Знайсці
01.02.2022 / 16:00РусŁacБел

«Не ўлічылі ні дапамогу на дзіця, ні грошы мужа». Падатковая праверыла былую назіральніцу і выставіла вялікі рахунак

Любові 43 гады і па прафесіі яна эканаміст. Доўгі час жанчына працавала ў банкаўскай сферы, а з ліпеня 2008 года пайшла ў першы дэкрэт. З таго часу жанчына не працавала і была хатняй гаспадыняй. Але пры гэтым актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці: была назіральніцай на апошніх парламенцкіх выбарах, а потым і на прэзідэнцкіх у 2020-м. Падатковая інспекцыя зацікавілася ёй яшчэ ў мінулым годзе.

Фота: уласны архіў Любові

«З першага дэкрэтнага адпачынку я выйшла ў другі. Падраслі дзеці — даглядала за сваёй бабуляй. Яна памерла ў мяне на руках. Затым за свякроўкай, што хварэла, а потым за сваёй маці пасля інсульту, — расказвае Любоў. — У гэты час сям’ю забяспечваў муж, які працуе ў ІТ-сферы.

Што тычыцца маёй грамадзянскай пазіцыі, то я заўсёды была актыўнай. Шмат вывучала выбарчае заканадаўства, была назіральніцай на парламенцкіх выбарах і, канечне, у 2020 годзе я не магла застацца ў баку. Я па жыцці спрабую бараніць правы. Маўчаць не магу, калі бачу, што адбываецца нешта незаконнае, і тое, што крыўдзіць людзей».

У 2020 годзе жанчына вылучалася ў выбарчую камісію, тады яе не ўзялі. І Любоў аспрэчвала гэтае рашэнне ў судзе, але і ён не задаволіў скаргу.

«У выніку я ўдзельнічала як назіральніца. Яшчэ збірала подпісы потым за адкліканне Гайдукевіча і прызначанага дэпутата ў нашым раёне Кузняцова. Але ў выніку прыйшлі адпіскі», — расказвае жанчына.

За ўдзел у мірных пратэстах жанчыну затрымлівалі тройчы. Першы раз — 1 верасня 2020 яе затрымалі каля дома: супрацоўнікі міліцыі ў штацкім проста запіхалі ў машыну. Тады суд даў ёй 10 базавых штрафу за непадпарадкаванне і нібыта ўдзел у пікеце каля міністэрства адукацыі 28 жніўня.

Фота: уласны архіў Любові

Другі раз быў 14 кастрычніка. Любоў затрымалі каля ратушы, дзе праходзіў «Гучны марш». Пасля некалькіх гадзін у РУУСе, яе адпусцілі.

А трэці раз жанчыну затрымалі 2 кастрычніка, калі яна стаяла ў ланцугу салідарнасці каля Dana Mall. Там быў артыкул 23.34. Трое сутак яна правяла на Акрэсціна. У выніку атрымала штраф у 30 базавых.

«Пасля гэтага муж сказаў, што ён хвалюецца за дзяцей і трэба з’язджаць з краіны, — расказвае Любоў. — Паколькі муж працуе ў IT, то мы сталі рыхтавацца да рэлакейту».

Любоў павінна дзяржаве 2674 рублі падаходнага падатку і 1 рубель пені

У красавіку 2021 года падатковая інспекцыя папрасіла ў Любові дэкларацыю за 2020 год і за першыя тры месяцы 2021-га. Яна даслала нулявую дэкларацыю, і ў маі сям’я з’ехала ў Польшчу. Да студзеня бягучага года ніякай сувязі з падатковай у Любові не было.

Пару тыдняў таму высветлілася, што падатковая Першамайскага раёна Мінска праверыла адпаведнасць расходаў і даходаў Любові і запрасіла тлумачэнні, за кошт чаго жанчына жыла ўвесь гэты час.

«За кошт чаго, зразумела: гэта дапамога на дзяцей і грошы мужа. Я ж за гэты час працавала толькі паўгода. Муж даваў мне грошы наяўнымі ці на картку, і я аплачвала паслугі сувязі і гэтак далей, — адзначае жанчына. — Але падатковая інспекцыя палічыла толькі мае даходы за шэсць месяцаў працы.

Не ўлічылі ні дапамогу на дзяцей, ні той факт, што мой муж даваў мне грошы. Расходы яны ўзялі як бюджэт пражытачнага мінімуму на месяц і аплату паслуг з карткі».

У выніку падатковая інспекцыя Першамайскага раёна палічыла, што за гэты час розніца паміж даходамі і расходамі Любові складае 16 713 рублёў. Па іх меркаванні, на гэтыя грошы падаткі не былі сплочаныя.

І паколькі Любоў нібыта не змагла пацвердзіць даход, то ёй налічылі павышаны падаходны падатак у суме 16%. Цяпер жанчына павінна дзяржаве 2674 рублі падаходнага падатку і 1 рубель пені.

«Інспектар падаў дакументы ў Аддзел прымусовага спагнання. Але пакуль нейкіх спагнанняў з карты ці арышту маёмасці не было, — расказвае Любоў. — Але я не згодная з тым, што трэба нешта плаціць дзяржаве. Я накіравала ў падатковую інспекцыю сваю нязгоду з гэтым спагнаннем.

За што я павінна плаціць? Ні за якой дапамогай па доглядзе, акрамя дзіцячых да трох гадоў, да дзяржавы не звярталася. Хадзіла заўсёды ў дзіцячыя садкі і школу, каб дапамагчы памыць вокны, нешта арганізаваць, удзельнічала ва ўсіх зборах грошай ў гэтых установах. Шчыра лічыла, што гэта трэба нашым дзецям, а ў дзяржавы не хапае сродкаў.

Адносна нядаўна асэнсавала, што грошы ў дзяржавы ёсць, але іх расходуюць нерацыянальна для грамадзян. На сілавы блок замнога, каб утрымліваць уладу ў сваіх руках.

Тым не менш, не шкадую, што даглядала і дапамагала блізкім людзям, рабіла дабро і выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю, удзельнічала ў назіранні, пісала скаргі, хадзіла на маршы, пісала палітвязням і падтрымліваю іх сем’і. Усё роўна дабро пераможа».

Любоў патрапіла ў спісы дармаедаў: яна плаціць павышаную камуналку за частку кватэры бацькоў, якая засталася ёй у спадчыну.

«Улічваючы, што была прыватызацыя, мне яшчэ засталося 7/100 кватэры, якую я літаральна ўчора падарыла брату праз давераную асобу, — кажа Любоў. — Але калі я складала дэкларацыю за 2020 год, то ў маёй маёмасці нічога не было выдзелена, маці яшчэ жыла».

Любоў лічыць, што такія дзеянні падатковай — гэта палітычна матываваны ціск. Яна мяркуе, што ціснуць не толькі на яе, але і на ўсіх, хто адстойвае свае правы.

«Я вырашыла, што цяпер буду максімальна ім пісаць і тлумачыць сваю пазіцыю. А потым, калі яны ўсё ж такі прымуць сваё рашэнне, буду з імі судзіцца», — кажа жанчына.

Юрыст: «Дадзеная каманда праверыць людзей, якія мелі «народныя» артыкулы»

«Нельга сказаць, што тут нешта не адпавядае заканадаўству Беларусі, — адзначыў юрыст, які папрасіў аб ананімнасці. — На жаль, нашымі судамі не ўспрымаюцца нейкія абставіны ці здаровы сэнс пры вынясенні рашэння. Кіруюцца толькі дзейсным законам. Калі чалавек не прадставіў звесткі аб даходах, то паводле закону лічыцца, што яго выдаткі перавысілі даходы».

Па словах юрыста, такія праверкі праводзіліся і да 2020 года. Падатковая інспекцыя таксама мае права праверыць вашы даходы і выдаткі за 10 гадоў. Таму нельга сказаць, што яна новая і спецыяльна робіцца для таго, каб ціснуць на актыўных беларусаў.

«Але я ведаю, што такая практыка з падаткамі цяпер з’яўляецца. Дадзеная каманда праверыць людзей, якія мелі «народныя» артыкулы, — працягвае юрыст. — Што рабіць Любові? Тэрмін па абскарджванні акта ў яе ўжо мінуў. Можна паспрабаваць аднавіць гэтыя тэрміны ў сувязі з тым, што жанчына не знаходзілася ў Беларусі.

Любоў можа падаць удакладненую дэкларацыю, у якой пакажа, што яе муж даваў ёй грошы. Падарункі ад блізкіх сваякоў, у дадзеным выпадку перавод грошай, падаткамі не абкладаюцца. Тады падатковая мае права перагледзець акт праверкі і адмяніць спагнанне. Удакладненую дэкларацыю можна падаць таксама анлайн у асабістым кабінеце на сайце падатковай інспекцыі. Цягам месяца павінны даць пісьмовы адказ.

У выпадку, калі падатковая не прыме тлумачэнні Любові, можна падаць у суд скаргу на акт праверкі і прыкласці хадайніцтва, што нягледзячы на тое, што 30 дзён на абскарджванне былі прапушчаныя, просім прыняць да разгляду, бо чалавек знаходзіўся за мяжой. Суд можа палічыць гэтыя абставіны важкімі і разгледзець скаргу, а можа сказаць, што гэта няважкая прычына.

У другім выпадку трэба будзе плаціць штраф, калі Любоў плануе вяртацца ў Беларусь. Бо яна можа заехаць у краіну і не выехаць у сувязі з гэтым штрафам. Ёй могуць абмяжаваць выезд. Другі варыянт — не плаціць і не прыязджаць у Беларусь».

***

Калі вы патрапілі ў падобную сітуацыю, пішыце ў наш тэлеграм-бот

Чытайце таксама: 

Адзіны падатак павялічаць у 2-4 разы. Якія змены ў падатках нас чакаюць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера