Знайсці
13.04.2022 / 21:00РусŁacБел

Беларуска атрымала прэстыжную шведскую прэмію

Гродзенку Алесю Руднік узнагародзілі прэміяй «Еўрапеец года 2022». Яна атрымала за барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі і Усходняй Еўропе. Пра гэта паведаміў Шведскі еўрапейскі рух (Svenska Europarörelsen). Раней гэтую прэмію атрымлівалі вядомыя шведскія палітыкі, як Карл Більд або Маргот Вальстром ці актывісты, як, напрыклад, сусветна вядомая Грэта Тунберг.

Алеся Руднік. Крыніца: venskaeuroparorelsen.se

Прэмію «Еўрапеец года» заснаваў у 1995 годзе Шведскі еўрапейскі рух. Яе ўручаюць асобам, якія маюць сталыя сувязі са Швецыяй і якія ўнеслі ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж народамі Еўропы для ўмацавання міру і свабоды, культурнага ўзаемаразумення і сацыяльнай згуртаванасці.

Алеся Руднік — былая старшыня арганізацыі грамадскай суполкі «Беларусы Швецыі», якая выступае за дэмакратычную Беларусь. Дактарантка Карльстадскага ўніверсітэта, даследчыца Цэнтра новых ідэй. Даследуе лічбавую палітыку ў аўтакратыях і яе ўплыў на дэмакратызацыю, уключаючы мабілізацыю праз сацыяльныя сеткі.

Сама Алеся ў каментары для выдання hrodna.life адзначыла, што не адчувае гэтую ўзнагароду сваёй. Яна лічыць, што яна агульная і належыць беларусам Швецыі, беларускім дыяспарам свету і беларусам, якія змагаюцца за дэмакратыю.

«У такі час асабліва ганарова атрымаць узнагароду, бо менавіта зараз важна, каб міжнародная супольнасць заўважала дзейнасць беларусаў, адрозную ад дзейнасці ўладаў. Менавіта зараз варта падкрэсліваць розніцу ўладаў і беларусаў», — сказала Алеся.

Падобная аргументацыя, дарэчы, і ў тых, хто прэмію прысуджаў. «Журы сёлетняй прэміі жадае вылучыць усіх, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь. Асабліва гэта актуальна ў той час, калі краіна часта асацыюецца з вайной Расіі супраць Украіны. Мы спадзяемся, што ўсведамленне творчасці Алесі і беларускай дыяспары можа стварыць больш надзеі і прызнання для ўсіх, хто працуе на карысць вольнай і дэмакратычнай Беларусі», — напісана на старонцы арганізацыі Europarörelsen.

Лаўрэатка не ведае, колькі кандыдатаў прэтэндавалі на ўзнагароду. Гэта не публічная інфармацыя.

«Ведаю толькі, што намінацыі збіралі з 3 лютага па 6 сакавіка. Не ведаю дагэтуль, хто менавіта мяне намінаваў, бо журы гэтую інфармацыю не раскрыла. Але ведаю, што намінацыі на мяне прыйшлі ад некалькіх людзей», — распавяла Руднік.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 9 траўня 2022 года.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930