Знайсці
22.04.2022 / 11:21РусŁacБел

«Людзі не хочуць, каб рашэнні за іх прымаліся за мяжой». Пасол ЗША пракаментавала спробы Макея наладзіць дыялог

Як у ЗША ўспрымаюць прапановы беларускіх уладаў наладзіць дыялог? Ці стала такіх сігналаў больш? У абмен на што Захад гатовы аслабіць санкцыі? На гэтыя і іншыя пытанні адказала амбасадарка ЗША, якая займаецца Беларуссю, Джулі Фішэр.

Нядаўна шырока абмяркоўваўся ліст міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў ЕС з прапановай наладзіць адносіны між краінамі. Што ЗША думае наконт такіх сігналаў, ці гатовыя яны гаварыць з Лукашэнкам і Макеем і калі так, то пры якіх умовах?

«Гэты ліст паказвае, што Мінск разумее, што ён цярпіць ад ізаляцыі, якую стварыў Лукашэнка. Пытанне перамоў з рэжымам важнае. І Злучаныя Штаты выразна казалі пра тое, што трэба, каб развярнуць нашы адносіны, каб мы аслабілі санкцыі і якія крокі трэба зрабіць.

Гэта вызваленне палітвязняў як першы крок. Другі — асэнсаваны дыялог з беларускім народам, які прывядзе да новых выбараў пад міжнародным наглядам. Таксама важнае патрабаванне — спыненне падтрымкі вайны Расіі ва Украіне.

Беларусь працягвае трымаць пасольства ў Вашынгтоне, але пытанне, будуць тыя, хто прымае рашэнні ў Беларусі, сапраўды хацець дыялогу ці не», — адказала амбасадарка падчас прэс-канфэрэнцыі з беларускімі журналістамі.

Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр. Фота: intellinews.com

Ці стала больш сігналаў з просьбай наладзіць адносіны? Джулі Фішэр кажа, што складана акрэсліць тэндэнцыю, бо лісты ідуць не да аднаго чалавека ці ў адну сталіцу. 

«Але выразна бачна, што ў Мінску МЗС важную ролю адыгрываў у тым, каб абмежаваць магчымасць [замежных] дыпламатаў працаваць у Беларусі, яны выгналі многіх і надзвычай варожа паставіліся да сваіх абавязкаў па Венскай канвенцыі. І будзе вельмі складана любой заходняй сталіцы ўспрыняць гэта як сур’ёзную спробу, бо Беларусь настолькі далёка адышла ад сваіх міжнародных абавязкаў. Беларусь працягвае падтрымліваць дыпламатычныя стасункі з заходнімі краінамі ў большасці выпадкаў, але яны вельмі слабыя праз дзеянні ўладаў у Беларусі».

Амбасадарка пракаментавала таксама пытанне пра тое, ці гатовыя былі б улады ЗША прызнаць урад у выгнанні, калі б Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і іншыя прадстаўнікі дэмсілаў яго стварылі.

«Мы працавалі шчыльна з нашымі партнёрамі ў Еўропе. Мы аказалі падтрымку Святлане Ціханоўскай, як лідару беларускага дэмакратычнага руху, і будзем працягваць гэта рабіць. Такую ж патрымку яна атрымлівала ў сталіцах Еўропы, паколькі яе пазіцыі прызнаюць, прызнаюць, што выбары былі сфальсіфікаваныя, што яна атрымала шмат падтрымкі падчас выбараў.

Пытанне, як дэмакратычныя сілы будуць працаваць разам, як яны сябе паставяць у свеце рэпрэсій, як выкарыстаюць гэты момант у Беларусі. Гэта пытанне, якое мусяць рашаць яны, і гэта іх рашэнне, як арганізаваць гэтую працу.

Мы будзем працягваць працаваць з усімі дэмакратычнымі сіламі, асабліва са спадарыняй Ціханоўскай, каб паказаць падтрымку ЗША народу Беларусі».

Джулі Фішэр таксама заўважыла, што ЗША адрознівае рэжым у Мінску, які падтрымлівае вайну, і народ Беларусі, які супрацьстаіць гэтай вайны.

«Я хачу падкрэсліць смеласць тых, хто ў Беларусі публічна выказвае нязгоду з вайной, ведаючы, што яны могуць быць арыштаваныя. Для гэтага патрэбная вялікая смеласць, каб стаць за справядлівую справу ў такім асяроддзі. І гэта адна з тых рэчаў, якую Пуцін і Лукашэнка не пралічылі.

Беларускі дэмакратычны рух атрымаў новае дыханне, бо народ Беларусі фундаментальна супраць уварвання ў суседнія краіны, і людзі бачаць, што змагаюцца разам з народам Украіны за сваю дзяржаўнасць і суверэнітэт», — выказалася яна.

«Выразна відаць, што беларускі народ у сваёй большасці — праціўнік гэтай вайны. Ён не хоча, каб беларускія салдаты ваявалі ва Украіне, ён не хоча, каб рускія салдаты ўрываліся ва Украіну з Беларусі і не хоча, каб рускія салдаты заставаліся ў Беларусі. Людзі не хочуць, каб рашэнні за іх прымаліся за мяжой», — дадала Джулія Фішэр.

ЗША, па яе словах, па-ранейшаму звяртае ўвагу на сітуацыю ў Беларусі, адсочвае парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
112
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930