Знайсці
15.05.2022 / 23:21РусŁacБел

Калі эканоміка абваліцца, ці будуць пратэсты? Ёсць два варыянты развіцця падзей

Прафесар Андрэй Вардамацкі расказаў пра вынікі апошняга сацыялагічнага даследавання ў інтэрв'ю на канале «Жыццё-маліна». Прыводзім самыя цікавыя высновы.

Скрыншот: Ютуб-канал «Жыццё-маліна»

Ці гатовы беларусы ваяваць і чаму многія вінавацяць ЗША?

«Самым важным з’яўляецца стаўленне да патэнцыйнага ўводу беларускіх войск на тэрыторыю Украіны. І тут сітуацыя такая — кожны дзясяты беларус да гэтага ставіцца станоўча.

Ёсць іншыя параметры.

Стаўленне да дазволу на размяшчэнне расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі — тут мы бачым класічны спліт падзелу грамадскага меркавання прыкладна на палову. Калі пытаць пра выкарыстанне беларускай інфраструктуры для баявых дзеянняў супраць Украіны, тут ужо змяняецца працэнт людзей, якія супраць, — дзве траціны. А калі пытаць пра адабрэнне ўводу войска Беларусі на тэрыторыю Украіну — тут кожны дзясяты падтрымлівае.

Што датычыць прызнання «Л/ДНР» Расіяй — да гэтага спакойнае стаўленне 50-60%, а да прызнання Беларуссю — меншы працэнт. Важна тое, што гэта вялікі працэнт. Ёсць рэха рускага свету ў медыйным сэнсе, медыйнае рускае мірапамазанне.

Важным пытаннем з’яўляецца — хто вінаваты? І тут першую пазіцыю займае Расія, а другую — ЗША. Расію вінаватымі лічаць кожны чацверты (25%), а ЗША — 20%. Зараз спецыфікай медыя-моманту з'яўляецца істотнае збліжэнне наратыву беларускіх дзяржаўных СМІ і расійскіх. Гэтае збліжэнне і прывяло да такіх лічбаў.

Датычна ЗША — чаму такая блізкая велічыня з Расіяй? З аднаго боку, ёсць вялікі пласт людзей, якія адразу згадваюць бамбёжкі Югаславіі, Ірака і г.д. Але ёсць пласт людзей, якія кажуць: гэта менавіта ЗША так доўга не дапамагалі Украіне зброяй, не закрылі неба, увялі недастатковыя санкцыі. То-бок ЗША вінаватыя ў недастатковых і неэфектыўных дзеяннях. Матывы супрацьлеглыя паміж сабой, але спалучаюцца і падвышаюць працэнт віны ЗША».

Калі эканоміка абваліцца — гэта дарога да пратэстаў. Але ёсць і іншы варыянт

«Эканамічная сітуацыя — горш за вайну ва ўспрыманні [беларусаў]. Эканамічная сітуацыя больш важны аспект жыцця, больш напружаны, больш трывожны для беларусаў, што знаходзяцца ўнутры краіны. Па ўсіх індыкатарах гэта выразна бачна: яна абваліліся мацней, чым у 2020 годзе, калі быў і кавід, і эканамічныя цяжкасці, і ўсё іншыя падзеі.

Калі эканамічная сітуацыя абваліцца — гэта дарога да пратэстаў, як варыянт.

Эканамічнае пагаршэнне можа, з аднаго боку, весці да агульнасацыяльнай пратэснай актыўнасці, а з іншага — да індывідуалізацыі альбо атамізацыі эканамічнай дзейнасці. Гэта калі кожны канкрэтны чалавек будзе думаць, што вырашыць свае эканамічныя праблемы індывідуальнай інтэнсіфікаванай дзейнасцю — працаваць не 8, а 15 гадзін на суткі і знаходзіць шмат розных працоўных месцаў адначасова. І такі, і такі вектар магчымы, але і то, і другое — шлях да турбулентнасці».

Ці ёсць у грамадстве раскол?

«Беларускае грамадства зараз у стане інтэнсіўнага латэнтнага развіцця. Расколу ў сэнсе нянавісці адно да аднаго няма. Як бы там што ні падагравалася, не дайшло да гвалтоўных дзеянняў, не дайшло, тым больш, да грамадзянскай вайны. Ёсць істотна розныя пункты гледжання, але людзі на бытавым узроўні неяк узаемадзейнічаюць паміж сабой.

Калі ўжо карыстацца тэрмінам «раскол», дык ёсць раскол паміж грамадзянамі ў сваёй масе і арганізаванай узброенай часткай грамадства, якая вельмі невялікая па сваёй працэнтнай прапорцыі.

Ёсць пэўнае каштоўнаснае ўзаеманепаразуменне паміж «ябацькамі» і прыхільнікамі пераменаў. Але гэта не ёсць раскол, які даходзіць да фізічнага супрацьстаяння. Гэта не ёсць раскол эмацыйна-ненавісніцкі».

Пра тайну захавання рэйтынгу Лукашэнкі

«Гарызантальныя сувязі — адзіны магчымы спосаб арганізацыі грамадства і арганізацыі любога віду дзейнасці ў больш складаным сучасным свеце. Нельга кіраваць складанымі працэсамі, не дэлегуючы паўнамоцтвы. Нельга, нават калі ты самы геніяльны.

Частка людзей, якая ў большай ступені арыентаваная на працу ў складаных сістэмах, менавіта ў якіх працуе дэлегаванне паўнамоцтваў, выехала. І калі такі працэс адбываецца, дзяржава губляе свае канкурэнтныя магчымасці па адносінах да навакольнага свету.

Магу сфармуляваць формулу, яна непрыемна гучыць. Тайна захавання рэйтынгу Лукашэнкі — гэта паніжэнне прафесійнага і якаснага складу і ўзроўню насельніцтва».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера