Знайсці
12.05.2022 / 19:18РусŁacБел

Беларускія праграмісты з дапамогай дапоўненай рэальнасці паказалі, як выглядаюць разбураныя расіянамі ўкраінскія гарады

Беларускія і ўкраінскія распрацоўшчыкі праграмы дапоўненай рэальнасці Look Out My Window замянілі ўвесь кантэнт праграмы на відэа з разбураных украінскіх гарадоў. Зараз вы можаце зрабіць у сваёй кватэры віртуальнае акно і паглядзець, як выглядаюць зруйнаваныя расіянамі ўкраінскія гарады.

AR. TEAM (Augmented Reality) — кампанія з беларускімі каранямі, якая з 2020 года працуе ва Украіне.

Калі пачалася пандэмія кавіду і людзі масава пайшлі на дамашнія самаізаляцыі, кампанія распрацавала праграму Look Out My Window, якая дазваляла з дапамогай дапоўненай рэальнасці ствараць віртуальнае акно ў вашай кватэры, і такім чынам назіраць, як выглядае жыццё ў розных куточках свету. Можна было ў анлайне дадаваць від са свайго акна ў агульную сусветную базу. Вось як гэта выглядала.

Але цяпер распрацоўшчыкі замянілі ўвесь відэакантэнт праграмы на кадры разбураных украінскіх гарадоў. Зараз вы можаце прымераць у сваёй кватэры віртуальнае акно з гарадоў Украіны: Марыупаля, Краматорска, Бучы, Ірпяня, Барадзянкі і Харкава.

Распрацоўшчыкі такім сваім крокам хочуць звярнуць увагу на сітуацыю ва Украіне на фоне вайны і гуманітарнай катастрофы.

«У нас сябры з Ірпяня і іншых гарадоў Украіны. Не ведаю, ці магчыма з дапамогай праграмы хоць крышачку адчуць той жах і тую катастрофу, з якой сутыкнуліся ўкраінцы. Мы хацелі паказаць, што свет ужо не будзе такім, якім ён быў раней. Хацелі хоць трохі падтрымаць украінцаў, бо нам не ўсё адно», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з распрацоўшчыкаў праграмы.

Карыстальнікі могуць даслаць распрацоўшчыкам на гэты мэйл новыя відэа з Украіны, якія потым будуць дададзены у праграму.

Таксама можна даслаць іншыя ідэі, як AR можа дапамагчы Украіне ці Беларусі. Праграмісты рэалізуюць найлепшыя задумы. 

ММ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера