Знайсці
23.04.2022 / 11:58РусŁacБел

Што паглядзець. «Кульгавыя коні» — незвычайны брытанскі серыял пра шпіёнаў-няўдачнікаў

Якімі вы прывыклі бачыць шпіёнаў у фільмах? Напэўна, бравымі героямі з найноўшай тэхнікай, якія дэманструюць цуды ў баявых майстэрствах і заўсёды перамагаюць зло. У серыяле, які вам прапануем сёння, на шпіёнаў глядзяць зусім з іншага боку — але ж відовішча ад гэтага атрымліваецца не менш цікавае.

Тут і далей — кадры з серыяла. Крыніца: kino.mail.ru

Назву серыяла Slow Horses з англійскай мовы перакладаюць па-рознаму — і як «Павольныя коні», і як «Кульгавыя коні». У любым выпадку, гаворка пра тых, на каго больш ніхто не ставіць.

У брытанскай разведцы такімі персанажамі аказаліся супрацоўнікі аднаго з падраздзяленняў МІ5, празванага «дрыгвой» — бо там можна загрузнуць надоўга. Гэта спецыяльны аддзел, куды накіроўваюць агентаў, якія нарабілі сур’ёзных памылак. Там ім не свеціць ніякага развіцця, а сярод самых цікавых працоўных задач — сартаванне смецця падазронай асобы.

Кіруе гэтай «прадуктыўнай» камандай Джэксан Лам — таленавіты ў мінулым шпіён, чыя кар’ера пайшла на спад праз яго запальчывы характар. Часам здаецца, што асноўная задача Лама — не накіроўваць працу падначаленых у эфектыўны кірунак, а сачыць за тым, каб агенты-няўдачнікі не праявілі сябе занадта актыўна, а можа, ён і ўвогуле таемна спадзяецца, што праз расчараванне ў працы яны звольняцца.

Адным з такіх агентаў аказваецца Рывер Картрайт, які трапіў у Слоў-Хаўс пасля праваленага вучэбнага задання і затрымаўся там на шмат месяцаў. Сумную гісторыю яго правалу вам распавядуць у пачатку фільма, і гэта будзе адна з самых дынамічных яго частак — але набярыцеся цярпення, бо з цягам часу напружаны настрой «Кульгавых коней» вас зацягне.

Тым больш што, як аказалася, нават адкідам выведкі часам удаецца даказаць, што яны чагосьці вартыя, галоўнае — быць гатовымі выканаць сваю справу, у гэтым выпадку — выратаваць краіну ад тэрарыстычнага акту. Праўда, для гэтага Картрайт вымушаны прадзірацца праз кілаграмы смецця невядомага журналіста, не ведаючы, што ж ён там шукае. Вось яна, іронія жыцця: ад мараў пра кар’еру суперагента — да сартавання смецця, і праз яе — да выратавання нацыі ад вялікай пагрозы.

Ёсць у фільме дробязі, што, напэўна, спадабаюцца эстэтам. Напрыклад, галоўную песню да серыяла выконвае Мік Джагер, а саміх «Кульгавых коней» здымалі ў Лондане.

Уладальнік «Оскара» Гэры Олдман у ролі Джэксана Лама не расчароўвае (як і іншыя акцёры): ён стварае яркі вобраз неахайнага і эксцэнтрычнага былога агента, за дзівацтвам якога хаваецца вялікі талент.

Сюжэт серыяла добра прапісаны: ён непрадказальны, але ў той жа час і не настолькі заблытаны, каб просты глядач не мог з ім справіцца без тлумачэнняў.

Усё гэта разам дае нам серыял высокай якасці, які здольны зрабіць вашыя вечары больш прыемнымі. І не забывайцеся, што гэта брытанская стужка — то бок без тонкага гумару (часам на мяжы з цынізмам) тут таксама не абышлося.

Рэйтынгі на замежных рэсурсах

IMDB — 7,8 / 10,

Rotten Tomatoes — 94%.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Што паглядзець. «Праект «Адам» — падарожжы ў часе, зорны склад і высокія рэйтынгі на Netflix

Што паглядзець. «Рычар» — крымінальны серыял, ад якога нават крытыкі ў захапленні

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930