Знайсці
16.05.2022 / 08:20РусŁacБел

Дзіўная і шчаслівая гісторыя ката з Бучы, якога знайшлі ў Беларусі і вярнулі ўкраінскай гаспадыні ў Чэхію

Выданне «Думская» апублікавала гісторыю пра мэйн-куна Макса з Бучы, якога беларускія валанцёры вярнулі гаспадарам ‒ сямʼі адэсіткі Алены, якая больш за год таму перабралася жыць пад Кіеў.

Дом Алены, яе мужа і паўтарагадовага сына знаходзіўся за тры кіламетры ад Гастомельскага аэрадрома, у Бучы. Калі ў канцы лютага іх пачалі бамбіць, было вырашана, што муж завязе іх у Жытомір, а сам вернецца назад за рэчамі і катом.

«Калі мы даехалі да мяжы Кіеўскай вобласці, пачалі тэлефанаваць суседзі і казаць, што пасёлак бамбуюць і высадзіўся дэсант. Мы зразумелі, што вяртацца няма куды», ‒ кажа жанчына.

У пачатку сакавіка пасёлак акупавалі, а ў іх доме пасяліліся расійскія вайскоўцы. У канцы сакавіка Бучу вызвалілі, і аказалася, што дом разрабаваны, у дзіцячым пакоі сапёры выявілі расцяжку з гранатай, а кот знік.

«Мы пачалі шукаць Макса. Я спадзявалася, што ён жывы і яго вывезлі валанцёры, якія ратавалі свойскую жывёлу. 38 дзён я ўпарта верыла, што ён жывы. Без доказаў, насуперак таму, што ўсё пісалі, што ў нашым пасёлку было пекла. Напэўна, задзяўблі ўсе фонды і валанцёрскія цэнтры і групы падтрымкі Гастомеля і Бучы », ‒ распавядае Алена.

Месяц таму ёй патэлефанавалі на вайбер з незнаёмага беларускага нумара.

«На кулоне былі вашыя кантакты, мы не ведалі, тэлефанаваць ці не і як вы паставіцеся да беларусаў, пасля ўсяго, што адбываецца», — сказала дзяўчына, якая тэлефанавала.

«Апынулася, што Макса выкралі расейцы. Кот праехаў больш за 300 км на брані расійскага БТРа разам са скрадзенай у жыхароў Бучы і Ірпеня бытавой тэхнікай. У раёне Гомеля мэйн-куну ўдалося збегчы і прыбіцца да мясцовых жыхароў», ‒ піша выданне.

Дзяўчына з Беларусі даслала фота Макса і ашыйніка з кулонам, дзе на адваротным баку быў QR-код з кантактамі Алены.

Беларускія валанцёры дапамаглі зрабіць Максу новы ветэрынарны пашпарт і чып і перадалі яго польскім валанцёрам на мяжы. Цяпер ён узʼяднаўся з сямʼёй у Чэхіі.

«Дзіўна, але словы пра тое, што кот з Украіны і што мы жылі ў Бучы, спрацоўвалі як код: ніхто з мяне не ўзяў грошай, пры першым знаёмстве анлайн выбачаліся. За Лукашэнку, за тое, што так усё», ‒ распавяла Алена.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
95
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930