Знайсці
03.05.2022 / 19:19РусŁacБел

«Што зрабіла я? Пайшла мыцца». Беларуская мадэль плюс-сайз расказала пра рускія ваенныя караблі і Адэсу

Яўгенія Цюленева — знакамітая плюс-сайз-мадэль. У верасні 2021-га дзяўчына з’ехала з Беларусі ў Адэсу — «самі разумееце чаму». Калі пачалася вайна, яна спачатку, паддаўшыся агульнаму настрою, эвакуявалася ў Малдову, але пасля вярнулася ва Украіну. Яна расказала «Нашай Ніве» пра сваё поўнае сэнсу жыццё падчас вайны.

Фота: Кацярына Красніцкая

У Адэсу Яўгенія летась паехала ў адпачынак, але праз нейкі час зразумела, што ў Беларусь не вернецца. Кажа, на гэта былі свае прычыны, агучыць якія яна пакуль не можа, бо ідзе следства. 

Блізкім пра ад'езд да апошняга нічога не паведамляла.

«Праз пару тыдняў сказала сваёй маці, што зараз буду жыць у Адэсе. Яна адказала, што пачала здагадвацца. Паколькі я была актывісткай, то ў яе, канечне, былі думкі, што я магу з'ехаць. У Адэсе ў пачатку сакавіка гэтага года я павінна была купіць кватэру, хацелася ўлетку прымаць у сябе сяброў і сваякоў. Нават зрабіла спіс, хто і на якім тыдні заязджае. На жаль, пакуль не лёс», — кажа Яўгенія. 

«Нас нядаўна, напрыклад, адбамбілі» 

У 2020-м дзяўчына была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах. 

«Калі параўноўваць той год з 2022-м, то былі выдатныя часы, — жартуе яна. — Магу сказаць, што гэта абсалютна розныя адчуванні, калі да цябе грукаюцца ў дзверы і калі прачынаешся ад выбухаў». 

У адрозненне ад многіх, да магчымага пачатку вайны Яўгенія рыхтавалася. Зрабілі запас вады, прадуктаў, прымусіла сябра запоўніць бак у машыне на выпадак ад’езду і думала пра збор трывожнай валізкі. 

«Натуральна, усё роўна гэта адбылося нечакана. Прачнулася 24 лютага ў 6:30 ад званка сяброўкі з Мінска. Жыву я ў Адэсе ў самым цэнтры, гукі выбухаў у той дзень да мяне не даходзілі. Тады я пашкадавала, што мяне пабудзілі. Заснуць ужо было немагчыма, а выспацца перад гэтым усім было варта. Нават зараз прашу мяне не будзіць, калі пачынаюцца выбухі. Я сама прачнуся, калі пачую. А што рабіць, калі яны далёка — не зразумела. Сядзець і перажываць? 

Тады быў план тут жа ехаць у Малдову. Але я яго адклала, бо было незразумела, дзе ідуць абстрэлы, выезд здаваўся небяспечным. Што зрабіла я? Пайшла мыцца. Многія тады ва Украіне вырашылі прыняць душ, таму што былі не ўпэўненыя ў тым, што будзе вада». 

У Малдову Яўгенія выехала на другі дзень вайны. У яе заканчваўся тэрмін знаходжання ва Украіне, а дакументы на дазвол на жыхарства яна падаць не паспела.

«Калі пачалася вайна, міграцыйная служба закрылася. І тады я вырашыла, што трэба з’ехаць, а то мала таго, што я беларуска, дык яшчэ і нелегальна знаходжуся ў краіне. Ехала на аўтобусе, які быў поўнасцю забіты людзьмі, многія стаялі проста ў праходзе. Пры выездзе да мяне як да беларускі ніякіх пытанняў не было, бо там памежнікам было не да гэтага», — кажа яна. 

Фота: Кацярына Красніцкая 

У Малдове Яўгенія некалькі тыдняў валанцёрыла, а пасля вярнулася назад у Адэсу. Дзяўчына лічыць, што ад беларускай звычкі ўцякаць трэба пазбаўляцца. 

«Ехаць у Польшчу? А калі гэта ўсё праз нейкі час пачнецца і там? Зноў бегчы? Мы бачым, што Украіна вельмі паспяхова адбіваецца.

Я вырашыла, што трэба не бегчы, а паспрабаваць перамагчы. Некалькі тыдняў у Малдове я валанцёрыла. Тлумачыла людзям, куды яны могуць звярнуцца, дзе і што знаходзіцца, якая дапамога магчымая. Бачыла, наколькі моцны боль у людзей. Стала зразумела, што заставацца ўбаку я не хачу. Нашмат лягчэй знаходзіцца ў Адэсе і дапамагаць.

Вось нас нядаўна, напрыклад, адбамбілі, а пасля мы весялімся, п'ем віно і спяваем песні. І гэта вельмі шчырая радасць. Мне асабіста тут маральна лягчэй. Таму вярнулася адразу з дамовай на валанцёрства. Наогул мне многія пішуць «бяжы, бяжы». У такі момант я разумею, якія ў мяне каштоўнасці», — тлумачыць Яўгенія. 

«І той даў хлопчыку «Снікерс»

Цяпер у Адэсе дзяўчына дапамагае эвакуяваць людзей з акупаваных тэрыторый і лініі фронту — Херсона, Запарожжа, Мікалаева. З пачатку вайны валанцёрам удалося вывезці больш за дзве тысячы мірных жыхароў.

Таксама ў валанцёрскай арганізацыі «Адэса як яна ёсць» дабрачыннага фонду «Пліч-о-пліч» Яўгенія займаецца гуманітарнай дапамогай. 

Валанцёрскі штаб. Фота: Ніколь Драмарэцкая

«Перасяленцы прыходзяць да нас па прадукты, сродкі гігіены, адзенне, коўдры, посуд. На жаль, многія людзі выязджаюць голыя і босыя. І купіць усё гэта зараз не ў кожнага знойдуцца грошы. Сам валанцёрскі штаб у нас утварыўся стыхійна. Яго аснова — адэсіты. Яны закупляюць усё неабходнае, нешта знаходзяць сярод сваіх. 

Я бяруся за тое, што найперш трэба рабіць. Напрыклад, цяпер у Мікалаеве прабілі водаправод. Адрамантаваць яго, вядома, у такіх умовах магчымасці няма. Горад застаўся без вады, і цяпер Адэса пастаўляе яе туды. Мы штодня возім па некалькі тон вады.

Фота: Ніколь Драмарэцкая

Яшчэ я зараз актыўна займаюся нашымі сацсеткамі, каб было бачна, што мы робім і што нам неабходна. Пра гэта ўсё можна чытаць у нашым Інстаграме. Асабліва хутка разыходзяцца прадукты, памперсы, сродкі гігіены. І даводзіцца шукаць новых спонсараў», — дзеліцца суразмоўца. 

Працаваць з перасяленцамі Яўгеніі няпроста. У кожнага з іх свой боль.

«Былі людзі з Херсона, у якіх знаёмыя ў машыне разам з дзецьмі падарваліся. Рускія мінуюць выезды і не папярэджваюць цывільных, якія едуць. Яны мне пра гэта расказваюць, а я не знаходжу, што адказаць.

Фота: Ніколь Драмарэцкая

У нас часта бываюць чэргі па дапамогу. Заўважаю, якія ў іх разгубленыя людзі. Звычайна ў чарзе лаюцца, а перасяленцы сядзяць і ўсіх прапускаюць. Ісці ім няма куды, рабіць няма чаго, і яны хоць цэлы дзень могуць быць у гэтай чарзе. У мяне слёзы навярнуцца, а потым вазьму сябе ў рукі і іду далей дапамагаць. 

Кранула гісторыя дзіця з Марыупаля. Па дарозе ў Адэсу пры небяспечнай эвакуацыі з Марыупаля, а дакладней падвала, дзе ў сям’і ўжо некалькі дзён як скончылася ежа, і дзіця было галоднае, яны сустрэлі нейкага ўкраінскага салдата. І той даў хлопчыку «Снікерс». І ён вёз яго адтуль і не еў. Для яго гэта як сімвал, памяць». 

Фота: Ніколь Драмарэцкая

Працоўны дзень у валанцёраў ненармаваны, працуюць з раніцы і да вечара. Выходныя можна браць па неабходнасці, але часцей, заўважае Яўгенія, людзі абыходзяцца без іх.

«Мясцовыя дасталі дошкі і пайшлі плаваць»

За гэты час дзяўчына ні разу не сутыкалася з негатывам у бок беларусаў. У Адэсе нават ёсць мурал з надпісам «Жыве Беларусь, Слава Украіне». 

«Ёсць афіцыйныя перашкоды: заблакавалі разліковыя рахункі, на пошце не выдаюць пасылкі, натарыус таксама нічога выпісаць не можа. Дазвол на жыхарства мне так і не выдалі, сказалі, што разбяруцца потым (спадзяюся, так і будзе). Грошы на куплю кватэры замарозіў Нацыянальны банк Украіны. Цяпер здзелкі афіцыйна не праводзяцца, і нават калі яны пачнуцца, то я думаю, што ў беларусаў яшчэ доўга будуць праблемы з гэтым. Таму я працягваю здымаць жытло. А ўвогуле хочацца верыць, што вайна паўплывае на беларусаў у лепшы бок. Мне падаецца, што гэта яшчэ адзін шанец на перамены ў Беларусі. Але якім чынам гэта можа адбыцца, не ведаю», — разважае яна. 

Фота: Кацярына Красніцкая

Больш за ўсё Яўгенію ў гэтай сітуацыі захапляюць адэсіты. Калі ляціць ракета, яны садзяцца ў машыну і едуць туды, куды яна ўпала, а не наадварот. 

«Я пытаю: а навошта? Адказваюць, што там зараз будзе патрэбна дапамога. Такая тут салідарнасць. Яшчэ жартуюць, што, калі будзе ядзерны выбух, яны пойдуць глядзець, што здарылася. Беларусы звычайна ўцякаюць, а адэсіты ідуць разбірацца.

А калі стала цёпла, мясцовыя дасталі дошкі і пайшлі плаваць у моры. Там флот хадзіў, людзей палохаў, а ім усё роўна. Нават было дзве спробы высадкі дэсанту, але самі расійскія вайскоўцы адмовіліся гэта рабіць. І гэты карабель двойчы адыходзіў назад у Крым. Быў абстрэл з яго, і пацярпелі будынкі, якія ўздоўж мора, але зараз там цішыня. Пасля патаплення крэйсера «Масква» яны блізка не падыходзяць, мы іх не бачым. 

Адэсітам забаранілі хадзіць на пляж, бо ён замінаваны. Я думаю, што калі б не гэта, дык яны б і на яхтах плаваць пачалі. Тут адзін вядомы клуб рыхтуецца пасля рамонту адкрыцца. У іх поўная ўпэўненасць, што будзе сезон. І ў аб'явах на арэнду кватэры напісана «да сезону», — кажа яна. 

Мурал у Адэсе. Фота: асабісты архіў

Падчас абстрэлаў Яўгенія знаходзіцца ў сябе ў кватэры альбо ў валанцёрскім штабе, які размясціўся ў мясцовай школе. Бамбасховішчаў у Адэсе амаль што няма, бо стары цэнтр горада пабудаваны да Другой сусветнай вайны. 

«Большасць будынкаў дарэвалюцыйныя. Ёсць проста падвалы, але ў іх страшна знаходзіцца, таму што калі заваліць, адтуль будзе немагчыма выбрацца.

Фота: Кацярына Красніцкая

Ёсць жыхары, якія спускаюцца ў сховішчы, але ў асноўным тыя, хто баіцца абстрэлаў, з Адэсы ўжо выехалі. Астатнія жывуць з думкай «як Бог дасць», — апісвае суразмоўца. 

Яўгенія кажа, што з часам хоча вярнуцца ў Беларусь, але не ў тую краіну, якая ёсць цяпер. Прагнозаў, на колькі год гэта сітуацыя зацягнецца, дзяўчына не робіць. 

«Мне ў гэтым сэнсе спадабалася выказванне аднаго псіхолага, які сядзеў у канцлагеры (Віктара Франкла — НН). Ён сказаў, што тыя, хто думаў, што гэта хутка скончыцца, зламаліся першымі, другімі зламаліся тыя, хто думаў, што гэта скончыцца не хутка, а выстаялі тыя, хто працягваў займацца сваімі справамі. Цяпер я належу да трэціх».

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Расіяне зноў заявілі аб абстрэле сваёй тэрыторыі «ўкраінскай авіяцыяй», якая даўно нібыта імі знішчаная

«Падчас агляду ў мяне проста адваліўся палец на назе». Гісторыя ўкраінца, які вярнуўся з расійскага палону пакалечаным

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
36
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930