Знайсці
21.04.2022 / 18:07РусŁacБел

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі 11 «рэйкавых партызанаў»

Сёння праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 11 чалавек.

Калаж «Нашай Нівы» на аснове фотаў з сацсетак. Злева направа: Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў, Яўген Мінкевіч.

Гэта «рэйкавыя партызаны» Сяргей Глебка, Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Сяргей Канавалаў, Сяргей Пляшкун, Юрый Сельвіч, Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў, Аляксей Шышкавец.

Сяргей Глебка — затрыманы ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах, прызнаў, што паклаў два драўляныя бервяны на чыгуначныя шляхі і падпаліў іх;

Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў — затрыманыя 4 сакавіка ў Светлагорску за падпал 28 лютага на станцыі «Жэрдзь — Астанковічы» рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго светлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан;

Сяргей Канавалаў —супрацоўнік віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі», затрыманы за «падрыхтоўку акту тэрарызму». На думку МУС, мужчына планаваў вывядзенне з ладу сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху;

Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч былі затрыманыя 10 сакавіка за «падрыхтоўку да акта тэрарызму» (арт. 13 і арт. 289 КК). Па сцвярджэнні следства, мужчыны планавалі падпальваць вайсковую тэхніку расійскай арміі, якая перамяшчалася па чыгунцы, для чаго захоўвалі запальную сумесь у бутэльках;

Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў і Уладзімір Аўрамцаў — затрыманыя 30 сакавіка спецыяльным падраздзяленнем МУС па падазрэнні ў знішчэнні дзвюх рэлейных шафаў сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання мужчыны паспрабавалі збегчы, па іх быў адкрыты агонь. Сілавікі ўжылі зброю на паразу, як мінімум адзін з затрыманых паранены і знаходзіцца ў лячэбнай установе, а іншым «аказаная меддапамога на месцы».

Усіх іх абвінавачваюць па арт. 289 КК ва «ўчыненні акта тэрарызму» і «падрыхтоўцы акта тэрарызму». Следчы камітэт таксама заявіў аб здзяйсненні гэтых дзеянняў у складзе арганізаванай групы.

2 сакавіка ў Асіповічах быў затрыманы Аляксей Шышкавец, які, паводле інфармацыі МУС, «увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання BYPOL, для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі». 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні наконт блакавання чыгуначных шляхоў, а таксама наконт вырабу і выкарыстання «кактэйляў Молатава», «выказаў актыўную гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы.

Па звестках на 21 красавіка ў Беларусі 1145 палітвязняў.

Чытайце таксама:

МУС: Трое партызанаў былі параненыя пры затрыманні, адзін у цяжкім стане

МУС: На Белчыгунцы здзейснена больш за 80 «тэрактаў»

Што вядома пра хлопцаў, затрыманых са стралянінай за дыверсіі на чыгунцы?

У Баранавічах людзей масава выклікаюць на допыты з-за дыверсіі на чыгунцы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера