Знайсці
07.04.2022 / 20:40РусŁacБел

«Пуцін робіць правільна. А ў вас мала турмаў». Беларус, які з’ехаў у Крым, расказвае пра сваё жыццё і стаўленне да вайны 

Уладзіславу 43 гады. У 2019-м ён разам з сям’ёй пераехаў з Гомеля ў Севастопаль. У Беларусі большую частку жыцця мужчына працаваў юрыстам, а ў Крыме стаў экскурсаводам. Уладзіслаў расказаў «Нашай Ніве», як яму там жывецца і як ён ставіцца да падзей ва Украіне і Беларусі.

Фота: асабісты архіў

«У Заходнім Крыме можна купіць дом з падведзенымі газам і вадой за 10 тысяч даляраў»

«У пэўным узросце ў большасці людзей узнікае жаданне нешта памяняць. У мяне таксама. Гэта першая прычына, чаму я вырашыў пераехаць. Другая — клімат. Хацелася паехаць да мора, у цяпло. Крым мне быў добра знаёмы. Мы ездзілі сюды да 2014 года адпачываць. Альтэрнатыўны варыянт, які ў нас быў, — з'ехаць у ЗША. Там сваякі жывуць. Але туды патрапіць складана, цяжка з легалізацыяй. Вырашылі ехаць у Крым», — кажа Уладзіслаў. 

На пытанне, ці не бянтэжыла яго пры пераездзе, што Крым быў анэксаваны Расіяй, мужчына адказвае, што не згодзен з такой фармулёўкай. Падзеі, якія адбыліся з Крымам, наадварот паўплывалі на тое, каб ён туды пераехаў. 

«Калі б Крым быў украінскім, я б не вырашыўся з’язджаць. Я часта бываў ва Украіне і да 2014 года, і пасля. Стаўленне да рускай мовы мянялася. Гэта было заўважна. Вучыць украінскую я не хацеў.

Адна з прычын, чаму я не з'ехаў у іншую краіну, — веданне замежнай мовы. Я бачыў, як людзі ў Кіеве на мяне глядзелі, калі я пачынаў размаўляць на рускай. Мяне такое стаўленне не задавальняла. Ва Украіну з такім падыходам я жыць бы не паехаў ніколі. Тое, што Крым стаў расійскім, я ўспрыняў станоўча», — кажа мужчына.

«У Заходнім Крыме можна купіць дом з падведзенымі газам і вадой за 10 тысяч даляраў»

Колькі каштуе жыццё ў Севастопалі? Уладзіслаў расказвае пра цэны на арэнду. За чатырохпакаёвую кватэру з відам на мора сям’я плаціць 230 даляраў. 

«Хаця за гэтыя ж грошы можна ў Севастопалі здымаць і аднапакаёвую, — кажа ён. — Ёсць людзі, якія жывуць у такіх жа кватэрах, але плацяць у два разы больш. Жытла тут хапае, складана знайсці па кошце той варыянт, які задавальняе. Да гэтага мы здымалі двухпакаёвую кватэру за 200 даляраў таксама з відам на мора. У цэлым цэны ў Севастопалі вышэйшыя, чым у астатніх гарадах.

У Заходнім Крыме можна купіць дом з падведзенымі газам і вадой за 10 тысяч даляраў. Гэта з нармальным рамонтам і ўчасткам зямлі. У Севастопалі толькі сам участак будзе каштаваць не менш за 20 тысяч даляраў. Калі казаць пра кватэры, то ў новабудоўлі аднапакаёўку можна ўзяць ад 40 тысяч даляраў. Квадратны метр тут каштуе каля тысячы. Далей цана будзе залежаць ад месца размяшчэння. Чым бліжэй да мора, тым даражэй.

Мы параўноўвалі кошты з мінскімі па цане за квадратны метр, у Беларусі нават даражэй у некаторых выпадках бывае. У 2019 годзе, калі мы толькі прыехалі, нам прапаноўвалі за 36 тысяч даляраў двухпакаёвую кватэру ў хрушчоўцы на беразе мора. Тады на руках у нас не было такіх грошай, не купілі».

«У Беларусі амаль на 80 працэнтаў даражэй некаторыя прадукты, чым у Крыме»

Цэны на прадукты ў Севастопалі залежаць ад вытворцы. Калі параўноўваць з беларускімі цэнамі, то садавіна, сокі, рыба і свініна лічацца недарагімі.

Фота: асабісты архіў

«Вараную кілбасу можна купіць за 5 рублёў (у пераліку на беларускія), а ёсць варыянт і за 20. Дарэчы, брэсцкая тут каштуе 20 рублёў. У Беларусі таннейшая малочная прадукцыя, гародніна.

Рыбу можна купіць за 2,50 рубля за кілаграм. Малако самае таннае каштуе 1,65 рубля, хлеб — 1,41, масла — 5,76, мука — 2,81 рубля. Памятаю, як мы год таму прыязджалі ў Беларусь. Былі ў шоку ад цэн. У Беларусі амаль на 80 працэнтаў даражэй некаторыя прадукты, чым у Крыме. Нават бензін у Мінску больш каштуе, чым у Севастопалі», — дзеліцца мужчына.

Зарабляе Уладзіслаў у залежнасці ад колькасці замоўленых у яго экскурсій. Акладу ў яго няма.

«Звычайная экскурсія ў мяне каштуе 60 рублёў. Бывае, што за дзень іх можа быць сем-восем, а ёсць дні, калі адна ці дзве. Мая жонка працуе настаўніцай хіміі і біялогіі ў школе. Да гэтага ў Беларусі яна была ў медыцыне, потым атрымала адукацыю настаўніка.

Прыйшла ў школу ў Крыме з нулявым стажам, гэта значыць, што ніякіх надбавак у яе не было. Яна атрымлівала 1400 рублёў. Той жа самы звычайны настаўнік у Гомелі атрымліваў не больш за 600-700 рублёў у месяц на той час. Розніца амаль у два разы. Сярэдні заробак увогуле ў Крыме 1360 рублёў», — прыводзіць лічбы ён.

Фота: асабісты архіў 

«Кіраўнік дзяржавы прыняў такое рашэнне. Значыць, гэта правільна»

Уладзіслаў лічыць, што цяпер ідзе «спецаперацыя».

«Калі адкінуць эмоцыі, палітычныя перакананні, слова «вайна» вызначана ў міжнародным праве. Калі яна аб'яўляецца іншай дзяржаве, адбываюцца пэўныя юрыдычныя падзеі.

Пры уступленні ў фазу менавіта вайны выдаюцца дакументы. У дадзеным выпадку, як з боку Расійскай Федэрацыі, так і з боку Украіны не было ніводнага дакумента аб пачатку вайны. Як юрыст, я лічу гэта спецаперацыяй. Нейкіх змяненнеў у нас, у Крыме, пасля пачатку спецаперацыі я не заўважыў,

— дзеліцца ён. — Я вас не збіраюся ні ў чым пераконваць. У вас свае погляды. Калі праходзіла спецаперацыя ў Сірыі, якую праводзілі ЗША, яны аб'яўлялі вайну Сірыі? Не. А ў Афганістане? Таксама не. Калі мы зараз прыбярэм эмоцыі, то ўбачым сусветную практыку вырашэння якіх-небудзь пытанняў. Пуцін гэта робіць ці не — якая розніца? Я параўноўваю гэта з іншымі аналагічнымі падзеямі. Калі б афіцыйна гэта прызналі вайной, дык былі б зусім іншыя юрыдычныя наступствы. Можна казаць усё, што заўгодна, але ёсць дакументы».

Увогуле мужчына вельмі станоўча ставіцца да того, што Расія пачала «спецаперацыю» ва Украіне. Такое стаўленне ён тлумачыць тым, што «ўзнікла нейкая сітуацыя, на якую адрэагаваў прэзідэнт Расіі». 

«Мяркую, што гэта было правільна. Ёсць тое, што мы з вамі чуем і бачым. Вось нават вы — у вас сфарміравана сваё асабістае меркаванне ў залежнасці ад таго, з кім вы размаўлялі. Але з іншым бокам вы не размаўлялі.

Кіраўнік дзяржавы прыняў такое рашэнне, палічыў яго правільным, грамадзяне яго падтрымалі. Значыць, гэта правільна. Я ўвогуле лічу, што атрымаць у СМІ аб'ектыўную інфармацыю нельга. Для гэтага вам трэба прыехаць на месца, пажыць і тады ў вас складзецца меркаванне», — кажа ён.

Уладзіслаў неаднарозова падкрэслівае: ён упэўнены ў тым, што такая «сітуацыя», якая патрабавала «спецаперацыі», была. Ён цалкам давярае Пуціну. 

«Ёсць у дзяржаве інфармацыя пад грыфам «сакрэтна». Ні вы, ні я, акрамя кола асоб, якія маюць доступ да такой інфармацыі, не ведаем усяго, што адбываецца на самой справе.

Калі нешта пагражае нацыянальнай бяспецы краіны, прэзідэнт павінен выканаць дзеянні для таго, каб дзяржава ёй не падверглася або прайшла з мінімальнымі стратамі. Калі Пуцін аддаў такі загад — значыць, у гэтым была патрэба».

«Я скажу, што нехта ў кагосьці стрэліў, калі ўбачу рашэнне суда, дзе будзе трасалагічная экспертыза» 

На аргумент журналісткі аб тым, што яна асабіста знаходзілася ва Украіне падчас пачатку вайны і бачыла, што страляюць рускія вайскоўцы, у мужчыны таксама знаходзяцца тлумачэнні. 

«Адкуль у вас такая ўпэўненасць? Была праведзена экспертыза, расследаванне? Як вы зразумелі, што яны рускія? На форму сцяжок можна прышыць, а на тэхніцы напісаць нейкія літары. Я тут маю зносіны з людзьмі з Данецка, Луганска, і яны мне расказваюць, што адбывалася ў гэтых гарадах у 2014 годзе. Я не буду з вамі спрачацца. Колькі людзей, столькі і меркаванняў.

Я скажу, што нехта ў кагосьці стрэліў, калі я ўбачу адпаведныя дакументы, напрыклад, рашэнне суда, дзе будзе трасалагічная экспертыза. А пакуль гэта проста вашы словы.

Давайце я вам прывяду прыклад па Беларусі. Успомнім апошнія выбары Лукашэнкі. Вы ведаеце, што ёсць дзве версіі: перамог ён ці Ціханоўская. Скажыце мне, калі ласка, на сёння мы можам убачыць з вамі або з таго, або з іншага боку аб'ектыўныя дакументы? Не. Адпаведна мы павінны зрабіць унутраны выбар. Вы яго зрабілі для сябе.

Фота: асабісты архіў

Я лічу, што ўлада, якая зараз ёсць у Беларусі, аб'ектыўна перамагла на выбарах. Людзі, якія выйшлі на пратэсты, былі ў сваёй меншасці. Паведамлялі ж, што іх было не больш за мільён па ўсіх гарадах. Сыходзячы з гэтага, я лічу, што прэзідэнт легітымны. Нават калі б выйшла 49 адсоткаў, то гэта не 51.

Ёсць чалавек, які парушыў дзейнае заканадаўства, за гэта ён быў арыштаваны. Я не бачу ніякіх тут праблем. Вы адкрыйце закон аб абавязках і правах супрацоўнікаў унутраных спраў. Там напісана, што з'яўляецца супрацівам супрацоўніку міліцыі. Калі ў яго кінулі камень, то гэта трэба спыніць», — разважае ён. 

«Тое, што вас было 15 чалавек у камеры, гэта ж не віна дзяржавы. Віна, мусіць, толькі ў тым, што ў Беларусі мала турмаў»

Мужчына таксама упэўнены, што катаванняў на Акрэсціна і ў іншых ізалятарах не было. Задае пытанне: «І што там такога жахлівага было? Раскажыце». Журналістка прывяла факты, у якіх яна пераканалася на асабістым вопыце. Напрыклад, тое, што ў двухмеснай камеры знаходзілася 15 чалавек. 

«Прабачце, я з вамі не пагаджуся наконт катаванняў людзей. Калі заўтра ў Беларусі аб'явяць, што трэба пабудаваць дваццаць турмаў, насельніцтва ўспрыме гэта негатыўна, бо гэта грошы з бюджэту. А ўзровень злачыннасці ў Беларусі не такі высокі.

Тое, што вас было 15 чалавек у камеры, гэта ж не віна дзяржавы. Віна, мусіць, толькі ў тым, што ў Беларусі мала турмаў. Усім не хапіла месцаў, якія мусяць быць па санітарных нормах. Тады ў мяне іншае пытанне. Куды вас трэба было дзяваць?

Дрэнна, вядома, што вас не выпускалі на вуліцу і не вадзілі ў душ. Проста я аб'ектыўна не магу ацаніць, я там не быў. Значыць, правілы ўнутранага распарадку былі парушаны. У вашым выпадку гэтыя нормы не былі выкананы. Вы там апынуліся чаму? Калі вы выконвалі свае прафесійныя абавязкі, то ў вас мусіла быць схема дзеянняў. Калі вас затрымалі, значыць вы парушылі дзейнае заканадаўства. Калі б вы сядзелі дома, не выходзілі на вуліцу, вас не затрымалі б. Вы знаходзіліся не ў тым месцы і не ў той час», — запэўнівае мужчына.

Разам з тым Уладзіслаў лічыць, што супрацоўнікі ізалятараў, якія парушылі правілы ўтрымання павінны быць прыцягнуты да адказнасці. І шкадуе, што вінаватых не пакаралі.

«Калі былі такія парушэнні ў адносінах да вас, гэта дрэнна, — кажа ён. — 

Але што мне зрабіць? Выбегчы на вуліцу і крычаць аб гэтым? Я не бачу ў гэтым сэнсу. Я магу прывесці свой прыклад. У супрацоўніка міліцыі кінулі камень, я б гэтаму чалавеку за такое руку адсек. Пагражаць жыццю, абражаць нельга».

Размаўляць з Уладзіславам аб тым, што адбываецца ў Беларусі і Украіне можна было б доўга. І ўсё ж вярнуліся да тэмы Крыма. Мужчына сказаў, што зараз яго поўнасцю задавальняе яго жыццё.

«Я меў дзве мэты, калі ехаў сюды, — змяніць клімат і сферу дзейнасці. Я тут знайшоў гэта. Ёсць знаёмыя, якія прыязджаюць сюды і праз месяц з'язджаюць. Некаторыя застаюцца назаўжды. Маё жыццё змянілася поўнасцю. Я тут зрабіў тое, што хацеў. Нельга сказаць, што стала лепш ці горш. Па-іншаму, вось так», — падсумоўвае ён.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама: 

«Знялі трохпакаёўку за 550 даляраў». Беларусы, якія пераехалі ва Узбекістан, расказваюць пра жыццё там

«У Мінску ў нас часта снедалі Знак і Калеснікава». Як беларус адкрыў кафэ ў Вільні

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера