Знайсці
15.05.2022 / 22:19

Гульцы «Шахцёра» і «Дынама» пабіліся на полі пасля матча, а БАТЭ ўпершыню ў сезоне не забіў. Чым запомніўся восьмы тур Вышэйшай лігі па футболе?

Чэмпіён краіны і бронзавы прызёр мінулага першынства вызначалі мацнейшага не толькі на полі, але і на кулаках. Салігорск перамог — і абышоў мінчукоў у табліцы. Да таго ж «гарнякі» скарацілі адставанне ад лідара лігі, які згубіў ачкі ў Жодзіне з-за анамальнай для Барысава «нулявой» рэалізацыі.

Салігорскі «Шахцёр» на апошніх хвілінах сустрэчы перамог мінскае «Дынама». Фота: vk.com/fcshakhterby

Ташуеў зноў скарыў «бела-блакітных»

Мінскае «Дынама» выпраўлялася на стадыён «Будаўнік» з серыяй у 11 сустрэч без параз у актыве. Да таго ж сталічныя футбалісты падчас першынства-2022 нязменна перамагалі, калі гулялі ў гасцях. Таму сустрэча з чэмпіёнам краіны ў Салігорску каманду Арцёма Чалядзінскага не вельмі страшыла.

А дарма, бо напярэдадні падначаленыя Сяргея Ташуева два туры запар дамагаліся мінімальнага поспеху на самых апошніх хвілінах двубоя. Да таго ж расійскі трэнер ніколі ў кар'еры «Дынама» не саступаў. І меў намер надалей працягнуць трэнд.

Збольшага ў настаўніка гарнякоў гэта атрымалася. «Шахцёр» цягам вечара выглядаў больш прывабна, ціснуў больш істотна і часцей ствараў небяспеку ля брамы гасцей. Аднак забіць «Шахцёру» давялося толькі раз — ды зноў у дададзены час. На 95-й хвіліне гаспадары зарабілі пенальці, які рэалізаваў Дарба.

З боку мінчан прызначэнне адзінаццаціметровага выклікала хвалю абурэння. Калі ж пасля фінальнага свістка высветлілася, што гол стаў адзіным у матчы, дынамаўцы працягнулі спрэчкі — аднак ужо не толькі з арбітрамі, але і з супернікамі.

Сутычкі на словах перайшлі ў кулачную бойку, па выніках якой дынамавец Арынья атрымаў жоўтую картку, а гулец «Шахцёра» Шатара — выдаленне.

Дадамо, што перамога гарнякоў дапамагла ім абысці «Дынама» ў турнірнай табліцы — і прабіцца на трэці радок.

БАТЭ ўпершыню ў сезоне не забіў

Рымэйк чвэрцьфінала Кубка Беларусі, дзе перамаглі барысаўчане, у рамках першынства выйшаў для лідара першынства менш прывабным. БАТЭ за 90 хвілін так і не здолеў засмуціць геаграфічных суседзяў — і ўпершыню у чэмпіянаце пакінуў поле без галоў. Аднак у «жоўта-блакітных» ёсць апраўданне: з 44-й хвіліны яны гулялі ў меншасці з-за выдалення Міліча.

«Тарпеда» ж вынік, безумоўна, можа занесці сабе ў актыў. Як мінімум таму, што другую сустрэчу запар жодзінцы не прапусцілі, хаця да гэтага ў шасці сустрэчах даставалі мяч з сеткі 11 разоў.

Брэст у крызісе

Упершыню ў гісторыі каманда з берагоў Буга пачынае першынства з васьмі сустрэч без перамог. На тыдні «Дынама» падзяліла ачкі з «Белшынай», што толькі-толькі ўзнялася з дывізіёна рангам ніжэй. Да таго ж «бела-блакітныя» прапусцілі першымі — і ўратаваліся толькі дзякуючы голу Арашкевіча.

Паказальна, што крызіс «бела-блакітных» цягнецца ажно з мінулага сезона.

Пасля валявой перамогі над «Тарпеда» ў 20-м туры чэмпіяната-2021 каманда правяла 18 сустрэч, з якіх узяла верх толькі аднойчы!

Відавочна, што «Дынама» патрабуюцца радыкальныя змены, інакш чэмпіён-2019 рызыкуе пакінуць элітны дывізіён.

Астатнія сустрэчы восьмага тура скончыліся наступным чынам:

  • «Віцебск» — «Гомель» — 1:1
  • «Энергетык-БДУ» — «Мінск» — 2:0
  • «Іслач» — «Славія» — 0:2
  • «Слуцк» — «Дняпро» — 2:2
  • «Нёман» — «Арсенал» — 2:0

Турнірную табліцу ўзначальвае БАТЭ з 20 ачкамі, другое месца за «Энергетыкам» — 18 балаў, трэці радок дзеляць «Шахцёр» i мінскае «Дынама», у якіх па 15 ачкоў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31