Знайсці
22.02.2022 / 18:36РусŁacБел

Навукоўцы ўпершыню прасканавалі мозг чалавека падчас смерці. Вынікі кідаюць выклік нашаму разуменню межаў жыцця

Групе навукоўцаў з Канады, ЗША, Кітая і Эстоніі ўпершыню ў свеце ўдалося вывучыць бесперапынную электраэнцэфалаграму (ЭЭГ) мозгу чалавека ў момант яго смерці. Аказалася, у гэты перыяд чалавек ўпадае ў стан, падобны да сну або глыбокай медытацыі. Даследчыкі апублікавалі свае назіранні ў часопісе Frontiers in Aging Neuroscience.

Камп'ютарная тамаграфія мозгу пацыента з траўмай ад няўдалага падзення. Выява аўтараў даследавання.

ЭЭГ навукоўцы атрымалі выпадкова пасля таго, як у бальніцу даставілі 87-гадовага мужчыну з эпілепсіяй і траўмай галавы з-за няўдалага падзення. Траўма аказалася цяжкой і выклікала спыненне сэрца, мужчына не выжыў.

Пасля завяршэння ўсіх медыцынскіх працэдур у распараджэнні лекараў аказаўся бесперапынны 15-хвілінны запіс электраэнцэфалаграмы.

Даследчыкі засяродзіліся на двух 30-секундных участках запісу — падчас біцця сэрца і пасля яго спынення. На іх выразна відаць, што амаль уся мазгавая актыўнасць прадказальна ўпала, але пры гэтым адбыўся ўсплёск гама-рытму.

На думку навукоўцаў, гэта кажа пра стан, падобным на сон ці глыбокую медытацыю — хутчэй за ўсё, пацыент назіраў нейкія візуальныя вобразы накшталт успамінаў аб мінулым жыцці.

Вядучы аўтар даследавання Аджмал Земар сцвярджае:

«Генеруючы хвалі, звязаныя з пошукам у памяці, мозг можа прайграваць апошнія ўспаміны пра важныя жыццёвыя падзеі непасрэдна перад смерцю — падобна да тых, пра якія паведамлялі сведкі перадсмяротных перажыванняў. Гэтыя вынікі кідаюць выклік нашаму разуменню межаў жыцця і ставяць важныя пытанні — напрыклад, звязаныя з тэрмінамі донарства органаў».

Навукоўцы лічаць атрыманую ЭЭГ добрым доказам, што мозг можа весці скаардынаваную актыўнасць нават пасля таго, як у ім перастае цыркуляваць кроў з-за спынення сэрца.

З іншага боку, яны самі звяртаюць увагу на недастатковасць дадзеных: пацыент быў усяго адзін, пры жыцці ён прымаў шэраг лекаў, якія ўплываюць на мозг, а першапрычынай смерці была мазгавая траўма.

Аднак даследаванне можа паслужыць стымулам да сур'ёзнага навуковага вывучэння перадсмяротных і пасмяротных станаў мозгу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера