Знайсці
07.05.2022 / 15:05РусŁacБел

Кандрусевіч: Шушкевіч прабіваў шлях да нашай незалежнасці

Каталіцкія іерархі выступілі з прамовамі падчас развітання ў менскім архікатэдральным касцёле з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам.

«Я не дазволю, каб свет смяяўся з Беларусі. Я хачу, каб свет гаварыў пра Беларусь толькі добра», — прыгадаў словы першага кіраўніка краіны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас пахавальнай Імшы.

«8 снежня 1991 года ў Віскулях адбыўся пачатак новай гісторыі нашай краіны. Там быў ты, спадар Станіслаў. Ты быў творцам дакумента, дзякуючы якому мы атрымалі незалежнасць, — сказаў мітрапаліт на пенсіі. — Сёння мы развітваемся з першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Чалавекам, які стаяў ля вытокаў гэтай незалежнасці і які тварыў гэтую незалежнасць. Ён пакінуў глыбокі след у нашай гісторыі».

Кандрусевіч прыгадаў гісторыю з 1990 года, калі Шушкевіч спрыяў перадачы будынка сённяшняй духоўнай семінарыі ў Гродне. «Мы пайшлі да Станіслава Станіслававіча. Я яму прадставіў усю справу — нам патрэбна семінарыя, і Касцёл не можа адрадзіцца без сваіх святароў і без семінарыі. Ён тады сказаў словы, якія заўсёды памятаю: «Я не дазволю, каб свет смяяўся з Беларусі. Я хачу, каб свет гаварыў пра Беларусь толькі добра». Станіслаў Станіслававіч, мы сёння дзякуем табе за тыя словы. Яны змянілі нашу гісторыю. Мы ўвайшлі ў тую семінарыю, і на сёння з яе выйшлі больш за 200 святароў», — сказаў былы Мінска-Магілёўскі мітрапаліт.

«Сёння мы дзякуем табе за адкрытасць, за захаванне права на рэлігійную свабоду, якое з’яўляецца адным з галоўных праў чалавека. Бог стварыў чалавека свабодным», — сказаў Кандрусевіч.

Каталіцкія іерархі падзякавалі Шушкевічу за спрыянне Касцёлу ў вяртанні святыняў і рэлігійную свабоду ў Беларусі.

«Жыццё спачылага Станіслава прыпала на перыяд вялікіх пераменаў у нашай Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце. Гэта быў час вялікіх выпрабаванняў і вялікіх надзей», — сказаў мітрапаліт Іосіф Станеўскі.

Станіслава Шушкевіча пахаваюць на тых жа могілках, што і Рамана Бандарэнку

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера