Знайсці
11.05.2022 / 20:00РусŁacБел

«300—400 рублёў ніхто не дасць — дадуць рублёў 50—100». Забастоўку ў Маладзечне патушылі абяцаннем разавай дапамогі

11 мая работнікі Маладзечанскага малочнага камбіната абвясцілі страйк з-за рэзкага зніжэння заробкаў і масавых скарачэнняў. Пасля таго, як дзясяткі страйкоўцаў сабраліся ля прахадной, да іх прыехалі «людзі з Мінска», якія паабяцалі ўсім незадаволеным аднаразовую выплату, і тыя аднавілі працу. Удзельніца страйку распавяла выданню «Медыязона», як усё прайшло, і ці вераць на прадпрыемстве абяцанням менеджмэнту.

З-за чаго страйкавалі супрацоўнікі камбіната

Першым пра забастоўкі на Маладзечанскім малочным камбінаце паведаміў у сваім інстаграме блогер Расціслаў Чапурны. Ён зняў на тэлефон работнікаў прадпрыемства, якія сабраліся на прахадной. Яны сказалі блогеру, што праблемы пачаліся ў лютым, калі камбінат стаў вытворчым участкам Мінскага малочнага завода: заробкі ўпалі да 200—300 рублёў, а штат скарацілі з 200 да 50 чалавек. Тады рабочыя вырашылі выйсці на страйк і выклікаць кіраўніцтва на размову.

Супрацоўніца прадпрыемства па імені Марыя, якая ўдзельнічала ў стачцы, расказала «Медыязоне», што раней на камбінаце атрымлівалі ў сярэднім каля тысячы рублёў, а «самы мізэрны заробак быў 660». Цяпер работнікі атрымліваюць па 300—400 рублёў.

«Калі нас далучылі да Мінска ў лютым, сказалі, што заробкі меншымі не будуць. Хто вінаваты ў гэтай сітуацыі — ніхто не ведае. Мы атрымалі заробкі і не разумеем, як на іх жыць — гэта проста вельмі страшна. Майстры атрымалі 700 рублёў за 200 гадзін адпрацаваных. Яны кажуць, што прыработкі няма, а за кошт прыработкі нам плацяць заробак», — расказвае супрацоўніца.

Марыя кажа, што ў сакавіку кіраўніцтва камбіната перарабіла разліковыя лісткі і тарыфную стаўку, і яны сталі «больш-менш па Мінску». Супрацоўнікам паменшылі прэмію і прыбралі даход ад індэксацыі; надбаўка за стаж, са слоў Марыі, паменшылася з 25% да 15%, але падняліся тарыфныя стаўкі: «камусьці на 20 капеек, каму на рубель, каму на рубель сорак».

Незадаволеныя заробкам работнікі «тэлефанавалі ў Мінск», ім прапаноўвалі працаваць звышурочна. «А адкуль прыработка, калі Мінск не дае нам ніякіх заявак? Раней налівалі 12—14 тонаў смятаны, а цяпер тону, дзве, тры, шэсць — мізэр. Тое ж самае з малаком і кефірам. Бывае, што наогул няма нічога. Ім гэта не рэнтабельна, не выгадна. Правільна, яны там кругласутачна працуюць. Яны нашу сыравінную базу забіраюць сабе, вось так усё і атрымліваецца», — тлумачыць Марыя.

Паводле яе слоў, тарыфы на прадпрыемстве «наогул мізэр», з-за чаго, «адпаведна, будуць такія заробкі ў нас»; акрамя таго, на камбінаце ёсць і тэхнічныя праблемы: «Усё цячэ, усё зламанае. Ой, бардак, карацей».

Акрамя Маладзечна, распавядае Марыя, забастоўка сёння пачалася і на філіяле ў Валожыне, але туды «патэлефанавалі з Мінска» і пад пагрозай звальнення загадалі вярнуцца на працоўныя месцы. Калі страйкоўцы адмовіліся, да іх «выехалі людзі з Мінска». Марыя ўдакладняе, што не ведае, як прайшлі перамовы.

«Тое ж самае здарылася ў Нарачы — там людзі таксама без працы сядзяць. Там на чале з дырэктарам [Сяргеем] Круглікам выйшлі на страйк, наколькі я ведаю», — расказвае супрацоўніца. Іншых падрабязнасцяў забастоўкі ў Нарачанскім філіяле яна не ведае.

Да забастоўкі, кажа Марыя, кіраўніцтва з Мінска «абяцала залатую будучыню», але супрацоўнікі камбіната настроеныя скептычна: «Усё будзе, напэўна, сумна і жорстка. Можа, сыр нам пакінуць, а астатняе, напэўна, усё зачыніцца. Сыркі не працуюць, малако не даюць наліваць».

Марыя сцвярджае, што менеджары прадпрыемства «два гады сядзелі і кралі сабе ў кішэню», а цяпер супраць іх распачатыя крымінальныя справы. «Усе вось чакаюць, пасадзяць ці не пасадзяць. Цяпер руліць паставілі нашу маладзечанку — яна была ў нас начальнікам вытворчасці. Ну а што яна? Яна ж не ад прыработкі працуе», — разважае субяседніца «Медыязоны».

Як прайшла забастоўка

Па словах Марыі, забастоўка пачалася раніцай. Работнікі пайшлі да начальніцы вытворчасці Лідзіі Стаўравай, каб пагаварыць пра нізкія заробкі. Гэта выніку не дало, і да дзявятай гадзіны яны накіраваліся ў цэхі, але не сталі запускаць абсталяванне.

Неўзабаве рабочым паведамілі, што на перамовы да іх едуць «мінскія людзі», якія «на Валожыне». Перагаворшчыкі сапраўды прыехалі пасля сходкі ля прахадной — туды, паводле ацэнкі суразмоўніцы «Медыязоны», выйшла 20—30 чалавек.

Хто менавіта прыехаў на перамовы са страйкоўцаў, Марыя растлумачыць не змагла. Яны прыехалі, паабяцалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу за красавік, але яе памер не ўдакладнілі: «Вы ж разумееце, што 300—400 рублёў ніхто не дасць — дадуць рублёў 50—100. З такімі цэнамі пражыць за 400 рублёў — гэта проста трэш». 

Пасля гэтай размовы ўдзельнікі стачкі вярнуліся на свае працоўныя месцы. Адразу пасля гэтага, па словах Марыі, перагаворшчыкі паехалі ў філіял у Валожыне: «Там ні фуры не грузіліся, нічога. Там Валожын мёртва стаяў. Там адзін за аднаго. Там не такія баязліўцы, як у нас».

«Ну, кожны баіцца застацца без працы. Маладзечна ў нас наогул. Дзе тут якую працу знайсці? Адныя крамы адкрываюцца. А ў людзей 30 гадоў стажу. Уявіце, усё жыццё працаваць на вытворчасці і пайсці за вароты? Усе баяцца, усе трымаюцца. Гэтых 400 рублёў баішся страціць. Ну і сёння неяк казалі ўжо не баючыся», — расказала Марыя.

Чытайце таксама:

Работнікі малаказавода ў Маладзечне сабраліся на прахадной з-за нізкіх заробкаў, пагражаюць звольніцца

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
24
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930