Знайсці
17.02.2022 / 08:10РусŁacБел

«Падчас пандэміі атрымлівалі і па 3000 рублёў, а цяпер вярнуліся назад». Медыкі расказалі пра свае заробкі

Яшчэ да пандэміі, у студзені 2020 года, сярэдні заробак у сістэме аховы здароўя складаў 979 рублёў. Ужо ў снежні ён дасягнуў 1446 рублёў, а напрыканцы мінулага года стаў паступова зніжацца. Медыкі расказалі «Нашай Ніве», колькі грошай ім цяпер плацяць і як яны на іх жывуць.

«Прэмія цяпер штомесяц, але ад чаго яна залежыць, не ведае ніхто»

Аляксандру 32 гады, ён працуе ўрачом на хуткай дапамозе. За студзень мужчына атрымаў 1065 рублёў з улікам адной кавіднай змены. Даплата за яе склала 240 рублёў.

«Калі пачаўся кавід, нам сталі нармальна плаціць, — гаворыць ён. — На працягу гэтых двух гадоў мы атрымлівалі па 3000 рублёў, часам нават і па 3500. Але цяпер зноў вярнуліся да таго, што было. У доктара на хуткай дапамозе аклад у сярэднім 300 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота

Дадаткова яшчэ плацяць 100 рублёў за кантракт, 70 прэміі, 30 за інтэнсіўнасць і гэтак далей. У выніку атрымліваецца 700. Прэмія цяпер у нас штомесяц, ад чаго яна залежыць, не ведае ніхто. Яна можа быць 17 рублёў, а можа і 70.

Што тычыцца кавідных надбавак. За месяц па графіку кавідных змен можа быць не больш за чатыры па 12 гадзін. Але можна выпадкова нарвацца на кавід на выкліку, і тады таксама пераходзіш у ранг кавідных брыгад.

Тут не ўгадаеш, колькі разоў на месяц ты «зловіш» гэты вірус выпадкова. Можа і адна кавідная змена быць, а можа і 5, і 8. Дванаццаць гадзін на кавідзе — 120 рублёў плюс, 24 гадзіны — 240. Але кажуць, што выйшаў новы ўказ, і правілы зменяцца. Якім чынам, даведаемся ў наступным месяцы».

Аляксандр кажа, што з чэрвеня мінулага года ў іх змянілася сістэма аплаты, і цяпер не зусім зразумела, з чаго складаецца заробак.

«Да гэтага ўсё было проста. Нейкая сума выдзялялася з нашай бухгалтэрыі на падраздзяленне, і непасрэдна загадчык па выніках працы размяркоўваў грошы, — кажа мужчына. — То-бок, ён бачыў, што калі ты шмат працаваў, то дадаваў заробак. І супрацоўнік хаця б ведаў, за што ў яго прэмія. А цяпер сумы прыходзяць зверху, з нашай адміністрацыі.

Ілюстрацыйнае фота

Увесь мінулы год прэмія не павялічвалася. Максімальная — 25 рублёў. А да Новага года далі па 72 рублі. Сказалі, што з фондаў эканоміі.

У мінулым годзе, калі атрымліваў 3000-4000 у месяц, мяне гэтыя 25 рублёў не цікавілі. А цяпер вярнуліся да таго, што гэта мае значэнне. Я ў нашай бухгалтэрыі чуў, што да Новага года грошы кавідныя выдзяляліся з Міністэрства аховы здароўя, а з 2022-га яны выдзяляюцца з арганізацый на месцы. Маўляў, таму ўсё вярнулася на ўзровень 2019 года».

Аляксандр мяркуе, што першапачаткова, калі пачаўся кавід, сістэма выплат была недыферэнцыраваная. Гэта і прывяло да праблем.

«Кавід жа пачаўся яшчэ да ўказа аб выплатах надбавак. За сакавік нам прыйшоў заробак на 500 рублёў большы. Потым сталі атрымліваць па 2000—3000 рублёў. Такім чынам, першапачаткова ўсе грошы патрацілі на гэтыя выплаты і цяпер вярнуліся да сваіх 700 рублёў», — мяркуе доктар.

Што тычыцца магчымасці падпрацаваць, то па словах Андрэя, яна ёсць, але зарабіць вялікія грошы на гэтым не ўдаецца. Бо перапрацоўкі аплачваюцца не надта добра.

«Атрымліваю 700 рублёў на стаўку, паўстаўкі зверху — яшчэ 300. Звышнормы аплачваецца менш, чым асноўны час, — расказвае ён. — Магчыма, таму, што кожны новы год усе супрацоўнікі арганізацыі аховы здароўя пішуць заяву на імя галоўнага ўрача з просьбай дазволіць працу звыш усталяванага працоўнага часу ў межах 900 гадзін за год [з лістапада 2021 года — у межах 1800 гадзін за год, — заўв. «НН»]. Гэта значыць, я сам прашу ў іх падпрацоўку, а не яны ў мяне».

Каб мець больш-менш адэкватны заробак, Аляксандр працуе на дзвюх працах. У адпачынку мужчына не быў ужо восем год. У гэты час звычайна таксама падпрацоўвае на хуткай, але ў іншым горадзе.

«Заробак у суме з дзвюма працамі —1200-1300. Гэта на дзве стаўкі па 12 гадзін у дзень без выхадных, або па 16 гадзін, з 8:00 да 24:00, пяць дзён на тыдзень», — кажа мужчына.

«Ідзеш у «Віталюр» па рыбу, бо яна таннейшая, а потым у «Еўраопт» па хлеб, бо там ён менш каштуе»

Аляксандр жыве ў кватэры разам з цесцем і жонкай, якая таксама працуе ўрачом. Заробак мужчына траціць на базавыя рэчы і часам можа адкласці невялікую суму.

«Кожныя два тыдні з заробку і авансу я запраўляюся да поўнага бака. Гэта прыкладна па 100 рублёў. Значыць, 200 у месяц, — расказвае мужчына. — Аплачваю мабільную сувязь — два тэлефоны. Гэта 100 рублёў. Камуналку мы не плацім, бо жывем з цесцем, таму астатняе ўсё ідзе на прадукты і адзенне. Адкласці магу. У найлепшым выпадку сто даляраў. Гэта бывае, калі жонка атрымлівае крыху больш. Такая гульня на выжыванне».

Мужчына кажа, што цяпер заробленых грошай на буйныя пакупкі не хапае. Прызнаецца: можа нешта набыць толькі тады, калі сваякі падораць грошы на дзень нараджэння.

Ілюстрацыйнае фота

«Два гады ўсё было добра, — кажа мужчына. — Людзі пазакрывалі крэдыты, аддалі даўгі. Цяпер ідзеш у «Віталюр» па рыбу, бо яна таннейшая там, а потым у «Еўраопт» па хлеб, бо там ён менш каштуе».

У 2017 годзе Аляксандр працаваў на хуткай ў Расіі. Таму можа параўнаць умовы для дактароў у Беларусі і ў Расіі. Кажа, што заробак быў хоць і не самы вялікі, але годны.

«Атрымліваў там 80 тысяч расійскіх рублёў (2736 беларускіх), — згадвае ён. — Хай я 10 тысяч (342 беларускія рублі) траціў на арэнду жылля, але ж мне хапала і было нармальна жыць тады. Мне там калегі ўвесь час казалі, што ў Беларусі ўсё добра.

Я ў іх пытаўся, з чаго раптам так вырашылі. Казалі, маўляў, чыста і малочка добрая. Аднак ад гэтага ў мяне ж у кішэні не дадасца! У Паўночнай Карэі таксама чыстыя вуліцы, але ж гэта нічога не значыць. Бо ў Мінску работнік хуткай дапамогі не можа дазволіць сабе здымаць кватэру».

«Для нармальнага жыцця ў Беларусі я б хацеў зарабляць 3000 рублёў на адной працы, — разважае мужчына. — Цяпер дык зусім працы ў тры разы больш, хварэюць супрацоўнікі, і грошай у тры разы менш плацяць. Мы ўвогуле з жонкай збіраемся хутка з’яджаць у Еўропу. Там урач сам ставіць умовы, колькі ён хоча атрымліваць як спецыяліст. І жыллё даюць».

«За год заробак павялічыўся толькі з-за кавіду»

Анестезіёлаг-рэаніматолаг Аляксандр працуе ў адным з райцэнтраў Мінскай вобласці. У студзені 24-гадовы хлопец атрымаў 1000 рублёў заробку. 

«За снежань было 2000 рублёў без уліку падатку, — кажа ён. — Я як малады спецыяліст атрымліваю адпаведную надбаўку — каля 100 рублёў. Невялікую, але прыемна. Анестэзіёлагам-рэаніматолагам таксама дадаткова плацяць за напружанасць працы. Мы лічымся экстранай службай. Ёсць яшчэ і надбаўка за высокатэхналагічныя аперацыі і вядзенне пацыентаў пасля гэтых аперацый.

Заробак Аляксандра за студзень

Умовы працы ў сярэднім нармальныя. Свае плюсы і мінусы. Нагрузка розная. Адзін дзень можа быць спакойным, а наступны ўжо вельмі нагружаным. Ніколі не ведаеш, калі людзі захварэюць, пакалечацца ці нап’юцца да стану паўтрупа. Патрабаванняў шмат, усё ж за жыццё чалавека адказваем. Але і бюракратыі шмат».

Па словах Аляксандра, каб яму зарабіць больш, трэба працаваць за траіх. Хлопец дадае: у беларускіх рэаліях медык не выжыве, калі будзе «сядзець» на адной стаўцы.

«За год заробак павялічыўся толькі з-за кавіду. Калі ён ёсць, тады можна пра грошы не думаць, — кажа хлопец. — Але калі яго няма, ужо даводзіцца эканоміць».

Менавіта кавідныя выплаты Аляксандр адкладвае на буйныя пакупкі. А «голы» заробак траціць на базавыя рэчы.

«Жыллё здымаць не трэба, і гэта вельмі добра, — расказвае хлопец. — Паход у краму з закупкай прыкладна на тыдзень абыходзіцца ў 100-150 рублёў мінімум. Памнажаем на чатыры, выходзіць 400-600 у месяц. Камуналка — гэта яшчэ 150. Бензін — 100-200 рублёў. Я жыву ў іншым горадзе і на працу езджу на машыне.

Адзеннем закупляўся ў лістападзе, не памятаю, колькі сышло. Таксама раз на тыдзень стараюся выбрацца куды-небудзь развеяцца. У паб, кіно, більярд, квіз. Ад рэжыму «праца-дом-праца» згарыш умомант. Ну і на адпачынку таксама эканомлю.

Зразумела, што медык з такім заробкам у жыцці не набудзе і не пабудуе сабе жыллё. Калі не было кавідных грошай, эканоміў на ежы. Больш танныя прадукты купляў».

Аляксандр лічыць, што доктару ў Беларусі павінны плаціць 4000 рублёў. Такую суму ён называе дастатковай для жыцця ў краіне. 

«І на неабходныя траты, і на адзенне, і адпачыць, і адкласці на буйныя пакупкі, — разважае ён. — Сур’ёзна, рэаніматолагі — гэта выратавальнае кола любой бальніцы. Калі пацыенту горш — выклікаецца рэаніматолаг, ён аглядае, кансультуе. Або наогул забірае пацыента ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі для стабілізацыі стану.

Калі паступіў вельмі цяжкі пацыент, рэаніматолаг яго адразу забірае ў аддзяленне, кіруе ўсім працэсам лячэння і дыягностыкі. Без анестэзіялагічнай службы не будзе і хірургічнай. Ні планавай, ні экстранай. Так што 3000-4000 — гэта мінімум.

У нас праца ўрача ні ў што не ставіцца. Хтосьці працуе за ідэю, нават з такім заробкам. Астатнія проста адпрацоўваюць свой дыплом і з’язджаюць з краіны, бо з такім заробкам не пабудуеш сабе камфортнага жыцця. А працаваць 30 гадоў для стабільнага жыццёвага становішча гэта зусім дрэнная перспектыва».

«Пакуль што мне хапае толькі на базавыя патрэбы»

Ганне 20 гадоў. Яна скончыла медыцынскі каледж па спецыяльнасці «Лячэбная справа». Цяпер дзяўчына працуе фельчарам выязной брыгады хуткай дапамогі. Аклад у яе 225 рублёў, а заробак цалкам за снежань 2021 склаў 1124 рублі.

«У верасні я атрымала 934 рублі, у кастрычніку — 1270, у лістападзе — 1600. Даплата за кантакт з каранавіруснымі хворымі — 140 рублёў за 12 гадзін, — кажа яна. — Цяпер на візіты да каранавірусных хворых адпраўляюць брыгаду, у якой супрацоўнікі прышчэпленыя.

У мяне ў месяц у сярэднім выходзіць па 3-4 кантакты. Надбаўка маладому спецыялісту — 45 рублёў. Даплачваюць за складанасць і напружанасць, але гэта вельмі розныя сумы, дакладна сказаць не магу. Дарэчы, у снежні далі гадавую прэмію — 130 рублёў, і на аздараўленне 37».

Па словах Ганны, на працы можна зарабіць больш, калі ўзяць падпрацоўку. Дзяўчына так рабіла ў жніўні 2021 года. Але за 24 гадзіны працы ёй даплацілі 32 рублі.

«Я і цяпер працую днём ці ноччу па 12 гадзін. На стаўку ў сярэднім выходзіць тры змены за тыдзень, — расказвае яна. — Часта выходжу па святах і выхадных. Са складанага ў працы тое, што мне няпроста насіць медыцынскі чамаданчык і сумку з кардыёграфам, асабліва на пяты паверх, дзе няма ліфта.

Складана працаваць уначы, бо вельмі хочацца спаць. Узімку працаваць халодна, а ўлетку горача. У машыне мне часта становіцца млосна. А яшчэ страшна патрапіць на ёй у аварыю, калі мы едзем на мігалках».

«Набыць жыллё я дакладна не змагу за свой заробак. Таму буду мяняць прафесію»

Адкладваць у Ганны атрымліваецца — прыкладна 150 рублёў у месяц. Усяго астатняга заробку, як лічыць дзяўчына, хапае толькі на закрыццё базавых запатрабаванняў.

«Нават, калі працавала санітарам з заробкам 230 рублёў, спрабавала адкладваць. Мяне так выхавалі бацькі, — тлумачыць дзяўчына. — Калі казаць пра расходы, то на арэнду жылля ў мяне сыходзіць 230 рублёў. Жыву я ў пакоі ў двухпакаёвай кватэры. У другім пакоі дзве дзяўчыны. Камунальныя каля 30 рублёў. Ежа — 300. Праязны — 70 рублёў. Гэта з маршруткамі.

Догляд за знешнасцю — прыкладна 120 рублёў. Адзенне — 80, але гэта не кожны месяц. Я яшчэ інвестую, купляю акцыі на амерыканскім фондавым рынку. На гэта сыходзіць прыкладна 100 рублёў. Даход пакуль што вельмі маленькі.

Разліковы лісток Ганны за снежань

Трэба час, каб на гэтым зарабляць. На нейкія забавы, кіно, тэатр, вечарынкі — 80 рублёў. Падарункі на дні нараджэння, Новы год, 8 сакавіка і іншыя святы — 150. Яшчэ хаджу ў спартыўны зал за 80 рублёў у месяц. Люблю самаразвіццё, кнігі, курсы. Нядаўна выдзеліла 1000 рублёў на курс па SMM. За пяць месяцаў паўнавартаснай працы была толькі адзін раз у рэстаране. У кіно і кафэ звычайна бываю з хлопцамі, якія частуюць».

Сабе на падарунак дзяўчына адкладвала чатыры месяцы. Яна хоча купіць новы тэлефон, стары ўжо дрэнна працуе.

«Пасля гэтай пакупкі буду адкладваць на мора, — разважае яна. — Са сваім заробкам набыць жыллё я дакладна не змагу. Таму буду мяняць прафесію. Вось цяпер курсы па SMM скончу і хачу пайсці працаваць у гэтай сферы. Ёсць жаданне працаваць дыстанцыйна.

Вельмі хочацца падарожнічаць, купіць кватэру, хадзіць на танцы, плаванне і вакал, а на гэта ўсё трэба больш грошай. Пакуль што мне хапае толькі на базавыя патрэбы. Лічу, што для нармальнага жыцця ў Беларусі мне трэба 3000 рублёў. А для фельчара выязной брыгады мінімальны заробак павінен складаць 1500 рублёў. З каранавіруснай надбаўкай мне яшчэ нармальна плацяць. Але што рабіць, калі гэта скончыцца? Будзе несправядліва».

Чытайце яшчэ:

«Кавідныя надбаўкі плацяць, але людзі ўсё роўна сыходзяць». Некаторыя беларускія бальніцы і паліклінікі шукаюць па 100 і больш спецыялістаў

Доктару гатовыя плаціць 700 рублёў, агародніку — 1200. Якія заробкі прапануюць на рынку працы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930