Знайсці
10.05.2022 / 20:00РусŁacБел

Алесь Сантоцкі: Лукашэнка так і не зразумеў, чаму ўкраінцы выстаялі

Галоўная сіла Украіны не ў «мабільных групах» і «інфармацыі са спадарожнікаў», пра якія гаворыць Лукашэнка, а ў тым, што людзі матывавана абараняюць свабоду і магчымасць жыць так, як хочуць, у яднанні арміі і народа, і нацыянальным патрыятызме, які ў Беларусі душаць, піша Алесь Сантоцкі.

 

Праўкраінскі мітынг у акупаваным расійскімі войскамі Херсоне. Фота: AP Photo/Olexandr Chornyi

Два з паловай месяцы ўкраінскага супраціву расійскай агрэсіі робяць цуды. Нават такі ўшчэнт прарасійскі палітык, як Аляксандр Лукашэнка, днямі з трывогай канстатаваў, што расійская «спецаперацыя» зацягнулася, а сёння на нарадзе, прысвечанай абароннай замове, даволі нечакана выказаў і кампліменты на адрас украінскай арміі. Асабліва яму імпануе яе мабільнасць:

«Самымі эфектыўнымі, у тым ліку з боку ўкраінскіх Узброеных сілаў, аказаліся мабільныя групы, якія імгненна, нечакана набліжаліся да праціўніка, які іх нашмат пераўзыходзіць, наносяць моцныя ўдары, асабліва па тылавых скапленнях войскаў. Так мы гэта бачылі. Але для гэтага патрэбныя сродкі перасоўвання».

Пасля гэтага пайшлі разважанні адносна таго, што і беларускую армію трэба рабіць такой жа мабільнай, каб яна магла ў выпадку чаго выконваць свае баявыя задачы падобным чынам. І прамоўца нават пахваліўся, што мы ў гэтым кірунку даўно нібыта ідзём, бо яшчэ 10 гадоў таму ён на гэтым асабіста настойваў:

«10 гадоў, напэўна, таму я вас пераканаў у тым, што трэба ісці гэтым шляхам. І, як аказалася сёння, мы мелі рацыю, мы ў гэтым плане выйгралі. Хай 65—70 тысяч армія. Здавалася б, невялікая. Але і немалая, але яна вельмі мабільная. Раптоўнасць, нечаканасць у любой вайне гулялі важную ролю. А для гэтага трэба быць мабільнымі. Так мы і будавалі і перабудоўвалі ў трэці або чацвёрты раз свае Узброеныя сілы, сваю армію».

Ацэньваць, колькі ў гэтых словах праўды, а колькі пустой бравады, пакідаем афіцэрам, знаёмым з рэальнай сітуацыяй знутры. Адзначым толькі, што словы самога Лукашэнкі бескрытычна прымаць на веру ніколі нельга.

Але галоўнае ўсё ж не ў гэтым. Нават калі дапусціць, што з тэхнічным забеспячэннем беларускай арміі ўсё больш-менш у парадку, а камандуюць ёй найлепшыя тактыкі і стратэгі — хоць у апошняе, улічваючы ўніверсальны прынцып падбору кіраўнічых кадраў паводле асабістай адданасці правадыру, а не прафесіяналізму, верыцца слаба, — гэта ўсё ж такі далёка не адзіны і нават, відаць, не самы галоўны фактар, які можа прывесці да перамогі ці прынамсі годнага супраціву войска невялікай краіны, якая сутыкнулася з агрэсіяй з боку больш моцнага суседа.

Сучасныя зброя і тэхніка — гэта сур’ёзна, але іх значэнне змяншаецца, калі ў арміі слабы маральны дух, калі яе салдаты і афіцэры не хочуць ваяваць і не разумеюць, навошта і за што яны мусяць ахвяраваць сваімі жыццямі. 

І калі менавіта з гэтым духам усё ў парадку ў украінцаў, то наўрад ці гэтым зможа ў нейкі ўмоўны час «Ч» пахваліцца беларуская армія з усімі нібыта наяўнымі мабільнымі сродкамі.

Што найбольш здзівіла і расійскіх акупантаў, і нас, і ўвесь свет, а можа ў нейкай ступені і саміх украінцаў пасля таго, як 24 лютага Пуцін загадаў пачаць наступленне на Украіну? Найперш фантастычная кансалідацыя ў барацьбе супраць агрэсара не толькі войска ды іншых «сілавікоў», але і ўсяго ўкраінскага народа, прытым незалежна ад рэгіёна, паходжання, мовы, веравызнання і іншых фактараў.

Украінская армія аказалася сапраўды са сваім народам, а ўкраінскі народ — са сваёй арміяй. З народам і арміяй аказалася і палітычнае кіраўніцтва краінай, вакол якога адбылося згуртаванне як на цэнтральным, так і на рэгіянальным узроўні.

Чаму так сталася? Таму што людзі, як бы яны ні спрачаліся і ні сварыліся паміж сабой у мірны час, усё ж такі за апошнія дзясяткі гадоў прызвычаіліся ўспрымаць сябе паўнапраўнымі грамадзянамі адзінай дзяржавы — Украіны. Для іх яна стала адзінай радзімай, будучыня якой неадлучная ад персанальных лёсаў.

Ці магчымая сітуацыя, што беларускае грамадства гэтак жа сама аб’яднаецца перад наяўнасцю знешняй пагрозы пры тым, што ва ўладзе будзе заставацца Лукашэнка са сваёй вертыкаллю і сілавікамі? Немагчымая ніяк.

Бо Лукашэнка ўсе амаль тры дзесяцігоддзі свайго кіравання мэтанакіравана выпальваў усё тое, што натхняе людзей на подзвігі і самаахвярнасць: не казённы і не арганізаваны дзяржаўнымі органамі патрыятызм, грамадзянскую супольнасць з закладзеным у самой яе сутнасці памкненнем да самаарганізацыі, магчымасць паўнавартасна ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці і адпаведна адчуваць уласную адказнасць за тое, што робіцца ў краіне. І нават мову і нацыянальную культуру душыў і душыць.

Што прымусіла большасць украінцаў паверыць у вырашальны момант свайму кіраўніцтву і аб’яднацца вакол яго? Адчуванне ягонай легітымнасці з верху да нізу, абранасці на свабодных і дэмакратычных выбарах самім народам і адпаведна права на прыняцце ад імя ўсёй супольнасці важных рашэнняў, ад якіх залежыць лёс гэтай супольнасці. Плюс глыбокае адчуванне несправядлівасці, недарэчнасці таго, што хтосьці звонку хоча груба ўмяшацца ва ўнутраныя справы, пазбавіць украінцаў права самім вырашаць свой лёс пасля таго, як яны ўжо адчулі смак гэтага.

Цяжка выгнаць з клеткі на волю таго, хто ў ёй нарадзіўся ды вырас і нічога іншага ў жыцці не бачыў. Але гэтак жа сама цяжка загнаць у клетку любую жывую істоту, да волі прызвычаеную, а тым больш на ёй народжаную. Што ўжо казаць пра людзей.

Лукашэнка ж сам стварыў такую сітуацыю, пры якой ён не можа ў выпадку чаго разлічваць на падтрымку з боку патрыятычнай, вольналюбівай часткі насельніцтва Беларусі. Бо менавіта з ягоным іменем непасрэдна асацыюецца і нацыянальная здрада, і задушэнне ўсялякіх парасткаў вальнадумства.

2020 год паказаў, што не толькі ўкраінскае, але і беларускае грамадства, нягледзячы на зусім іншыя ўнутраныя абставіны, таксама даспела да разумення і жадання таго, каб быць суб’ектам палітыкі, прыняць на сябе адказнасць за ўласную краіну і яе лёс, неразарвальны са сваім уласным. Але Лукашэнка, разгарнуўшы беспрэцэдэнтныя ў Еўропе з часоў смерці Сталіна рэпрэсіі, брутальна задушыў гэты парыў, паставіўшы ўсё на захаванне асабістай неабмежаванай улады і напляваўшы на ўнутраную легітымнасць — і ў выніку застаўся перад усімі палітычнымі выклікамі сам-насам.

На штыхах нейкі час трымацца нелегітымнаму кіраўніку, як аказалася, можна, а вось мабілізаваць і згуртаваць вакол сябе грамадства, а перш за ўсё яго актыўную і патрыятычную частку, наўрад ці магчыма. А адсутнасць гэтай падтрымкі ды згуртаванасці будзе адчуваць і войска — яно ж частка грамадства.

Але, можа, усё гэта і не трэба? Ці ж той жа 2020 год не паказаў, што ў актыве Лукашэнкі ёсць тысячы супрацоўнікаў сілавых структур, якія засталіся вернымі яму ў тых умовах і гатовыя выканаць абсалютна любы ягоны загад? Ці не сталі б гэтыя асобы ядром супраціву ў выпадку рэальнай вайны?

Ёсць, аднак, нюанс. Людзей, здольных без асаблівых пакутаў сумлення ваяваць з уласным народам, у Беларусі сапраўды аказалася даволі, гэтага немагчыма адмаўляць. Але фарміраванні, здольныя і ахвочыя да карных дзеянняў супраць бяззбройных людзей, наўрад ці акажуцца настолькі ж спраўнымі, калі гаворка пойдзе пра супрацьстаянне Узброеным сілам іншай дзяржавы.

Чыста мілітарных поспехаў на франтах, напрыклад, Другой сусветнай, дабіваліся зусім не загараджальныя атрады НКВД і не нацысцкія айнзацгрупы.

Здольнасць прафесійна чыніць ваенныя злачынствы з аднаго боку і паспяхова весці рэальныя ваенныя дзеянні з другога — зусім розныя здольнасці. Што мы бачым сярод іншага і на прыкладах ужо цяперашняй, расійска-украінскай вайны.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
108
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930