Знайсці
20.05.2022 / 15:15

Шчанюк Дзмітрыя Баскава і чыстыя сядзенні на стадыёне. Што дзяржрэсурсы пішуць пра беларускі спорт

Праз саўдзел Беларусі ў вайне наш спорт трапіў пад жорсткія санкцыі. Высылка з Паралімпіяды, поўная ці частковая забарона на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах — ад біятлона і шахматаў да бокса і хакея… Мы вырашылі высветліць, што ў такіх умовах пра яго распавядаюць прадзяржаўныя рэсурсы. 

Рэспубліканскія спаборніцтвы па валейболе ў Баранавічах, люты 2022 года. Звярніце ўвагу на балельшчыкаў на заднім фоне. Фота: nashkraj.by

«Беларусь-5»

Пачнём з галоўнага спартовага тэлеканала краіны. Шмат сюжэтаў за апошні час прысвечана праблеме санкцый, пад якія трапіў беларускі спорт. Загалоўкі яркія: «Біятлон не па-за палітыкай», «Паралімпійцы: мы будзем скардзіцца!», «Ці адбудзецца адхіленне беларускага тэніса?». 

Цікава пабачыць загаловак «Беларускі спорт абыходзіць санкцыі». Няўжо беларускія спартоўцы зноў з'явяцца на міжнародных стартах пад чырвона-зялёным сцягам? Але ж сюжэт працягласцю крыху менш за дзве хвіліны распавядае зусім не пра гэта. Ён — пра намаганні беларускіх і расійскіх спартовых чыноўнікаў арганізаваць сумесныя спаборніцтвы, у якіх, як сцвярджае ў сюжэце міністр спорту Сяргей Кавальчук, ужо цяпер жадаюць удзельнічаць «спартоўцы са шматлікіх краін».

А вось сюжэт пад назвай «Асабісты брэнд. Навошта ён патрэбны». На застаўцы роліка — фатаграфіі батуціста Івана Літвіновіча, барчыхі Ірыны Курачкінай і лёгкаатлета Максіма Недасекава.

Нагадаем, што як Літвіновіч, так і Курачкіна падпісалі праўладны адкрыты ліст спартсменаў, а Недасекаў — вядомы прыхільнік дзейных беларускіх уладаў. Па меркаванні «Беларусь-5», яны ідэальна ілюструюць тэму асабістага брэнда.

Недасекаў стаў героем яшчэ аднаго з нядаўніх сюжэтаў «Беларусь-5». Гучыць яго назва так: «Недасекаў у ЛІЗЕ, але не ў брыльянтавай», і прысвечаны сюжэт стварэнню ўнутрыбеларускай лёгкаатлетычнай лігі (серыі спаборніцтваў, якія нібыта павінны кампенсаваць беларускім спартсменам адсутнасць міжнародных стартаў). Паслухайце, як у роліку пра санкцыі выказваецца кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан: «Мы не тое каб невінаватыя, тое рашэнне, якое было прынятае, яно няшчырае і несправядлівае».

Дык вінаватыя ці не?

Лёгкая атлетыка

Далей зазірнём на афіцыйную старонку Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі (БФЛА). Большасць тэкстаў, што можна тут убачыць, прысвечаныя абласным і рэспубліканскім спаборніцтвам, але ёсць некалькі навін, якія вылучаюцца ў гэтым сумным шэрагу. Што ж яшчэ адбываецца ў беларускай лёгкай атлетыцы?

Вось, напрыклад, «Забег адважных», які прайшоў у Мінску на 9 мая намаганнямі ў тым ліку і БФЛА. Удзельнікам забегу давялося пералазіць праз сцены і БТР, паўзці пад калючым дротам і сеткай, пераносіць на сабе пакрышкі і гэтак далей.

Фоты забега: bfla.eu

Калі адзначаць Дзень перамогі нашэннем пакрышак — не ваша, БФЛА можа прапанаваць альтэрнатыву: «Манастырскі забег» ці сямейны забег «Слонімская міля». Пройдзе ўсё гэта ў Жыровіцкім мужчынскім манастыры, і на выбар прапануюць тры розныя дыстанцыі. Бегаць атлеты-аматары будуць каля самога манастыра, купелі, Саборнай вуліцы, стадыёна, мясцовых вёсак і дрыгвы. 

Сярод іншых навін на сайце БФЛА за апошні час адзначым сустрэчу з расійскім лёгкаатлетам Юрыем Барзакоўскім і іншыя аматарскія забегі: напрыклад, спаборніцтвы ля Нясвіжскага замка ці забег «у памяць ахвяр Чарнобыльскай катастрофы» пад назвай «Брагінская дзясятка».

Справядліва будзе паведаміць, што БФЛА піша і пра намаганні неяк выправіць сітуацыю з банам на міжнародных спаборніцтвах. З гэтай мэтай у Беларусі, як ужо пісалі вышэй, ствараюць уласную лёгкаатлетычную лігу.

«Прэсбол»

Што піша пра спорт некалі славутая газета? На сайце «Прэсбола» (50% актываў газеты належыць дзяржаўнай федэрацыі футбола), акрамя справаздач і навін пра пераходы гульцоў з адной каманды ў іншую, знаходзім інтрыгуючы тэкст пад назвай «Памятаю, як прыходзілі на стадыён з півам і нармальна адпачывалі. Чаму забаранілі?» Атмасфера вялікага футбола на «Будаўніку». «Будаўнік» — гэта стадыён салігорскага «Шахцёра», цяперашняга чэмпіёна краіны па футболе.

Сам тэкст — агляд стадыёна, у якім арэну ацанілі на 29 балаў з 40 магчымых. Некаторыя фрагменты з гэтага агляду — самі па сабе сведчанне таго, чым і як жыве беларускі спорт. Напрыклад, камплімент стадыёну за тое, што на ім дастаткова чыстыя сядзенні, каб не трэба было па беларускай футбольнай традыцыі нешта на іх класці, ці фраза аматара: «Туалеты? Мы лічым за лепшае цярпець».

Фота з «Будаўніка». Крыніца: pressball.by

Прапускаем міжнародныя навіны (бо нас жа цікавіць Беларусь!), але заўважаем сціплую нататку пра тое, што зборная Беларусі па футболе правядзе хатні матч са Славакіяй у сербскім горадзе Нові-Сад. Вось яно, адно з наступстваў санкцый: Беларусь цяпер не можа ладзіць на сваёй тэрыторыі міжнародныя матчы пад эгідай УЕФА.

З іншых навін адзначым хіба што інфармацыю пра тое, што вядомы беларускі біятланіст Сяргей Бачарнікаў заканчвае кар'еру. Біятлон, нагадаем, цяпер таксама пад санкцыямі, так што Бачарнікава ў выпадку працягу кар'еры чакалі б хіба што выступы на сумесных турнірах з расіянамі. Ці, як абяцаў Кавальчук, на турнірах з прадстаўнікамі шматлікіх іншых краін — вось толькі за апошнія месяцы самі замежныя спартсмены не выказвалі жадання паспаборнічаць у Беларусі.

«Мінская праўда» (mlyn.by)

Адзін з самых адыёзных беларускіх рэсурсаў, ад якога, здаецца, можна чакаць сапраўды незвычайных спартыўных навін. Зноў шукаем нешта арыгінальнае і не звяртаем увагі на справаздачы ды міжнародныя навіны.

7 мая на гэтым рэсурсе выйшаў эмацыйны артыкул пад назвай «Міжнародны паралімпійскі камітэт працягвае здзекавацца з паралімпійцаў». Сэнс у тым, што на пазачарговай генеральнай асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэта будзе ўзнятае пытанне аб членстве ў ёй паралімпійскіх камітэтаў Расіі і Беларусі.

Вось як аўтар тэксту рэагуе на гэтую навіну: «Мне пасля падобнай інфармацыі хочацца хутчэй пабегчы ў ванную, вымыць рукі і старанна іх выцерці, таму што агучаная кіраўніком камітэта Эндру Парсансам інфармацыя не можа не выклікаць у нармальнага чалавека пачуццё гідлівасці». І яшчэ: «Прыпыненне або спыненне членства Паралімпійскіх камітэтаў Расіі і Беларусі [адбылося] у сувязі з падзеямі ва Украіне. То-бок, гэта пакрыўджаныя лёсам людзі праводзяць спецаперацыю».

У такім выпадку цікава, а ці не з'яўляецца падтрымкай вайны наведванне «ДНР» беларускім паралімпійцам Аляксеем Талаем?

Вось яшчэ некалькі яркіх загалоўкаў ад «Мінскай праўды»:

  • «Дзмітрый Баскаў — шчанюк ходзіць за мной хвосцікам», — тэкст пра сабаку, якога Лукашэнка падарыў сенатару, былому хакеісту, замяшанаму ў забойстве Рамана Бандарэнкі, Дзмітрыю Баскаву. Жывёлу забралі ў гаспадыні, якая жорстка з ёй абыходзілася.

Фота Дзмітрыя Баскава: БЕЛТА

  • «Пакараць смерцю нельга памілаваць — чыноўнікі УЕФА робяць добрую міну пры дрэннай гульні», — рэакцыя на тое, як УЕФА разглядалі магчымасць удзелу ці няўдзелу беларускіх і расійскіх футбольных клубаў у еўракубках наступнага сезона. Па меркаванні аўтара, так, як прэзідэнт УЕФА Аляксандэр Чэферын, сваю думку могуць падаць толькі «людзі, якія не адказваюць за свае словы і ўчынкі».
  • «Спорт без Беларусі і Расіі — тое ж самае, што шлюбная ноч без нявесты» — аповед, поўны абяцанняў, што спартовы свет яшчэ пашкадуе пра адхіленне беларусаў і расіян ад міжнароднага спорту, і што да забаненых спартсменаў далучыцца Кітай і іншыя азіяцкія краіны, якія стануць праводзіць «сумесныя турніры» з тымі, хто трапіў пад санкцыі. Як піша аўтар, ініцыятары санкцый «рубяць сук, на якім сядзяць», а славяне «заўсёды знаходзілі выхад з самых цяжкіх сітуацый», і цяпер «знаходзяць».

Час пакажа.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Беларускія спартоўцы разам выступілі супраць вайны. Хто падпісаў зварот?

«Яны проста абалонка ў выглядзе чалавека». Легендарны футбаліст і трэнер Хацкевіч — эмацыйна пра вайну і саўдзел: «Трэба яшчэ больш жорсткія санкцыі»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
8
Ого
Сумна
1
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31