўспомніце словы прэзідэнта Расіі ў яго леташнім эсэ. Запомніце гэта і спытайце сябе, што гэта значыць не толькі для Украіны, але і для ўсіх нас у Еўропе», — засцерагае міністр абароны Вялікабрытаніі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31