Затрымалі на антываеннай акцыі, а пасля адправілі ў СІЗА — за фота ў тэлефоне
Маргарыту Блашко затрымалі за тое, што яна сігналіла ў машыне падчас антываеннай акцыі ў Мінску. А пасля выставілі абвінавачванне па крыміналцы. Што вядома пра гэтую дзяўчыну?
Фота: сацыяльныя сеткі
Маргарыце 28 гадоў. У 2017 годзе яна скончыла прыватны Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва, адвучылася на эканаміста-менеджара.
Летась Маргарыта працавала ў казіно. Пасля прайшла курсы UI\UX-дызайну і шукала працу па гэтай спецыяльнасці.
«Ужо на першых занятках я зразумела, што гэта той момант, калі вочы гараць і хочацца расці, развівацца і станавіцца прафесіяналам», — пісала яна ў рэзюмэ.
Дзяўчыну затрымалі 28 лютага падчас антываеннай акцыі. Як піша «Вясна», прычынай стала тое, што яна сігналіла ў машыне. Пасля ў Следчым камітэце ў тэлефоне Маргарыты знайшлі відэа з пратэстаў за 2020 год.
Дзяўчыне прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
***
Падтрымаць Маргарыту можна лістом на наступны адрас:
СІЗА-1, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, 220030,
Блашко Маргарыце Сяргееўне.