Знайсці
12.02.2022 / 20:13РусŁacБел

Доктару гатовыя плаціць 700 рублёў, агародніку — 1200. Якія заробкі прапануюць на рынку працы

Сёлета на вялікім электронным кірмашы вакансій нямала свабодных месцаў. Найбольш вакансій у сталіцы — 1497, на другім месцы Мінская вобласць — 163, Віцебская — 97 і Гомельская — 36. «Наша Ніва» паглядзела, якія спецыялісты патрэбныя больш за ўсё і якія грошы ім гатовыя прапанаваць. Важная дэталь: заробак, які пазначаецца ў вакансіі, гэта заробак «бруднымі». На рукі выйдзе на 13% менш.

Мінск

У сталіцы на працу запрашалі «Керамін», Мінскі завод колавых цягачоў, «Мінскметрабуд», «Зелянбуд Ленінскага раёна», «Рэмаўтадар Партызанскага раёна» і г.д. Усяго 300 вакансій.

Напрыклад, на Мінскі завод колавых цягачоў патрабуецца наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, а таксама свідравальшчык. На заробак у 1500 рублёў. Таксама ёсць вакансія слесара-рамонтніка за 970 рублёў.

«Кераміну» патрабуецца сталяр і наладчык абсталявання. Тут гатовыя плаціць 1130 рублёў.

Зелянбуд Ленінскага раёна шукае галоўнага бухгалтара. Абяцаюць 1500 рублёў у месяц.

На Мінскі аўтамабільны завод патрабуюцца юрысконсульт (заробак 1486 рублёў), інжынер-канструктар (1460), дыспетчар (1020), інжынер-праграміст (973).

Больш за ўсё працоўных месцаў прапануе «Мінскметрабуд»: трактарыст з заробкам у 1000 рублёў, інжынер-механік — 1013, майстар будаўнічых і мантажных работ — 1111.

Таксама патрабуецца машыніст крана, машыніст экскаватара, вадзіцель аўтамабіля. Па ўсіх вакансіях заробак 1300 рублёў.

Мінская вобласць

Мар’інагорская раённая бальніца шукае 21 доктара-спецыяліста. Абяцаюць 700 рублёў. Таксама шукаюць медыцынскіх сясцёр-спецыялістаў: для іх ёсць 18 вакансій, загадчыкаў арганізацыі аховы здароўя — 12 месцаў, дактароў па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе — 5 вольных вакансій, акушэрак — 2 вакансіі. Па ўсіх прапануюць заробкі ў раёне 600 рублёў.

На Завод горнага воску ў гарадскім пасёлку Свіслач патрэбныя аператары тэхналагічных установак, маркетолаг, машыніст рухавікоў унутранага згарання, майстар і інжынеры-тэхнолагі. Заробкі ад 1300 да 1615 рублёў.

На Мінскай агародніннай фабрыцы 14 вольных вакансій на пасаду агародніка, заробак — 1200 рублёў. Таксама шукаюць ветэрынарнага доктара-гінеколага — 900, і электрагазазваршчыка — 700 рублёў.

Гомельская вобласць

У Кармянскім раёне не хапае супрацоўнікаў у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. На пасаду загадчыка філіяла патрэбныя два работнікі, у гэты ж аддзел патрабуюцца акампаніятары — 6 свабодных месцаў. Па ўсіх гэтых вакансіях заробак — 500 рублёў.

Віцебская вобласць

У Глыбоцкі вопытны лясгас патрэбныя вальшчыкі лесу, а таксама майстар і бухгалтар. Заробкі — 1200 рублёў.

На прадпрыемства «Мярэцкія» шукаюць галоўнага ветэрынарнага доктара, галоўнага агранома, галоўнага заатэхніка. Заробкі ад 1000 да 1200 рублёў. Таксама патрэбныя жывёлаводы. Абяцаюць плаціць 600 рублёў.

На прадпрыемства «Каралі» патрэбны ветэрынарны фельчар. Яму абяцаюць 750 рублёў. Тут жа шукаюць галоўнага заатэхніка на заробак у 700 рублёў, а таксама аператара машыннага даення на 600.

Больш за ўсё вакансій у Віцебскай вобласці прапануе Глыбоцкі мясакамбінат. Ёсць 6 свабодных месцаў на вакансію забойшчык жывёлы на заробак у 600 рублёў, апаратчык вытворчасці харчовых тлушчаў — 600, абвальшчык мяса — 650, жыльшчык мяса і субпрадуктаў — 650.

У таварыства «Сяльцы» шукаюць трактарыстаў, аператараў машыннага даення і майстра па рамонце абсталявання. Заробкі — 420 рублёў.

Чытайце таксама:

Навуковец, праграміст у Гугле, палітуцякач. Гісторыя аднаго класа, амаль палова якога выехала з Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930