Знайсці
17.04.2022 / 14:09РусŁacБел

«єБайрактар». Як «дзяржава ў смартфоне» дапамагла ўкраінцам вытрымаць удар Расіі 

Канцэпцыя «дзяржавы ў смартфоне» была адным з галоўных фетышаў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага да пачатку поўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайны. І ў гэтай сферы Украіна дасягнула поспехаў, правёўшы лічбавізацыю шматлікіх дзяржаўных паслуг і сэрвісаў. Флагманам канцэпцыі «дзяржава ў смартфоне» стала мабільная праграма «Дія». Напрыклад, Украіна стала першай краінай у свеце, дзе электронныя пашпарты сталі паўнавартаснымі юрыдычнымі дакументамі. Праз дадатак украінцы атрымлівалі сертыфікаты вакцынацыі і грашовую дапамогу ад дзяржавы. Але «Дія» аказалася карыснай не толькі ў мірныя часы, але і ў ваенныя. З дапамогай сэрвісу ўкраінцы працягваюць атрымліваць дзяржаўныя паслугі, нават ва ўмовах вайны і акупацыі. Расказваем, як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць украінскай дзяржаве ва ўмовах вайны не проста выстаяць, але і эфектыўна ваяваць.

Як працавала «Дія» ў мірныя часы? 

Стварэнне «дзяржавы ў смартфоне» было адной з перадвыбарчых абяцанак Уладзіміра Зяленскага. У пачатку 2020 года ён прэзентаваў грамадскасці мабільны дадатак «Дія». Цікава, што распрацоўвала яго кампанія з беларускімі каранямі — EPAM. З яе дапамогай украінцы атрымалі доступ да дзясяткаў дзяржаўных паслуг.

Украінцам праз «Дію» даступныя лічбавыя пашпарты грамадзяніна Украіны, пасведчанні аб нараджэнні, рэгістрацыі транспартнага сродку, правы кіроўцы. 

У дадатку час ад часу з’яўляюцца ўсё новыя і новыя паслугі. Напрыклад, студэнты любых украінскіх ВНУ могуць згенераваць электронны студэнцкі білет.

Праз «Дію» за некалькі клікаў можна стаць прадпрымальнікам, аформіць даведку аб несудзімасці, дапамогу пры нараджэнні дзіцяці, падаць пазоў у суд або атрымаць паслугі, звязаныя з дакументамі кіроўцы, заплаціць мыта за аўто, аформіць шэраг ліцэнзій, дазволаў або атрымаць выпіскі з рэестраў, нават падаць заяву на рэгістрацыю шлюбу.

«Дія» дае магчымасць кожнаму ўбачыць, што ведае пра грамадзяніна ўкраінская дзяржава (аўто / тэхпашпарт / зямля / нерухомасць); магчымасць атрымаць статус / дапамогу па беспрацоўі. Праз праграму можна атрымаць прапіску, аплаціць штрафы, падаць справаздачы аб выплаце падаткаў. Беларускаму «аднаму акну» і не снілася. 

Ва Украіне запусцілі єМалятко — сэрвіс для бацькоў нованароджаных, які аб’ядноўвае 10 дзяржаўных паслуг, звязаных з нараджэннем дзіцяці, у адну.

Таксама стварылі сістэму E-Health, праз якую ўкраінцы могуць падпісаць дэкларацыю з сямейным доктарам, атрымаць лекі па рэцэптах, пайсці па накіраванні да вузкага спецыяліста.

Дайшло нават да таго, што Зяленскі заявіў: наступныя прэзідэнцкія выбары могуць адбыцца ў інтэрнэце.

Як «Дія» дапамагае дзяржаве выстаяць ва ўмовах вайны?

З пачаткам актыўнай фазы расійска-ўкраінскай вайны на ваенныя рэйкі перастроілася не толькі дзяржава, але і «Дія».

У прыватнасці, праз «Дію» ўкраінцы пачалі збіраць грошы на армію. Сродкі паступаюць у фонд «Повернись живим», які закупляе і перадае ўсё неабходнае украінскім байцам. Зрабіць данаты праз «Дію» можна за некалькі клікаў.

На 10 красавіка за грошы, пералічаныя праз «Дію», фонд закупіў для войска: 2793 квадракоптары, 11 ваенных беспілотных авіяцыйных комплексаў, 1703 генератары, 72 аўтамабілі, 2197 адзінак абсталявання (маніторы, камп’ютары, прынтары і іншая аргтэхніка), 1391 ноўтбук, 2783 смартфоны і планшэты для артылерыстаў, 12206 бронекамізэлек, 5660 шлемаў, 12666 сродкаў сувязі, 3782 адзінкі цеплавізійнай і дзённай оптыкі і 309 адзінак сапёрнага абсталявання.

Таксама з дапамогай праграмы можна паведаміць украінскім уладам пра атаку ворага з паветра. Існуе спецыяльны чат-бот «Щось летить», у які можна аўтарызавацца толькі праз праграму «Дія».

Чат-бот «Щось летить» стварылі спецыяльна для ўкраінцаў, якія хочуць дапамагчы сілам СПА, але ведаюць, што нельга выкладваць у сацсеткі фоты і відэа падазроных аб'ектаў да таго, як пра гэта паведамілі афіцыйныя крыніцы.

Чат-бот працуе наступным чынам. Грамадзянін, які пабачыў у небе варожы аб’ект, заходзіць у тэлеграм і аўтарызуецца праз «Дію». Потым ён праз меню называе тып падазронага аб’екта (ракета, самалёт ці беспілотнік). Далей бот прапануе падзяліцца сваёй геалакацыяй. Спецыяльна навучаныя людзі апрацоўваюць атрыманую інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу.

Яшчэ адзін карысны сэрвіс — чат-бот «єВорог», які таксама працуе з аўтарызацыяй праз дадатак «Дія». Туды можна паведаміць аб акупантах, якія маюць дачыненне да злачынстваў у Бучы, Ірпені і Гастомелі. Напрыклад, туды можна прыслаць фота, відэа ці кадры з сістэмы відэаназірання з расійскімі вайскоўцамі, што ўчынілі ваенныя злачынствы на Кіеўшчыне. Таксама праз гэты чат-бот можна паведаміць уладам пра размяшчэнне акупантаў і расійскай тэхнікі.

З-за расійскага ўварвання многія ўкраінцы ў розных гарадах засталіся без дамоў. Расіяне знішчылі тысячы жылых дамоў, сотні прадпрыемстваў, школ і бальніц. Украінская дзяржава абяцае іх адбудаваць. І каб такую дапамогу атрымаць, у праграме «Дія» можна паведаміць аб пашкоджанай або знішчанай маёмасці. Гэта дапаможа ацаніць страты, каб пазней іх кампенсаваць. Падаць заяўку аб пашкоджанай маёмасці могуць грамадзяне Украіны, у якіх з 24 лютага былі пашкоджаны: прыватны дом (сядзібны, дачны і садовы), кватэра, іншае жылое памяшканне.

Украіна таксама анансавала праграму дапамогі ўкраінцам, якія вымушана пакінулі свае дамы праз баявыя дзеянні. Працаваць гэта будзе таксама праз праграму «Дія».

Уладальнікі жылля, якія бясплатна пасялілі ў сваіх дамах перасяленцаў, будуць атрымліваць па 450 грыўняў (15 даляраў) на месяц за кожнага на кампенсацыю камунальных паслуг. Дзяржава выплаціць кожнаму перасяленцу ва Украіне штомесячную мінімальную дапамогу ў памеры 2 тысячы грыўняў (68 даляраў), пры гэтым выплата на кожнае дзіця складзе 3 тысячы грыўняў (103 даляры).

Працадаўцы, якія працаўладкуюць вымушаных перасяленцаў, атрымаюць па 6,5 тысячы грыўняў (222 даляры) за кожнага такога работніка. Таксама па 6,5 тысячы грыўняў разава атрымалі людзі, якія праз ваенныя дзеянні страцілі працу.

Вымушаныя перасяленцы змогуць станавіцца на ўлік праз партал «Дія».

Праз вайну ў некаторых акупаваных і прыфрантавых рэгіёнах Украіны спынілася навучанне. Да канца незразумела, ці змогуць дзяржаўныя органы Украіны бесперабойна выдаваць атэстаты і дыпломы ўкраінскім навучэнцам і студэнтам. І вось тут якраз можа дапамагчы «Дія». Старшыня Камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях адукацыі, навукі і інавацый Сяргей Бабак выступае за тое, каб атэстаты і дыпломы выдаваліся праз дадатак «Дія». Гэта было б вельмі зручна для тых, хто знаходзіцца ў эвакуацыі ці за мяжой.

Яшчэ ў планах украінскіх уладаў запуск у праграме «Дія» электроннага пасведчання ветэрана баявых дзеянняў, а таксама запуск асобнага дадатка «е-Ветеран» для асучаснівання і лічбавізацыі паслуг для ветэранаў вайны, членаў іх сем'яў і сем'яў загінуўшых.

На акупаваных тэрыторыях расіяне свядома адключаюць украінскае радыё і тэлебачанне і запускаюць свае прапагандысцкія каналы. Часам расіяне б’юць крылатымі ракетамі па тэлевышках і па далёкіх ад лініі фронту гарадах Украіны, каб спыніць вяшчанне ўкраінскіх тэлеканалаў. Для таго каб украінцы працягвалі атрымліваць аператыўную інфармацыю нават ва ўмовах вайны, у праграме «Дія» пасля пачатку вайны запусцілі вяшчанне ўкраінскага радыё і тэлебачання.

Многія ўкраінцы, якія вымушана пакідалі свае дамы, беглі ад вайны без дакументаў. Каб спрасціць жыццё такім людзям, у дадатку з’явіўся «єДокумент». Гэта часовае лічбавае пасведчанне, у якім ёсць пашпартныя звесткі, фота і падатковы нумар. Пасведчанне прызнаюць як афіцыйны дакумент органы ўлады, паліцыя і вайскоўцы на блокпастах.

Акрамя сур’ёзных рэчаў, распрацоўшчыкі праграмы падрыхтавалі і цікавы бонус. Ён асабліва спадабаецца людзям, якія хочуць крыху адцягнуцца і супакоіць нервы. У праграму дадалі паўнавартасную мабільную гульню. У карыстальнікаў ёсць магчымасць уявіць сябе ў ролі аператара беспілотніка «Байрактар», утрымліваючы блокпост і знішчаючы расійскую тэхніку. 

Усе гэтыя лічбавыя магчымасці з'явіліся ў украінцаў пасля таго, як адпаведны курс на лічбавізацыю дзяржавы ўзяло вышэйшае кіраўніцтва краіны. За рэалізацыю гэтай палітыкі адказвае Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны, якім кіруе малады і харызматычны візіянер Міхаіл Фёдараў.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

ММ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
61
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930