Знайсці
05.05.2022 / 19:55РусŁacБел

Унучка Шушкевіча: Дзед вучыў квасіць капусту і казаў не лезці ў палітыку. З апошнім не атрымалася

Унучка Станіслава Шушкевіча Стася Гліннік не стрымлівае эмоцый з нагоды смерці дзядулі: «Ëн быў маім найлепшым сябрам». Яна не можа прыехаць на пахаванне — у Беларусі дзяўчыне пагражае крымінальная справа за дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Пагутарылі з ёй пра апошнюю размову з дзядулем і галоўныя ўрокі мудрасці ад яго.

Стася Гліннік

«Мы зноў спявалі песні, якія называлі «блатнымі»

Апошні раз Стася жыўцом бачыла дзядулю ў 2019 годзе: яна прыехала ў Беларусь на Раство з Польшчы, куды з’ехала на навучанне яшчэ ў 2013-м.

«Мы зноў спявалі песні, якія называлі «блатнымі». Насамрэч, да «блатных» гэтым песням далёка, але ж у маіх інтэлігентных родных смешныя, савецкія песні выклікалі нейкае пачуцце хуліганства», — згадвае дзяўчына.

У 2020-м годзе сустрэцца не даў каранавірус, а пасля пратэсты. За працу на інфалініі Belarusam.pl Стасі пагражае крымінальная справа.

«Мне не прыходзіла ніякіх позваў, але дастаткова таго, што я ўбачыла пра крыміналку для Belarusam.pl адным пакетам разам з BYSOL і BY_help у тэлеграм-канале ГУБАЗіКа. Гэта трактавалася як стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (артыкул 361-1 КК). Ды і акрамя гэтага мне можна шмат чаго пры жаданні «прыпісаць»: за адну толькі галадоўку ля будынка Еўракамісіі ў Варшаве за ўвядзенне новых санкцый супраць рэжыму». 

«Апошнім часам дзед не меў магчымасці трымаць слухаўку»

Па тэлефоне з дзядулем выпадала пагаварыць нячаста — праз яго здароўе.

«Апошнім часам дзед па стане здароўя нават не меў магчымасці трымаць слухаўку. Усё, што было даступна, — праз маці туды-сюды перадаваць нейкія паведамленні.

Апошнюю размову з ім зімой, напачатку гэтага года, я буду памятаць доўга: ён тады пачаў неяк падсумоўваць тое, што рабіў для Беларусі і ўпершыню паскардзіўся на здароўе. А ён ніколі на яго не скардзіўся, як бы дрэнна ні было. Тады я зразумела, што нешта ўжо ў ім змянілася, што ён развітваецца…

87 год — вялікі ўзрост, але каранавірус, канечне, наклаў свой адбітак. У яго апошнюю ноч на 4 мая дзядуля быў разам з жонкай. Пра смерць яна паведаміла маці, а тая ўжо мне, як я прачнулася. На той момант гэта ўжо было паўсюдна ў навінах».

«Галоўнае, каб мы ўсе працягвалі справу, якую рабіў мой дзед у сваім імкненні да незалежнай Беларусі»

Стася разумела, што аднойчы прыйдзе дзень, калі дзядулі не стане, і загадзя пачала сама з сабой дамаўляцца, што не будзе прыязджаць у Беларусь на пахаванне, як бы ні хацелася, каб не абцяжарваць жыццё блізкім, калі яе ўсё ж затрымаюць. 

«Я буду жыць цёплымі ўспамінамі пра дзеда. Мы ладзім імшу ў Варшаве: у нядзелю а 18-й у касцёле святога Аляксандра. Галоўнае, мне падаецца, не факт маёй прысутнасці на пахаванні, а каб мы ўсе працягвалі справу, якую рабіў мой дзед у сваім імкненні да незалежнай Беларусі. На свабодзе я магу рабіць хоць нешта. Але мне няпроста, суцяшае думка, што я не першае пакаленне з сям’і, якое праходзіць праз такія выпрабаванні, і вось гэтае адчуванне сувязі пакаленняў неяк дапамагае», — кажа Стася.

Стася з дзядулем

Яна запомніла дзядулю як хадзячы стоўп энергіі: дзе б ён ні з’яўляўся, заўсёды рабіўся цэнтрам увагі.

«Дзед калекцыянаваў гульнявыя карты, а мая задача ў дзяцінстве была трымаць гэтую калекцыю ў парадку. Мне вельмі цікава было іх разглядаць: там былі карты з усяго свету — людзі ведалі пра хобі дзядулі і прывозілі яму карты. І ён потым пра кожную калоду расказваў, адкуль яна і пра што».

Навучыў квасіць капусту і раіў не лезці ў палітыку

Адзін з самых яркіх успамінаў Стасі з дзяцінства — дзень, які дзядуля цалкам правёў з ёй.

«Вядома, якую маленькую пенсію яму прызначыў Лукашэнка (у 1996 годзе Станіслаў Шушкевіч атрымліваў дзяржаўную пенсію ў памеры 3,2 млн беларускіх рублёў ($300), а пасля дэнамінацыі і з улікам рашэння Лукашэнкі яна склала 3,3 тыс. беларускіх рублёў, што было эквівалентна $1,9. Пазней палітык змог аформіць звычайную пенсію па ўзросце: яна складала каля 200 даляраў. — «НН»), таму прыходзілася вельмі шмат працаваць, у тым ліку за мяжой, куды дзядуля ездзіў з лекцыямі. Яго часта не было дома, але калі ён вяртаўся, бег да нас.

Памятаю, прачнулася неяк, і дома няма бацькоў, а ёсць толькі дзед. І ён стаяў, круціў разетку (ён увогуле ўвесь час нешта рамантаваў дома ці на лецішчы, гэта была яго любімая справа). Разам на яго «Жыгулях» мы паехалі ў будаўнічую краму. Увесь дзень з дзедам — было такое шчасце!» — усміхаецца дзяўчына.

У дзяцінстве

Станіслаў Станіслававіч навучыў унучку квасіць капусту: на кухні ў яго заўсёды меліся слоікі з ёй і гуркамі. Прычым рабіў ён саленні сам, нікога больш не дапускаючы да гэтай справы. Нават у ляжачым стане, незадоўга да смерці, прасіў прыносіць яму моркву, каб начысціць.

«Яшчэ дзед вучыў мяне ставіцца да ўсіх па-чалавечы і казаў не лезці ў палітыку, але тут не атрымалася», — каментуе Стася. Дзяўчына працуе ў Беларускім моладзевым хабе, сузаснавальніцай якога з’яўляецца.

Унучка з дзедам мала размаўляла «па душах». Па тэлефоне Шушкевіч абмяжоўваўся пытаннем «Як справы?», але тэліў пры гэтым пастаянна з любой кропкі свету.

«Ëн не любіў эмацыйныя размовы, аддаваў перавагу справам. Ëн мяне выратаваў у чатыры гады, калі я трапіла ў рэанімацыю з невядомым вірусам, нейкай кішачнай інфекцыяй. Тады ён уварваўся да мяне, знайшоў патрэбных лекараў, і мяне перавезлі ў лепшы шпіталь. І вылечылі. Гэта быў 1998 год, у дзеда было шмат іншых справаў, але вось калі нешта было патрэбна сям’і, ён быў галоўнай асобай, якая вырашала ўсё», — з гонарам кажа Стася. 

***

Развітанне з Шушкевічам адбудзецца ў суботу 7 мая ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску (плошча Свабоды, 9).

10.00 — магчымасць развітацца ў цішыні і індывідуальная малітва аб вечным жыцці для памерлага Станіслава;

12.00 — пахавальная Святая Імша.

Чытайце таксама:

«Хер яны чым беларусаў возьмуць!» Вядомыя асобы згадваюць Станіслава Шушкевіча

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
50
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930