Знайсці
29.03.2022 / 16:22

Чаму Украіна не бамбіць Беларусь, ці прыменіць Пуцін ядзерную зброю і ці будзе штурм Кіева, распавёў Арастовіч

Падчас вайны з Расіяй Аляксей Арастовіч стаў адным з найвялікшых адкрыццяў для ўкраінскага грамадства ды не толькі для яго. Мільёны ўкраінцаў «падселі» на ягоныя медытатыўныя брыфінгі. Хтосьці называе яго сваім асабістым псіхатэрапеўтам. ВВС пагутарыла з Арастовічам пра сітуацыю на франтах, урокі першага месяца ваенных дзеянняў, «чырвоныя лініі» і пра тое, ці ўцягнуць Беларусь у вайну.

Аляксей Арастовіч. Фота: ВВС

«Рускія падпісалі сваю паразу»

BBC: Пачнём з агульнага: калі б нехта, хто правёў месяц, скажам, на палярнай станцыі, вас спытаў, што адбылося ў мінулым месяцы, што б вы адказалі? Хто каго, умоўна кажучы?

Аляксей Арастовіч: Магу ў адной фразе. Мы — іх.

BBC: Выдатна. Ці можна крыху пашырыць?

АА: Ну, глядзі. Пойдзем чыста па расійскіх крыніцах.

На другі дзень пасля пачатку кампаніі яны просяць дамовіцца. Я добра ведаю гісторыю вайны і не памятаю, каб на другі дзень агрэсар з большымі сіламі прасіў перамоваў. Гэта значыць, што ў першы дзень усё пайшло не так.

Другое: 4 сакавіка збіраецца Савет Федэрацыі, і пытанне, паводле іх афіцыйных крыніц, стаіць аб аб'яўленні ўсеагульнай мабілізацыі. Навошта Расіі на дзясяты дзень вайны ўсеагульная мабілізацыя, калі магутная «другая армія свету» нішчыць усё, а па справаздачах іх Мінабароны «ўсё ідзе па плане»?

Па-трэцяе, яны не прымаюць гэтую ўсеагульную мабілізацыю, а значыць, не кантралююць агульнапалітычную сітуацыю ў самой Расійскай Федэрацыі.

Памятаюць 1917 год, калі мабілізаваныя знялі бацьку-цара, бо не хацелі ісці на фронт. Яны баяцца даваць зброю расійскаму народу.

Чацвёртае: днямі ў Мінабароны РФ заявілі, што ніколі не планавалі захопу буйных украінскіх гарадоў.

Мы, маўляў, з самага пачатку толькі дапамагалі АРДЛА, цяпер усе намаганні пераносім туды. І гэта сапраўды так, бо з Херсона, з Кіеўшчыны, з Харкаўскай вобласці калоны цяпер рухаюцца на Усход. Гэта значыць, яны распісаліся ў сваёй паразе.

Накірункаў, па якіх яны прасоўваліся, было восем, а цяпер два з паловай. На шасці, значыць, паражэнне.

BBC: Даводзілася чуць, што да 9 мая ні на якія кампрамісы ці перамір'і разлічваць не варта, бо ў гэты дзень расіянам важна хоць дзе правесці хоць які парад перамогі над дэнацыфікаванай Украінай…

АА: Планаваць яны могуць усё што заўгодна, але калі да 9 мая апошняга расійскага салдата выспяткамі выганяць нашы фермеры праз паўночную мяжу, забраўшы перад гэтым яго танк трактарам, то ўсё можа пайсці не так.

 «У Марыупаля ёсць задача ўтрымацца»

BBC: Ці ёсць у Марыупаля ўвогуле шанец утрымацца?

АА: Скажам так, у яго ёсць задача ўтрымацца. Марыупаль фактычна ўтрымлівае вялікія сілы праціўніка, якія інакш былі б перакінутыя на іншыя ўчасткі фронту.

І чым даўжэй трымаюцца абаронцы Марыупаля, тым больш шанцаў яны даюць ваеннаму кіраўніцтву краіны, палітычнаму кіраўніцтву і міжнароднай супольнасці прыняць меры, якія, па-першае, абароняць мірнае насельніцтва, а па-другое, зменяць ваенную абстаноўку.

BBC: Але вы неаднаразова казалі, што разблакаваць Марыупаль немагчыма.

АА: На той момант гэта было немагчыма. Але момант мяняецца.

Напрыклад, яны мелі вельмі эфектыўны спосаб дастаўкі войскаў пад Марыупаль і ўмацавання праз порт Бярдзянск. Але пасля таго, як туды прыляцела «Точка-У», гэтаму спосабу дастаўкі прыйшоў канец.

Я не думаю, што яны адновяць пастаўкі праз порт Бярдзянск. Хіба што там пабудуюць магутную супрацьпаветраную абарону, але на гэта патрэбны час. Іншымі словамі, мы вельмі дапамаглі Марыупалю ўтрымацца.

Асноўная праблема ў Марыупалі не ваенная. Мы бачым, што нашы вайскоўцы забілі там шасцярых расійскіх найвышэйшых камандзіраў. Яны дзейнічаюць прафесійна і могуць доўга абараняцца. Там можна заставацца месяцамі. 

Галоўнае пытанне Марыупаля — гэта пытанне мірных жыхароў. Іх трэба адтуль эвакуяваць.

Фота: AP

Там расіяне ўчыняюць ваенныя злачынствы, адпраўляюць людзей у Расію. Мужчын фільтруюць і спрабуюць адправіць у расійскую армію, а жанчыны з дзецьмі аказваюцца у розных Саратавах і Омсках з вельмі цяжкімі ўмовамі і амаль прымусовай працай.

BBC: Давайце вернемся ў Кіеў. У сацыяльных сетках больш за суткі пішуць пра «кацёл», у які трапіла вялізная групоўка расійскіх войскаў у Бучы-Ірпені-Ворзелі, чакаюць там поўнага разгрому групоўкі. З іншага боку, ёсць сведчанні, што расіян адагналі ад Кіева, каб не бамбіць горад з артылерыі. Самі расіяне пішуць, што яны там надзвычай трывала акапаліся і фактычна працягваюць наступ. Можаце сказаць, што робіцца на захадзе і паўночным захадзе ад Кіева?

АА: Адразу скажу: не маюць рацыі ні тыя, ні тыя. Праўда пасярэдзіне. Ніякага расійскага наступу там няма, гэта было б вельмі смешна. Але няма ні аблогі, ні катла, якія б мы зрабілі. Ідуць цяжкія баі.

Справа ў тым, што тут вельмі складаная мясцовасць. Па-першае, гарадская, па-другое, ёсць даліны рэк, яры, лясы. Усё часткова затопленае, часткова замінаванае, непраходнае і гэтак далей.

То-бок ідзе карпатлівая баявая праца. Працуе расійская артылерыя, працуе наша — і мы, і яны нясём страты, тут далёка да пераможных справаздач. 

Іншая справа, што яны перасталі разглядаць кіеўскі напрамак як перспектыўны. Таму рэзервы сюды не кідаюць.

Яны проста перагрупоўваюцца, каб захаваць сітуацыю. Але яны не пакінулі Кіеў, нягледзячы на ​​​​перанос намаганняў на Усход. Яны па-ранейшаму будуць старацца максімальна трымаць сталіцу ў аблозе і трымаць там нашы войскі ў напрузе, каб мы не маглі перакідваць іх у іншыя раёны, на той жа усход.

То-бок сітуацыя тут, я б сказаў, 51 на 49 на нашу карысць. Але гэта не 70 на 30, як паспяшаліся сказаць многія. Таму шапказакідальніцтвам тут займацца не варта. Мы павінны даць цвярозую ацэнку. Наша зброя — праўда.

 BBC: Ці варта чакаць штурму Кіева?

АА: Не. Яны не здольныя і ніколі не змогуць — прынамсі, падчас гэтай кампаніі.

BBC: Нядаўна Пентагон заявіў, што расіяне не цалкам кантралююць Херсон. Вы тады сказалі, што гэта не зусім праўда. Што там адбываецца? Ці ёсць перадумовы для контрнаступлення ўкраінскіх войскаў з боку Мікалаева?

АА: Трэба разумець, што Мікалаеўская вобласць ужо вызваленая. Часткова вызваляецца Херсонская.

Але пераправіцца цераз Дняпро групоўцы, якая зможа вызваліць Херсон, будзе вельмі цяжка. Улічваючы, што шлях расійскай авіяцыі з Крыма вельмі кароткі, гэта будзе знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай авіяўдараў.

Фота: AP

Таму я ўвесь час звяртаюся да нашых гледачоў, якія бачаць бясконца расійскіх палонных або расійскую тэхніку, што усе гэтыя ролікі не азначаюць, што мы перамагаем адной левай — гэта не так. Нашым войскам будзе вельмі цяжка рухацца з правага берага на левы…

З іншага боку, як хто не памятае, два тыдні таму расіяне збіраліся на гэтым напрамку на Адэсу, але нешта пайшло не так.

BBC: Паведамляецца, што пад Чарнігавам быў узарваны ключавы мост, які злучае горад з Кіевам. Мэр кажа, што ён цалкам разбураны, і ёсць асцярогі, што Чарнігаў стане другім Марыупалем.

АА: Яго спрабуюць ператварыць у другі Марыупаль. Адзінае, што ў іх няма сіл узяць Чарнігаў.

Чарнігаў сапраўды знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Але, па-першае, захаваліся шляхі паставак. А па-другое, цывільныя могуць выйсці. То-бок разбурэнне моста не азначае разбурэнне ўсяго.

Чарнігаў супраціўляецца. Там наша ваеннае камандаванне вельмі ўмелае, і я думаю, што Чарнігаў мы ўтрымаем. Але яны зробяць тое ж, што і з Марыупалем. Калі яны не здольныя перамагчы на ​​полі бою, то — тэрорам мірных жыхароў.

BBC: Ці гатовыя ўлады Украіны да таго, што гуманітарная катастрофа, такая, як у Марыупалі, Ізюме і Чарнігаве, якая будзе доўжыцца месяцамі?

АА: Гэта не будзе доўжыцца месяцамі. Расія не будзе трымаць гэтую тэрыторыю месяцамі.

Я думаю, што ў канцы красавіка — пачатку мая ўсё павінна паступова заканчвацца.

Мы не хочам уцягваць Беларусь у вайну супраць Украіны

BBC: Ці варта мець на ўвазе яшчэ і фактар ​ Беларусі?

АА: Не.

BBC: Растлумачце.

АА: Расіяне ўсё патлумачылі. Перанос намаганняў на Усход азначае, у прыватнасці, што яны канчаткова зняверыліся ў магчымасці прыцягнуць Беларусь.

Больш за тое, паводле беларускіх апытанняў, больш за 60% іх салдат і афіцэраў катэгарычна негатыўна ставяцца да «аперацыі» ва Украіне.

BBC: Я вельмі скептычна стаўлюся да ўсіх апытанняў, якія праводзяцца ў Беларусі.

АА: Не-не, гэта не апытанне, гэта даныя нашай выведкі, даныя беларускай апазіцыі.

Цяпер паўстае пытанне: як такое войска кінуць у бой? Што будзе рабіць армія, 60% складу якой не жадае ваяваць? Яна або стане на наш бок, або паверне зброю супраць тых, хто аддаў загад.

BBC: Па законе вайны, калі Беларусь дае сваю тэрыторыю для размяшчэння расійскіх войскаў, якія потым адтуль страляюць, адтуль атакуюць, то яна з'яўляецца ўдзельнікам вайны. Чаму б нам не сказаць, што гэта вайна Украіны супраць Расіі і Беларусі? Больш за тое, многія карыстальнікі сацыяльных сетак пытаюцца: чаму б нам не наносіць удары па вайсковых аб'ектах Беларусі і Расіі?

АА: Усё вельмі проста: таму што Беларусь з'яўляецца пасярэдніцай у перамовах з Расіяй.

Да таго ж, калі мы пачнём наносіць удары, гэта значна павялічыць імавернасць уступлення беларускай арміі ў вайну.

А з пункту гледжання міжнароднага права — так, нават дазвол крылатай ракеце пралятаць праз сваю тэрыторыю — гэта ўжо ўдзел у ваеннай агрэсіі.

І тут Малдова апынулася ў складанай сітуацыі, бо калі расіяне білі па Вінніцы і Явараве, то ракеты з расійскіх стратэгічных бамбавальнікаў ляцелі праз тэрыторыю Малдовы. Вядома, праз тэрыторыю Прыднястроўя, але тым не менш. 

Гэта значыць, фактычна нават Малдова ўступіла ў вайну — яе прымусілі да гэтага расійскія войскі.

Але мы не будзем выстаўляць рахункі Малдове. Мы таксама раздзяляем рэжым Лукашэнкі і беларускі народ, таму мы не хочам уцягваць Беларусь у вайну супраць Украіны.

BBC: Чаму Украіна не наносіць удары па ваенных аб'ектах у Расіі? Ва Узброеных сіл такой магчымасці няма?

АА: Магчымасць ёсць. Але гэта будзе вялізным аргументам для тых, хто кажа, што ўкраінцы — агрэсары. Навошта іх матываваць?

«У такім выпадку яго застрэляць уласныя ахоўнікі»

 BBC: Я хацеў спытаць пра Гастомельскі дэсант…

АА: Гэта расійскі спосаб барацьбы. Шокавы ўдар авіяцыяй, артылерыяй, крылатымі ракетамі, дэсант спецназа, так каб усе: «Ой! Ён ужо тут!»

Мала хто ведае, але другі дэсант пасля Гастомеля павінен быў быць непасрэдна на офіс прэзідэнта. Мы тут усе былі гатовыя да сустрэчы.

Бо мы ўжо дакладна ведалі, што яны селі ў Беларусі, іх будуць перакідваць. 

Але паколькі Гастомель трымаўся, яны перакінулі дапамогу туды.

Вы ўяўляеце сабе высадку дэсанту на офіс прэзідэнта, які б быў шок? Яны разлічвалі на гэты шок. І дыверсанты, якія хадзілі па гарадах, і гэтыя спробы ўехаць на Абалонь на пяці машынах — гэта ўсё, каб была паніка, каб мы сядзелі і не супраціўляліся, каб усё кіраўніцтва разбеглася.

І гэта, дарэчы, вельмі эфектыўна. Таму што калі б у нас была такая цэнтралізаваная ўлада, як у іх, яна была б паралізаваная. 

Але ў нас «бардак» — вечны майдан і Гуляйполе, мы проста не ведалі, што трэба панікаваць, а хлопцы з Абалонскай тэрабароны і наш спецназ расстралялі іх там на месцы. 

Гэта значыць, яны ўсё правільна разлічылі і дзейнічалі так, каб у іх атрымалася. Больш за тое, калі б яны мелі справу з такой жа дзяржавай, як і Расія, цэнтралізаванай, яны б на 90% дасягнулі поспеху. Яны проста не на тую дзяржаву напалі.

 BBC: Калі казаць пра «чырвоныя лініі», то цяпер гэтая лінія называецца прымяненне хімічнай або ядзернай зброі. Як вы думаеце, яна будзе перакрочаная?

АА: То-бок людзі, якія баяліся аб’явіць усеагульную мабілізацыю, паставяць Расію на мяжу ядзернай вайны?

BBC: У Пуціна, здаецца, калісьці была фраза, што загнаны ў кут пацук кідаецца ў тры разы больш шалёна.

АА: Але ён не такі пацук. 

Гэта чалавек, які робіць прыгожы манікюр, які сядзіць у 20 метрах ад суразмоўцы і ўсяго баіцца, які будуе палацы і яхты і заводзіць каханак не для таго, каб загінуць у полымі ядзернай вайны. 

Людзі, якія пабаяліся абвясціць усеагульную мабілізацыю, таму што сацыяльная сітуацыя ў Расіі магла змяніцца непрадказальна, ніколі не паставяць людзей, якім баяліся аддаць аўтаматы, пад пагрозу ядзернай вайны.

У такім выпадку яго застрэляць уласныя ахоўнікі — вельмі вялікая верагоднасць.

Што да хімічнай зброі, то трэба разумець — яна ніякая з ваеннага пункту гледжання. Яна была эфектыўнай толькі ў Першую сусветную вайну, калі раптам была ужытая ўпершыню і ніхто не ведаў, як з ёй змагацца.

Як толькі з'явіліся супрацьгазы, яе перасталі выкарыстоўваць. У Другую сусветную вайну яе наогул не выкарыстоўвалі, хоць запасы былі.

Так, яе выкарыстоўвалі ў Сірыі, загінула 1300 чалавек. Але гаворка ідзе пра мірнае насельніцтва. 

А ў нас ёсць заява Байдэна, які сказаў, што NATO ўмяшаецца ў выпадку выкарыстання хімічнай зброі.

А цяпер думаем: а што будзе, калі гэтыя ідыёты ўсё ж прымяняюць хімічную зброю і ўмяшаецца НАТА?

Яны, зразумела, самагубцы, гэта ўжо вядома, але не ў такой ступені.

«Глупства або здрада, магчыма, і тое і другое». Як здалі Херсон

Масква пачынае рыхтаваць расіян да таго, што «мы перамаглі, можна спыняцца». Што гэта азначае для Украіны і рэгіёна

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30