Знайсці
10.05.2022 / 12:23РусŁacБел

«Патрэбную суму зарабіла за 4,5 года». Беларусы падзяліліся, як збіралі грошы на сваё першае жытло ў Мінску

Беларусы, якія нядаўна купілі кватэры, расказалі, як гэта ім удалося і які заробак патрэбны, каб абзавесціся ўласнымі метрамі. 

«Пасля заробку трэба адразу адкласці пэўную суму, а на астатнія жыць»

Анастасіі 33 гады, яна працуе ў сферы IT. У 2020 годзе дзяўчына самастойна назбірала 70 тысяч даляраў на кватэру сваёй мары. Яна набыла «сталінку» каля вакзала ў Мінску. 

«Мы планавалі з мужам завесці дзіця. У нас былі два каты і два слімакі. Мне не падабалася ўяўляць, што ў нейкі момант нас з усёй гэтай кампаніяй могуць папрасіць пераехаць. І нам прыйшлося б зноў уладкоўваць новае жыллё. Ніякіх спадчын ад бабуль або дзядуль у мяне не планавалася. З падлеткавага ўзросту ведала, што, калі я хачу купіць сваю кватэру, мне трэба зарабіць на яе самой.

Патрэбную суму я збірала чатыры з паловай гады. За гэты час у мяне даход з 1200 даляраў павялічыўся да 3200. Стартавай сумы не было.

У той момант я мяняла працу, таму што з-за крызісу працадаўца не мог выплачваць поўны заробак. Усе адкладзеныя грошы я тады патраціла, прыйшлося нават улезці ў даўгі.

Пасля я знайшла новую працу і вырашыла збіраць грошы на кватэру. Хацела менавіта «сталінку», таму што я ў такой вырасла. Разумею, што тут шмат мінусаў, трэба часта рамантаваць, але мне падабаюцца высокія столі, вялікія вокны, шмат прасторы. Яшчэ тут люблю драўляную падлогу», — кажа яна. 

Адкладвала Анастасія палову кожнага заробку. Дзяўчына падкрэслівае, што яе муж у гэтым не ўдзельнічаў. Яна сама назбірала неабходную суму. 

«Магчымасць узяць крэдыт я не адмяняла, але толькі ў тым выпадку, калі б гэта была невялікая сума, — кажа яна. — Па-другое, мне трывожна, што я не змагу яго пагасіць. Напрыклад, з працай нешта не складзецца ці захварэю. Плюс гэта вялікая пераплата. 

Усе чатыры гады я эканоміла на арэндзе кватэры. Здымалі забітае, старое жытло. Яно каштавала 200 даляраў.

Увогуле, у мяне была мэта купіць кватэру да 30 гадоў. Але да гэтага часу сабраць патрэбную суму не ўдалося. Я не хадзіла часта купляць адзенне або ў салон прыгажосці, дзе можна было б патраціць шмат грошай — не ў мэтах эканоміі, проста не цікавілася такім».

Праз два гады Анастасія заўважыла, што сабрала менш за палову патрэбнай сумы. Яна вырашыла весці сямейны ўлік фінансаў, каб зразумець, на што больш за ўсё траціць. 

«У нас былі катэгорыі «прадукты», «ежа па-за домам», «машына», «камуналка», «жывёлы», «паслугі, пакупкі», «забавы». Больш за ўсё сыходзіла на «ежу па-за домам», таму што мы мала гатавалі і часта хадзілі па кавярнях або замаўлялі дастаўку. Па суме гэта было прыкладна 1200-1500 рублёў на месяц.

На другім месцы былі «прадукты». Мы не абмяжоўвалі сябе, часта бралі морапрадукты, прысмакі. Гэта каля 1000 рублёў. А далей ішлі астатнія пункты. У суме ўвесь бюджэт на дваіх складаў у месяц прыкладна 1500 даляраў. 

Пасля таго, як пачалі запісваць сумы, я стала больш cвядома эканоміць. Пасля заробку адразу адкладвала пэўную суму, а на астатнія грошы жыла. Калі да канца месяца іх не хапала, не купляла сабе нейкія буйныя рэчы. На адпачынак мы ездзілі, але набывалі самыя танныя квіткі, браніравалі ўсё самі», — кажа суразмоўца. 

Анастасія прызнаецца, што дыскамфорт ад таго, што яе муж зарабляе менш за яе, яна адчувае. Але невялікі.

«Муж у мяне працуе гукавым дызайнерам, ён робіць больш значныя рэчы для людзей, чым я.

Вядома, беларусу, які атрымлівае тысячу рублёў у месяц, нерэальна назбіраць на сваё жыллё. 

Магу сказаць, што сярод маіх сяброў практычна ўсім удалося абзавесціся кватэрамі, але гэта альбо падарункі ад бацькоў, альбо крэдыт, альбо фінансавая падтрымка сваякоў, блізкіх».

«Пераплата па крэдыце вялікая, але па-іншаму набыць жыллё не змаглі б»

Вераніцы 22 гады, яна працуе спецыялістам па продажы аўтамабіляў у лізінгавай кампаніі. У мінулым годзе дзяўчына ўзяла кватэру ў крэдыт на 20 гадоў за 37 тысяч даляраў.

«Гэта было дастаткова спантаннае рашэнне. Летась мы з бацькамі абмяркоўвалі, што нявыгадна здымаць кватэру. Грошы проста сыходзяць у нікуды. Мама сказала схадзіць пагаварыць з рыэлтарам, пашукаць варыянты кватэр. За адзін вечар я знайшла тое, што мне спадабалася. Адпакаёвая кватэра ў жылым комплексе «Мінск-Мір», які бліжэй да Грушаўкі. Адзіным выйсцем для нас быў крэдыт», — кажа яна.

Першы ўзнос, які заплаціла Вераніка, склаў 900 рублёў. Цяпер ён паменшыўся да 800. Гэта палова яе заробку за месяц. 

«Брала ў Белінвестбанку па праграме «Нерухомасць з партнёрам». У яе ўваходзіць Мінск і Мінская вобласць, — кажа яна. — У банку глядзяць, ці дастаткова ты зарабляеш, каб выплаціць крэдыт. На момант заканчэння праграмы чалавек не павінен быць старэйшым за 64 гады. Стаўка ў мяне 12,25%.

Вядома, пераплата вялікая, але па-іншаму набыць жыллё не змаглі б. Заробак у мяне плавае, залежыць ад прэмій. Сама стаўка рэфінансавання замацаваная, таму баяцца павышэння сумы мне не трэба». 

Эканоміць дзяўчына пачала з моманту набыцця кватэры. З сумы, якая застаецца пасля выплаты крэдыту, Вераніка адкладвае 200 рублёў. На жыццё ў яе застаецца 600. 

«Першапачаткова адкладзенай сумы на кватэру ў мяне не было. Крыху дапамаглі бацькі. На рамонт таксама, таму ён ідзе вельмі марудна.

Я не хаджу ў кавярні ці рэстараны, гатую дома сама. Адзенне купляю рэдка, але якаснае. На гэтым і эканомлю. Наогул, у нас у сям'і заведзена браць крэдыты, растэрміноўкі. Мама, напрыклад, адзенне, абутак так купляе. Аддаць з заробку 500 рублёў за добрыя боты — гэта адчувальна. Выплачваць кожны месяц нейкую невялікую суму прасцей.

Пакуль мы з бацькамі не лічылі, колькі трэба на рамонт. Па меры паступлення сродкаў нешта туды купляем. Калі атрымала прэмію, узвялі ў кватэры сцены ў санвузле. З наступнай планую рабіць электрыку», — кажа яна.

Калі Вераніка зможа пераехаць, яна не ведае. Але лічыць, што не раней, чым праз паўтара года.

«Пачынаць там жыць я планую, калі ўжо цалкам будзе зроблены санвузел, спальнае месца і кухня. Усё астатняе буду купляць потым, у залежнасці ад таго, як будзе з працай. Продажы цяпер упалі, у лізінг мала хто бярэ машыны. А значыць, і рамонт зацягнецца», — прагназуе яна.

«На кватэру зарабілі за год»

Алесі 37 гадоў, яна працуе псіхолагам. У 2019 годзе яна разам з мужам купіла двухпакаёвую кватэру за 43 тысячы даляраў. 

«Гаспадары кватэры, якую мы здымалі, жылі не ў Беларусі, за ёй ніхто не глядзеў. У нейкі момант мы стаміліся яе рамантаваць, рассыпалася ўсё. І калі ўкладваешся, хочацца, каб гэта табе і засталося. Вядома, можна было пераехаць у іншую, з лепшым рамонтам, але я студэнткай столькі пераязджала па розных кватэрах, што больш жадання не было. Псіхалагічна я проста стамілася.

У дзіцяці стала з'яўляцца шмат цацак, хацелася элементарна прыбіць для іх стэнд, але заўсёды ў галаве трымала, што невядома, як на гэта адрэагуюць гаспадары. Неяк да нас прыйшлі з газавай службы і сказалі, што трэба мяняць пліту. Сказалі аб гэтым гаспадарам, а яны прапанавалі нам купіць іх кватэру. Самі яны ўкладвацца ўжо таксама не хацелі. Мы акурат шукалі ў гэтым жа раёне, каля метро Партызанская. Але добрых варыянтаў не было», — кажа яна. 

Гэта не тыповая гісторыя сярэднестатыстычнай сям'і — на двухпакаёвую кватэру пара зарабіла за год. Муж дзяўчыны працаваў у сваёй івэнт-кампаніі, а Аксана — псіхолагам. 

«Калі яе купілі, наш свет стаў зусім іншым. У іншагародніх (а я з горада Іванава) ёсць нейкі пункцік, што сваё жытло, — гэта нешта немагчымае. А тут у нас атрымалася. Стартавай сумы абсалютна не было. Усё з нуля. Добрую фінансавую «адукацыю» атрымалі, пакуль на кватэру збіралі.

Вядома, тут усё залежыць ад заробку, але яшчэ важны момант прыярытэтаў. У мяне цяпер, напрыклад, дзіця ходзіць у прыватную школу, але я апранаюся ў сэканд-хэндзе. У мяне няма жадання марнаваць грошы на шмоткі. Падобныя прыярытэты — вельмі добрая эканомія. Вызначылі для сябе, куды і колькі рэсурсаў мы трацім. Падзялілі, хто і якія патрэбы закрывае.

Безумоўна, большую частку зарабіў муж. Палову прыбытку ён адкладваў. Бралі больш праектаў, працавалі вельмі шмат, але ў нас была мэта. 

Нейкай канкрэтнай сумы, якую адкладвалі кожны месяц, не было. Дзесьці атрымлівалася некалькі тысяч даляраў, а часам і больш. Зразумела, што гэта нармальны такі заробак.

У мяне знаёмая працуе ў дзіцячым садку, кажа, што на асобнае жытло сама ніколі не зможа адкласці. У яе выпадку тут можа быць толькі крэдыт. Дарэчы, мы адразу вырашылі, што гэта гісторыя не пра нас. Для мяне крэдыт — кабала. Памятаю, што нам тады яшчэ прапаноўвалі трохпакаёвую, але на яе нам не хапала 15 тысяч даляраў. І тады, вядома, думкі ўзяць крэдыт былі. У выніку ўсё роўна спыніліся на гэтай двухпакаёвай, толькі б не мець справы з даўгамі.

У мяне ёсць сяброўка, якая сама зарабіла на жытло, але яна лічыць, што расказваць пра гэта сорамна. Думае, што гэта раскоша. І нікому не гаворыць. А я так не лічу. Ненармальна, калі людзі збіраюць па 10 гадоў грошы і ніяк не могуць купіць жытло», — кажа яна. 

Самае страшнае для Алесі было, калі яна глядзела на суму, якую трэба было сабраць.

«А потым мы з мужам садзіліся, прагаворвалі і распісвалі выдаткі — пасля гэтага станавілася спакайней. Мяркую, што так і трэба рабіць». 

 Чытайце таксама: 

Адток кадраў з IT-cферы б'е рэкорды. У сакавіку ён склаў больш за 1000 чалавек

«Для выхаду ў нуль трэба прадаваць сто футболак за месяц». Як мінчанка перазапусціла свой малы бізнэс

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930