Знайсці
28.03.2022 / 22:36РусŁacБел

«Мне, шчыра кажучы, усё роўна». Ды на здароўе, Зяленскі

Беларускія сацсеткі зноў віруюць. Асноўная тэма абмеркавання — двухсэнсоўная фраза, якую прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўчора мімаходзь сказаў пра Беларусь падчас інтэрв’ю расійскім журналістам. Што за ёй стаяла і ці варта беларусам гэтым пераймацца, разважае Алесь Сантоцкі. 

Уладзімір Зяленскі. Фота: Ron Haviv, ronhaviv_vii / Twitter

Фраза, якая выклікала неадназначную рэакцыю, тычылася сустрэчаў украінскай і расійскай дэлегацый для перамоваў на беларускай тэрыторыі і цалкам гучыць так:

«Расійскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб'ектнасць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку… Ды на здароўе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён зноў у доме гаспадар — ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна не наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча».

Зразумела, чаму беларусаў, прынамсі тых, якія сочаць за тым, што гаворыць Зяленскі, гэта зачапіла.

Бо за адчуванне Лукашэнкам таго, што ён у доме гаспадар, яны ўжо заплацілі і працягваюць штодзень плаціць вельмі высокую цану.

Ды і словы пра «выбар беларусаў» таксама ўспрымаюцца як кепскі жарт. Адна справа — чуць гэта ад запісных дзяржаўных прапагандыстаў, а іншая — ад лідара краіны, якая воляй лёсу вылучылася сёння на пярэдні край у абароне свабоды і дэмакратыі ў маштабах усяго свету. Быццам бы нехта не ведае, які ў беларусаў насамрэч быў «выбар».

Канешне, гэтыя паблажлівыя «ды на здароўе» і «мне ўсё роўна» — словы, мякка кажучы, нетактоўныя. Асабліва з вуснаў чалавека, які, з дня ў дзень эмацыйна заклікаючы заходніх партнёраў закрыць неба над Украінай, сам без канца цісне — і слушна — перадусім на маральны чыннік, на пакуты звычайных людзей у сваёй краіне. І ў той жа час тое, што ў суседняй краіне з людзей амаль два гады чыніцца сапраўдны здзек толькі за тое, што яны захацелі «людзьмі звацца» — «на здароўе» і «ўсё роўна».

Прытым што словы гэтыя былі ў тым кантэксце зусім не абавязковыя.

Можна было б, вядома, сказаць па сутнасці тое самае, але больш карэктна, без такога вярэджання свежых ранаў людзей, пераважная большасць якіх — што важна! — сёння ўсёй душой на ўкраінскім баку і ўсяляк імкнецца падтрымліваць яго маральна і матэрыяльна.

Так ці інакш, словы гэтыя, хоць няўдалыя, былі прамоўленыя, назад іх не вернеш. Таму пытанне толькі ў тым, ці варта нам на іх доўга крыўдаваць. Думаю, што не, ні ў якім разе. Бо хоць яны сапраўды крыўдныя ды несправядлівыя і, як той казаў, пакідаюць асадачак, гэта ўсё ж такі толькі словы. І будучыня наша не залежыць ад іх ані ў найменшай ступені. Для таго ж, каб у людзях не расчароўвацца, найлепшы спосаб ва ўсе часы — ад пачатку старацца імі не зачароўвацца.

Праўда, час цяпер такі, што стварэнню куміраў асабліва спрыяе. З заміраннем сэрца сочачы за падзеямі ва Украіне, мы ахвотна слухаем украінскіх яскравых спікераў, адчуваем да іх давер і хочам верыць кожнаму іх слову. Уладзімір Зяленскі, Аляксей Арастовіч, Міхаіл Падаляк, Віталь Кім, многія іншыя… Гэтыя людзі сёння сталі пэўнымі персанальнымі сімваламі ўкраінскага змагання, і праз давер і сімпатыі да іх яны падсвядома надзяляюцца самымі высокімі маральнымі і інтэлектуальнымі якасцямі.

Жыццё, аднак, паказвае, што часта ўсё бывае не так проста. Варта прыгадаць, што гэтак жа сама ў 2005 годзе многія маліліся на Віктара Юшчанку і Юлію Цімашэнку, а 2014-м — на герояў Еўрамайдану. А пасля ў кароткатэрміновых кумірах ці ўвогуле расчароўваліся, ці пачыналі ставіцца да іх нашмат спакайней, куды больш крытычна. Няма сумневу, што так будзе і ў будучыні. Далёка не кожнаму куміру надзвычайнага часу ўдаецца захаваць сваю рэпутацыю і ў часы спакою.

Ніяк не выпадае пярэчыць, што сёння прэзідэнт Зяленскі — сапраўдны твар і сімвал украінскага супраціву. Да гэтага чалавека найперш прыкаваныя погляды ўсяго цывілізаванага свету, у яго асобе персаналізуюцца ўсе надзеі і чаканні, звязаныя з перамогай святла над цемрай. Ягоныя фота — на вокладках часопісаў усяго свету, ягонае аблічча — нават на пасцельнай бялізне. Як прафесійны акцёр ён да таго ж умее добра падаць і сябе самога, і краіну, якую прадстаўляе.

Адпаведна вобраз Зяленскага падсвядома ідэалізуецца і міфалагізуецца, яму прыпісваюцца нават такія якасці, якімі ён не надта валодае і адзначаецца. Напрыклад, стратэгічнае мысленне на рэгіянальным, еўрапейскім ці нават сусветным узроўні. Аднак насамрэч, здаецца, пры ўсіх несумненных вартасцях акурат такое мысленне для яго не надта ўласцівае.

З выказвання Зяленскага бачна, што ён асабіста па-ранейшаму не бачыць асаблівага патэнцыялу ў беларускім дэмакратычным руху і не лічыць яго сур’ёзным чыннікам, які можа паўплываць на далейшы ход развіцця падзей у рэгіёне і супраца з якім нечага вартая.

Адпаведна, у ягонай галаве дамінуе як дадзенасць уяўленне, што «Беларусь — гэта Лукашэнка», і ад гэтага трэба адштурхоўвацца ды на гэтай аснове будаваць палітыку. Тым больш што яўна адна з найпершых задач, якая цяпер перад украінскай дзяржавай стаіць — не дапусціць непасрэднага ўступлення ў справу беларускай арміі. І для гэтага на ўсялякі выпадак спрабуюць забягаць і перад Лукашэнкам, нават калі ён і практычна страціў суб'ектнасць як самастойная фігура. Бо перад кім яшчэ забягаць у гэтым пытанні? Хто для гэтай арміі прынамсі фармальны галоўнакамандуючы?

Нічога асабліва страшнага ў гэтым няма. Проста Зяленскі тут, паўтаруся, выступае перадусім як тактык, а не стратэг. Ён заклапочаны выключна бягучымі справамі, арганізацыяй абароны краіны, а пасляваеннае ўладкаванне рэгіёна і месца ў ім Беларусі асабліва ім не прадумваецца. Першасная задача цяпер — забіць мядзведзя, а не дзяліць ягоную шкуру. 

Зважаючы на гэта, нам не трэба на гэта асабліва крыўдзіцца ды кідацца ў крайнасці, пераходзячы ад захаплення Зяленскім да непрыязнасці адносна яго ці тым больш нянавісці. Ён такі, які ёсць, і іншым не будзе. І ад ягонага персанальнага погляду на нас і нашу краіну залежыць не так ужо і шмат.

Усё вызначаецца тым, як будуць далей ісці ваенныя дзеянні ва Украіне і ў якой сітуацыі бакі падыдуць да таго, як прыйдзе час заключаць пагадненні аб перамір’і ці нават паўнавартасным міры. А таксама ад таго, наколькі да таго часу лукашэнкаўская Беларусь заангажуецца непасрэдна ў ваенныя дзеянні. І ці скажа ў пэўны, адпаведны гэтаму час сваё важкае слова беларускі народ. Гэта ўсё залежыць не толькі і не столькі ад Зяленскага ды ягонай асабістай пазіцыі, а ад многіх іншых фактараў.

Да таго ж, што б ні гаварыў зараз Зяленскі, ніякай істотнай дапамогі рэжыму Лукашэнкі для яго выжывання Украіна цяпер аказаць не ў сілах, нават калі ў яе кіраўніцтва і ёсць ахвота па тактычных меркаваннях з ім пагуляцца. Лукашэнка цалкам залежны ад Масквы, магчымасці манеўру ён цалкам страціў, таму не мае значэння, усё адно Зяленскаму, што робіцца ўнутры Беларусі, ці не ўсё адно. 

А мае значэнне толькі тое, ці нанясе краіна, якую ўзначальвае Зяленскі, той краіне, васалам якой з’яўляецца Лукашэнка, такую паразу, што ў яе будзе хапаць сілаў толькі на разграбанне ўнутраных праблем, а не на трыманне пад кантролем сферы ўплываў. Тады і ў нас адчыніцца новае акно магчымасцяў.

А пакуль яно не адчынілася, мы мусім падтрымліваць Украіну і ўкраінцаў усімі магчымымі спосабамі незалежна ад выказванняў іх лідараў. Бо ў іх перамозе — і наша будучыня. А сварыцца будзем ужо пасля вайны. Пра што — знойдзецца.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
39
Панылы сорам
8
Ха-ха
17
Ого
2
Сумна
15
Абуральна
5
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930