Знайсці
22.05.2022 / 21:28РусŁacБел

«Не, я не змірылася». Гэты палітвязень атрымаў 11 гадоў — пачытайце, як яго чакае жонка

Ціхан Восіпаў — 25-гадовы інжынер з БНТУ, якому прысудзілі 11 гадоў калоніі за наезд на вайскоўцаў. Пасля таго ДТЗ хлопец заехаў у вадаём, пакінуў там свой BMW і заявіў пра ўгон. Сёлета, якраз на Дзень волі, да тэрміну Ціхана дадалі яшчэ 7 месяцаў па артыкуле 411 («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Праект «1906» звязаўся з жонкай Ціхана Вольгай Восіпавай і пагутарыў пра новы тэрмін, а таксама пра прыгожую гісторыю кахання гэтай пары, якая шмат для каго можа быць узорнай.

Усе фота — з архіва Вольгі Восіпавай

«Як гэта мяне можна так хутка перастаць кахаць?»

«Мы з Ціханам пачалі сустракацца, яшчэ калі былі школьнікамі, і мне заўсёды было з ім весела, нават калі ён быў проста маім аднакласнікам. Неяк мы напісалі па хіміі кантрольныя на дзясяткі, і нас пасадзілі за адну парту, пачалі тады больш цесна камунікаваць.

А потым я паехала ў лагер, і пасля гэтага Ціхан пачаў мне пісаць, маўляў, так па табе сумаваў — а ў нас на той час яшчэ не было ніякіх рамантычных адносін. Думала, ён сумаваў па мне як аднакласнік, а калі прыйшла ў школу, ён мяне чамусьці падняў на рукі і пакружыў — маўляў, вось так моцна сумаваў. Потым Ціхан распавядаў, што, менавіта калі я паехала ў той лагер, ён зразумеў, што яму мяне не хапае.

Прапанаваў мне сустракацца, але я яму адмовіла, сказала: «Як мы з табой будзем сустракацца, мы ж аднакласнікі». Тады Ціхан прапанаваў перавесціся ў іншую школу, але я не зразумела, навошта гэта. Ён мне адказаў: «Добра, я зразумеў, думаю, у мяне гэта хутка пройдзе».

Мяне зачапілі гэтыя словы пра тое, што «хутка пройдзе», і я сама пачала прыцягваць да сябе яго ўвагу, бо як гэта мяне можна так хутка перастаць кахаць? І сама ў яго закахалася.

У верасні будзе дзесяць гадоў, як мы разам, а ў лістападзе — 5 гадоў нашаму шлюбу. Ён зрабіў мне прапанову на пяцігоддзе нашых адносін.

Пастаянна згадваю, як мы з ім жылі да затрымання. Куды ні паглядзі — паўсюль успаміны. Бачыш лаўку, і згадваеш, што тут мы разам сядзелі, там мы разам ішлі, а вось там смяяліся над чымсьці. Бачыш падобных да Ціхана людзей — і думаеш пра яго. Прасцей з часам не робіцца.

Часам згадваю і жнівень 2020-га, але часцей усё-такі думаецца пра нешта станоўчае, пра тое, што добрае было паміж намі і ёсць цяпер, бо мы і цяпер падтрымліваем адзін аднаго праз лісты і на спатканнях. Пракручваю ў галаве тыя не вельмі прыемныя падзеі, пытаюся ў сябе: «А што, калі? Што яшчэ магла я зрабіць». Але потым разумееш, што нічога ты там асабліва змяніць не мог, і невядома, што б тады здарылася. Больш важна думаць пра тое, што б ты мог змяніць цяпер ці ў будучым».

Які Ціхан на самай справе

«Ён вельмі любіць маляваць, у тым ліку маркерамі, цяпер гэтыя маркеры дасталіся яго пляменнікам. Раней шмат маляваў у лістах, але ў апошні час яго малюнкі да мяне не даходзяць. Да мяне не трапіў, напрыклад, яго малюнак да 14 лютага і яшчэ адзін, які Ціхан адпраўляў пазней. Яны нібыта не прайшлі цэнзуру. На спатканні Ціхан распавядаў мне, што ён двойчы маляваў мой партрэт з фатаграфіі, і абодва разы яны не дайшлі — не ведаю, каму яны маглі спатрэбіцца. Сказала Ціхану: два разы патрэніраваўся, можа, у трэці раз увогуле ідэальны партрэт атрымаецца?

Калі мы ўжо пачалі з Ціханам жыць разам, заўважыла, што яму падабаецца рамантаваць усё ў доме ўласнымі рукамі, нешта пераробліваць да такой стадыі, каб усё было ідэальна. Мяне гэта не надта турбавала, а Ціхан бачыў самыя малыя хібы. Да нас неяк прыязджаў электрык і пераробліваў праводку, дык Ціхан потым усё выпраўляў за ім, бо тая праца атрымалася няроўная і непрыгожая.

Ціхан — дамасед, гэта я яго пастаянна некуды выцягвала, ён жа прапаноўваў застацца разам дома. Мы з Ціханам заўсёды любілі бавіць час разам, не абавязкова было ехаць да кагосьці ў госці, бо нам хапала адно аднаго. Але, калі быў на Валадарцы, пачаў пісаць мне: маўляў, будзем гуляць больш, мне цяпер не хапае зелені, паветра і шпацыраў, будзем гуляць паўсюль.

У апошні час да затрымання Ціхану падабалася займацца 3D-мадэляваннем, працаваць з праграмамі, звязанымі з дызайнам, будоўляй і інтэр’ерамі. Выпісаў сабе адпаведныя часопісы, пакуль ён у СІЗА, і папрасіў дасылаць яму артыкулы па дызайне і архітэктуры. Яшчэ ён з дзяцінства любіць LEGO.

Цяпер ён ужо не надта будуе планы. Раней, магчыма, думкі ў яго былі больш аптымістычныя, чакаў: магчыма, да новага года, да вясны, да лета здарыцца нешта добрае. Але цяпер Ціхан толькі спытаў у мяне на спатканні: «Ці ёсць нейкія перспектывы?» Кажу яму: пакуль не ведаю. Магчыма, заўтра нешта здарыцца, магчыма, праз год ці праз пяць гадоў. Ніхто не ведае, што будзе заўтра.

Я і сама цяпер не чакаю нейкіх дат ці сезонаў. Жывеш як ёсць, думаеш — будзем працаваць з тым, што маем. Пакуль нават не будую планы на наступны месяц, бо не ведаю, што чакае мяне на наступным тыдні. 

Пакуль не складалі план таго, што зробім, калі ён выйдзе — але, напэўна, будзем праводзіць больш часу разам. Думала пра тое, што было б добра проста некуды з’ехаць разам, мо ў нейкі лес, каб цябе ніхто не кранаў і не чуў. Не ведаю, наколькі Ціхан будзе з гэтым згодны».

«Страшна, што проста так павялічваецца тэрмін»

«На пачатку, калі я даведалася, што Ціхана чакае новае абвінавачванне, была ў шоку, прычым даведалася ж я ад трэціх асоб, а не наўпрост ад следчых. Але ж сем месяцаў, дык сем месяцаў. У Ціхана ўвесь тэрмін складае 11 гадоў, і яму залічвалі адзін дзень у СІЗА за паўтары ў калоніі, таму ў цэлым павінен быў атрымацца крыху меншы тэрмін. Але цяпер, як мы падлічылі, гэтае скарачэнне тэрміну нейтралізавалася.

Мы даведаліся пра новы артыкул літаральна ў канцы сакавіка, перад судом. Да гэтага за Ціханам налічваліся парушэнні ў калоніі, ён пісаў, што на яго складалі рапарты.

Ужо на наступны дзень пасля таго, як Ціхан прыехаў у калонію, ён трапіў у ШІЗА, потым зноў там апынуўся. Пасля гэтага Ціхана на месяц накіравалі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пасля ПКТ ён месяц прабыў у атрадзе, і потым яго зноў закрылі ў ПКТ на чатыры месяцы.

Не ведаю, чаму гэта здарылася з Ціханам. Яшчэ на Валадарцы ён атрымаў добрую характарыстыку, казалі, што ён не агрэсіўны, не канфліктуе з суседзямі, на судзе яе таксама чыталі. Ціхан праходзіў падчас следства экспертызу ў Навінках, там таксама казалі, што ў яго нулявая агрэсія і што яны рэдка сустракалі настолькі неканфліктных людзей. Не меў ні ШІЗА, ні нейкіх парушэнняў, але ў калоніі нешта пайшло не так, і там пачаліся парушэнні з рапартамі.

Пасля суда мы з мужам пабачыліся на дазволеным спатканні ў турме ў Магілёве, пагутарылі. Ціхан нармальна сябе адчувае, даволі бадзёра, не надта здзіўлены тым, што адбылося. Ён спакойны, няма такога, каб ён засумаваў праз адчуванне несправядлівасці.

Страшна, што так проста павялічваецца тэрмін. Але разумею, што ёсць людзі, якім цяпер горш, то-бок планка нармальнасці зніжаецца. Думаеш: жывы, здаровы — ужо нядрэнна, а ўсё астатняе можна выправіць».

«Для мяне вязні не адышлі на другі план»

«Калі Ціхана толькі забралі, гэта быў самы складаны для мяне момант за ўвесь час. Была ў шоку і не разумела, што адбываецца, нібыта атрымала наймацнейшую аплявуху, калі ўвогуле гэтага не чакала. Не разумела, чаго чакаць, і цяпер гэтага не разумею, жыву ў гэтым стане ўжо прыкладна год і дзевяць месяцаў. Адчуваю, што ў любы момант нешта можа змяніцца, і незразумела, у які бок, гэта жыццё на парахавой бочцы.

Прысуд для мяне быў прадказальны, бо тады прайшло ўжо нямала часу [з пачатку палітычных судоў], было зразумела, да чаго ўсё ідзе. Была, канечне, надзея, што ў нас нешта пачне змяняцца, але са статыстыкай не паспрачаешся.

Часам бывае цяжка, накатвае. Спачатку, здаецца, адаптуешся да сітуацыі, а потым падкідваюць нешта яшчэ. Пачынаецца паніка, думаеш, што табе рабіць і ці трэба ўвогуле нешта рабіць. Потым эмоцыі патроху ўлагоджваюцца і проста пачынаеш дзейнічаць, як павінен, і думаеш: хай будзе што будзе. Пачынаеш усведамляць, што ты можаш рабіць толькі тое, што залежыць ад цябе, а ад цябе залежыць не ўсё.

Для мяне вязні не адышлі на другі план. Але я разумею, што іншыя людзі стамляюцца, і што ім, каб захаваць псіхіку, часам трэба пераключацца на нешта іншае.

Прывыкла браць адказнасць на сябе і не чакаць нечага ад іншых людзей. Калі нехта прапаноўваў мне дапамагчы, я заўсёды ўспрымала гэта з удзячнасцю, а не як нешта належнае. Дапамаглі — дзякуй, не — дык не, і ў мяне няма адчування, што мне нехта нешта павінен».

«Надзея заўсёды ёсць, але я нічога не чакаю»

«Ці можна прывыкнуць да таго, што адбываецца з Ціханам?

Прывыкнуць можна да ўсяго, але ты ўсё роўна не здолееш з гэтым змірыцца і будзеш думаць, што яшчэ зрабіць, каб выправіць сітуацыю. Чалавек — такая істота, што можа адаптавацца шмат да чаго, хаця я і не ўпэўненая, што адаптавалася да гэткай сітуацыі ў сям’і. Але змірыцца? Не, я не змірылася.

Як спраўляюся? Ты проста ведаеш, што цябе чакаюць руцінныя справы, і робіш іх. Пішаш лісты, рыхтуеш і дастаўляеш перадачы. Ведаеш, што табе трэба карміць ката, таму працуеш і на перадачы, і на сябе, і на ката. То-бок спрабуеш прызямляцца і рабіць практычныя рэчы, каб трымаць сябе ў руках.

Мне яшчэ дапамагае, калі я вучуся чамусьці новаму. Нейкі час малявала акварэллю, а цяпер вучуся граць на ўкулеле і шыць на швейнай машынцы, і Ціхан радуецца, што я не сумую, а нечым займаюся. Яшчэ, калі адчуваю стрэс, пачынаю саджаць кветкі і зеляніну, і прыемна бачыць, як ты даеш чамусьці жыццё і яно расце і развіваецца.

Каб апісаць, як да ўсяго гэтага ставіцца Ціхан, раскажу адну гісторыю. Ён мне распавядаў на спатканні, як сядзеў у ШІЗА. Было вельмі холадна, ён апранаў на сябе некалькі камплектаў тэрмабялізны, каб сагрэцца. Спытала ў яго, як ён сябе адчувае пасля гэтага ўсяго. Адказаў: «Гэта быў, канечне, цікавы вопыт».

Шмат разоў прадстаўляла, якой было б наша сустрэча на волі. Думала, як пабачу яго ў калоніі, і баялася, што не пазнаю яго сярод іншых вязняў у аднолькавых робах, бо ў мяне не самы лепшы зрок, таму спадзявалася, што нехта яшчэ будзе каля мяне.

Кожны сезон думаю пра сустрэчу: пра тое, якой яна магла б быць узімку, вясной. Надзея заўсёды ёсць, але я нічога не чакаю. Здарыцца нешта добрае ў бліжэйшы час? Супер. Не? Жывём далей і працуем з тым, што маем».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

 Чытайце таксама:

«Спадзяюся, мяне прымуць у батальён Каліноўскага». 19-гадовы Ціхан Клюкач — пра катаванні палітвязняў і каханне, пранесенае праз краты

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера