Знайсці
22.04.2022 / 19:05РусŁacБел

Хрыста Грозеў: Новая стадыя гэтай вайны, калі Пуцін не верыць нікому і сам ужо дае загады. Гэта будзе вельмі цікава

У Шайгу — праблемы, сярод генералітэту — узаемныя недавер і абвінавачванні, Пуцін бярэ камандаванне ў свае рукі — пра гэта ў інтэрв'ю з вядомым расследавальнікам Хрыста Грозевым, якое ён даў ютуб-каналу «Популярная политика».

— Што адбываецца на «Азоўсталі»?

— Афіцыйна Пуцін даў загад завод не штурмаваць. Але пасля гэтай заявы ўжо адбылася масіраваная бамбардзіроўка, чаго я і чакаў. Тое, што Пуцін сказаў, што мы не будзем займацца заводам, не азначала, што не будуць займацца.

Гэта азначала, што ён не хоча дадаткова губляць расійскіх салдат. Падлік быў такі, што за кожнага ўкраінскага салдата яму прыйдзецца загубіць 6—8 расійскіх. Хутчэй за ўсё, будуць і новыя бамбёжкі. Калі гэта не дасць выніку, існуе вялікая небяспека, што будзе ўжытая хімічная зброя.

Паводле нашых звестак, інфармацыя, што там была ўжытая фосфарная бомба, — недаказаная.

Тое, што было скінута, выглядала як воблака белага дыму, гэта вельмі падобна да таго газу, які выкарыстоўваўся ФСБ для штурму тэатра ў Маскве. Цалкам магчыма, што гэта была спроба абясшкодзіць ім байцоў палка «Азоў». І паколькі першая спроба была, цалкам магчыма, што другая спроба будзе больш магутнай.

 — Расійская армія проста ўзяла ў аблогу «Азоўсталь» ці яна рухаецца на Захад?

— Руху мы пакуль не бачылі. Тут цікава паглядзець аналіз Гіркіна-Стралкова. Ягоны аналіз — аптымістычны для нас, можна сказаць. Ён кажа, што рух, які мы ўбачым цяпер на Данбасе, — ён толькі тактычны, ён не можа быць стратэгічным. І ён будзе павольным — туды-сюды кожны дзень. А вялікага зруху на Захад не будзе. Кожны перажыты дзень павялічвае баяздольнасць украінскай арміі і стварае для яе магчымасць адкрыць другі фронт.

Калі Украіна адкрые другі фронт — гэта будзе крах расійскай стратэгіі.

— У нас дзесьці маячыць 9 мая, калі Расіі хочацца правесці парад, пажадана ў Марыупалі. Расія паспявае да гэтай даты дамагчыся хаця б адной сваёй задачы?

— Будзе зроблена ўсё, каб адна з гэтых мэтаў была дасягнутая. І гэта будзе нават добра, калі Пуцін палічыць, што адной з гэтых мэтаў яму да 9 мая будзе дастаткова.

Але калі адначасова з гэтым пачнецца сацыяльная незадаволенасць, што смерцяў нашмат больш, чым было абяцана, усё больш сваякі зніклых чальцоў экіпажу крэйсера «Масква» будуць скардзіцца, шукаць, што здарылася… 

Калі гэтая сацыяльная незадаволенасць будзе здавацца яму такой вялікай, што частковай перамогі накшталт Марыупаля будзе недастаткова, то вырастае рызыка, што ён паспрабуе хімічную зброю на Кіеве ці нават ядзерную зброю, пра што амерыканская выведка таксама папярэджвала.

— Але ў такім выпадку ўкраінскі бок з дапамогай Захаду можа перанесці ваенныя дзеянні на расійскую тэрыторыю?

— Я сумняваўся, што гэта магчыма. Але пасля таго, як і Гіркін сказаў, што вельмі верагодна, што праз месяц мы будзем рэальна бачыць перанос дзеянняў з украінскага боку на тэрыторыю Белгарада і Курска, то я лічу, што гэта ўжо можна дапусціць.

— Стралкоў-Гіркін — гэта ваенны злачынца і адна з галоўных асоб 2014 года, яго каманду абвінавачваюць у збіцці «Боінга» МН-17. Наколькі яму можна давяраць?

— Калі я яго чытаю, я ўлічваю яго жаданне помсціць Украіне, у яго ёсць і жаданне помсціць Пуціну, таму што ён не зрабіў яго Героем Расіі, а іншых зрабіў. Мы лічымся з гэтым. Але тое, што рухае Гіркіным, гэта ў першую чаргу, — імперскае пачуццё. Яму прызнаць, што Украіна, якую ён ненавідзіць, якую ён піша ў двукоссях, што Украіна можа мець сілу, каб перанесці вайну на расійскую тэрыторыю… У судовым працэсе гэта называецца аргумент, які нявыгадны таму боку, які яго сцвярджае, і таму трэба яго прыняць.

Калі нават ён гэта кажа, то, хутчэй за ўсё, сітуацыя такая дрэнная для расійскай стратэгіі, і трэба гэта прыняць да ведама.

— Многія чыталі нядаўні артыкул агенцтва «Блумберг», як Пуцін прымаў рашэнне аб уварванні ва Украіну. І, вядома, цікава, што ён цяпер думае — падманула яго найбліжэйшае атачэнне ці што? Што вы з гэтай нагоды думаеце?

— Аналітыка паказвае, што ён не можа не бачыць, што тое, што яму было абяцана як практычна гарантаванае, не выкананае. Пятая калона ва Украіне проста знікла, згубілася там. Гамеапатычная нейкая з'яўляецца на ўзроўні дзесяці дэманстрантаў у Мелітопалі. А вось тыя, хто мусіў падарыць уладу Крамлю, яны зніклі. Для яго відавочна, што Пятая служба ФСБ, яна цалкам яго падманула. Узяцце Кіева дакладна было часткай першай стратэгіі, якая не ўдалася і ад якой адмовіліся.

Назіральнікі гадаюць, чаму Пуцін усю сустрэчу з міністрам Шайгу 22 красавіка прасядзеў, сціснуўшы правай рукой стальніцу.

Пуцін разумее, што гэта з'яўляецца велізарнай рэпутацыйнай стратай і для яго самога. Таму яму застацца ў старой пазіцыі і верыць гэтым людзям — немагчыма.

Інсайд таксама пацвярджае, што Пуцін нікому не верыць, што ён спрабуе сам браць удзел, раздаваць каманды, і гэта пацвярджае сустрэча з Шайгу, дзе Пуцін даў указанні, што рабіць, а чаго не рабіць у Марыупалі.

Мне здаецца, гэтая сустрэча не толькі паказная. Ён цяпер сам спрабуе ўдзельнічаць і быць галоўнакамандуючым. Гэта будзе вельмі цікава. Новая стадыя гэтай вайны, калі Пуцін не верыць нікому і сам ужо дае загады.

 — Вы сказалі, што страты расійскага войска нашмат большыя, чым чакалася. Ці могуць генералы неяк аб'яднацца і праз галаву Шайгу данесці незадаволенасць ім Пуціну? Ці ёсць злосць і незадаволенасць у расійскіх вайсковых колах?

— Давайце аналітычна паглядзім. Што мы ведаем? Тое, што самая якасная, самая прафесійная частка расійскага войска — а менавіта спецназаўцы, дэсантнікі з Пскова, іншыя элітныя дэсантныя часці — была рэальна страчаная. Большасці гэтых людзей няма.

Гэта самая якасная частка расійскіх вайскоўцаў, якія, дарэчы, былі і самымі прафесійнымі з пункту гледжання правілаў вядзення вайны — яны не гвалтавалі. Але іх знішчылі праз няправільную стратэгію, няправільную інфармацыю. Ці можа генералітэт не шкадаваць тых дэсантнікаў, знішчаных праз дрэнную стратэгію, праз дрэнную інфармацыю, якую ФСБ ім пастаўляла? Вядома, гэта стварае напружанне.

Другі эшалон, які пайшоў за імі, калі яны былі страчаныя, гэта быў мікс са структур вагнераўцаў і пенсіянераў, якія мелі вялікі вопыт, частка з іх вярнуліся з Сірыі, з Лівіі, многія з іх таксама былі страчаныя. Гэта стварае вялікую дзірку. Гэтыя генералы таксама атрымлівалі камісійныя за працу прыватных войскаў у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Я магу так працягваць далей. Гэта значыць, прычыны для незадаволенасці сярод генералітэту ёсць.

Але тут пытанне, што яны таксама могуць панесці частку віны, бо яны пагадзіліся з гэтай стратэгіяй і не сказалі, што ўзяць Кіеў нельга, таму нельга дэсантнікаў нашых туды кідаць. Таму я думаю, што цяпер ідзе ўзаемны недавер, узаемныя абвінавачванні, яны падстаўляюць адзін аднаго — хутчэй за ўсё, гэта асноўны працэс, які там ідзе.

— Цяпер ёсць такая думка, што вайна — яна звязаная з усім тым, што было да гэтага, — разгром СМІ, забарона на апазіцыйную дзейнасць, спроба забойства Навальнага, юрыдычнае знішчэнне Фонду барацьбы з карупцыяй. Гэтыя падзеі былі падрыхтоўкай да вайны ці гэта падзеі, якія не звязаныя адна з адной?

— Гэта абсалютна звязана. І я думаю, што вайна не была канчатковай мэтай. Яна была рашэннем іншай мэты, а менавіта ператварэння Расіі ў казарму. Гэта не мае словы, а словы нашай крыніцы з сілавікоў, якая год таму сказала пра план да сакавіка гэтага года ператварыць Расію ў Паўночную Карэю 2.0 — спрэс кантраляванае войскам грамадства, без інтэрнэта, без СМІ. Ён тады папярэджваў, што лепш вывезці журналістаў.

Цалкам магчыма, што тыя вучэнні, якія мы бачылі год таму, яны і былі магчымым планам уварвання ва Украіну яшчэ тады, але гэта не атрымлівалася, таму што Навальны вярнуўся і з'явілася занадта шмат франтоў.

Трэба было Расгвардыю паслаць на вуліцу, арыштаваць тысячы людзей і нельга было гэтую ж Расгвардыю паслаць ва Украіну. Так што магчыма, што яшчэ летась рыхтавалася гэтая вайна, але палітычныя падзеі яе адклалі.

Адзінае пытанне — вайна была мэтай ці сродкам для Пуціна?

— Ці зможа чалавек з бэкграўндам Пуціна быць добрым военачальнікам?

— Пуцін можа скарэктаваць тыя памылкі, якія ўжо ўсім відавочныя, ну, напрыклад, тое, што ён сёння аддаў загад спыніць атаку людзьмі, войскамі на «Азоўсталь», — гэта і звычайнаму чалавеку таксама здаецца лагічным. Першае пытанне: колькі мы страцім, каб тысячу азоўцаў знішчыць? 7—8 тысяч? Не, так нельга. Вось такія карэктуючыя дзеянні могуць быць правільнымі.

Але пабудаваць новую стратэгію замест той, праваленай — ён абсалютна не можа гэтага зрабіць. Так што давайце праз тыдзень паглядзім, што будзе, Якія новыя стратэгіі з'явяцца. Таму што чым больш ён асабіста ўдзельнічае, тым горш будзе для стратэгіі.

Чытайце таксама:

Суразмоўцы Блумберга распавялі, як Пуцін прымаў рашэнне аб уварванні ва Украіну

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера