Знайсці
14.03.2022 / 14:56РусŁacБел

«Даляр лічым па 6 рублёў, а еўра па 6,5». Што адбываецца на рынку аўтазапчастак

Многія аўтааматары ўжо паспелі заўважыць значны рост цэн на аўтамабільныя запчасткі. «Наша Ніва» пагутарыла з прадстаўніком адной з буйных кампаній-пастаўшчыкоў, каб даведацца, чаму так адбываецца і чаго чакаць далей.

Па словах Аляксея (імя змененае па просьбе суразмоўцы), апошнія некалькі дзён унутраны курс валюты на яго фірме штодзённа расце на 50 капеек, а склады працягваюць пусцець.

«Перад выхаднымі курс даляра лічылі з разліку шэсць рублёў за даляр, еўра — па шэсць з паловай рублёў. Канкуруючыя фірмы працуюць прыкладна па той жа схеме. Нават калі яны закладваюць меншы курс, то павышаюць цану за кошт гандлёвай надбаўкі. Па выніку цана закупкі для аптовых кліентаў ва ўсіх пастаўшчыкоў прыблізна аднолькавая.

Рознічныя прадаўцы разумеюць, што заўтра ім, хутчэй за ўсё, прыйдзецца закупляць тавар па больш высокай цане, і вымушаныя закладаць у кошт дадатковыя рызыкі. Большасць дэталяў і расходнікаў — імпартнай вытворчасці, адсюль маем, што сур'ёзнае падаражанне ёсць практычна па ўсіх групах тавараў».

Пры гэтым спецыяліст сцвярджае, што рост цэн — гэта яшчэ не галоўная праблема, з якой неўзабаве могуць сутыкнуцца беларускія аўтамабілісты.

«Цяпер практычна няма свежых паставак запчастак у краіну. Прычыны розныя: у кагосьці банк трапіў пад санкцыі і няма магчымасці разлічыцца за тавар, у некаторых выпадках самі вытворцы не ведаюць, што рабіць з кліентамі з Беларусі, і каб не рызыкаваць рэпутацыяй, адгрузкі для нашай краіны не ажыццяўляюць.

У калег быў выпадак, калі машына адправілася за ўжо праплачаным таварам, але ўвезці яго ў Беларусь не атрымалася. Літоўская мытня адмовілася афармляць дэкларацыю і знайшла падставы, каб не выпусціць груз. Пастаўшчык быў вымушаны вяртацца з таварам на склад», — кажа Аляксей.

Са слоў менеджара, запасы запчастак растаюць, з гэтай нагоды некаторыя фірмы ўжо прыпынілі працу рэгіянальных прадстаўніцтваў у раённых цэнтрах, пакінуўшы толькі Мінск і абласныя гарады.

«На бягучы момант ужо назіраецца недахоп маторных алеяў бюджэтнага сегменту. Па некаторых пазіцыях замест раней даступных пяці-сямі варыянтаў, прыходзіцца выбіраць з аднаго-трох. Калі сітуацыя не зменіцца, то хутка мы можам сутыкнуцца з тым, што імпартныя алеі, фільтры, рамяні, ролікі стануць дэфіцытным таварам.

Гэтая катэгорыя запчастак адносіцца да «расходнікаў», якія заўсёды будуць карыстацца попытам. Да таго ж гэта тыя рэчы, якія нельга замяніць б/у дэталямі».

Аляксей мяркуе, што з прылаўкаў аўтакрам у першую чаргу будуць знікаць тавары, вырабленыя ў Еўропе. Але і з кітайскімі дэталямі не ўсё так проста.

«Кітайскія вытворцы запчастак не могуць цалкам змяніць тое, што робяць у Еўропе. Іх асартымент ніяк не забяспечыць рынак на ўсе 100%. На мноства марак і мадэляў аўтамабіляў «кітайскіх» запчастак наогул не існуе».

Спецыяліст мяркуе, што, тэарэтычна, кітайскія ці турэцкія вытворцы могуць замяніць еўрапейскіх, але гэта вельмі доўгі працэс.

«Калі на бягучы момант завод не выпускае тую ці іншую дэталь, то ад заяўкі на яе вытворчасць да паставак у Беларусь можа спатрэбіцца да 12 месяцаў.

Зыходзячы з гэтага, можна казаць, што калі сітуацыя з пастаўкамі запчастак з ЕС не змяніцца, то ў недалёкай будучыні цэлыя групы тавараў могуць практычна цалкам знікнуць з беларускіх крам і аўтасэрвісаў».

Чытайце таксама:

«Сітуацыя на мяжы панікі». Бізнэс у трансе, бо ні з Расіяй, ні з Еўропай працаваць становіцца немагчыма

«Да 80% усёй беларускай ІТ-галіны знікне». Тысячы праграмістаў з сем'ямі бягуць з Беларусі проста ў гэтыя хвіліны

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930