Знайсці
16.05.2022 / 19:08РусŁacБел

«Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату». Капелан-беларус Яўген Орда расказаў, як перажыў расійскі палон

Вайсковы святар беларускага паходжання Яўген Орда служыць у Чарнігаве, будуе царкву Івана Ваяра на тэрыторыі былога Рэмзавода. Айцец Яўген распавёў гомельскаму выданню «Флагшток», як перажыў расійскую акупацыю і чаму ганарыцца беларусамі.

Яўген Орда — патрыёт Украіны, але часта падкрэслівае, што паходзіць з Беларусі і лічыць сябе беларусам. Расказвае, што ягоныя продкі калісьці ваявалі супраць расейцаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, за што іх саслалі на пасяленне ў сённяшнюю Чарнігаўскую вобласць. Таксама айцец Яўген даведаўся, што адным з ягоных продкаў з'яўляецца вядомы мастак Напалеон Орда.

Пасля пачатку вайны на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе Яўген Орда пачаў ездзіць да ўкраінскіх вайскоўцаў на Данбас, каб падтрымаць і прывезці гуманітарную дапамогу. За гэта ў 2015 годзе беларускія ўлады забаранілі святару ўязджаць на тэрыторыю Беларусі — памежнікі паставілі адпаведны штамп у пашпарце айца Яўгена, калі ён ехаў да сваякоў у Гомель.

У 2022 годзе вайна дабралася і да роднага Чарнігава — расійскія войскі падышлі да межаў горада, а Яўген Орда (ужо не першы раз за сваё жыццё) патрапіў у палон. Падрабязней пра ўсё расказвае далей сам капелан.

«Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату»

«Я сустрэў вайну капеланам Нацгвардыі. Шэсць дзён працаваў на Нацгвардыю. Пасля мяне папрасілі, каб я пахаваў бабулю Ганну ў Іванаўцы — гэта вёска за Чарнігавам, правы бераг Дзясны. Я пакінуў дакументы і тэлефон у аднаго мясцовага дзеда. Калі я пахаваў бабулю, мяне ўжо чакалі расейцы. Тэлефон забралі.

Я быў у берцах, хоць і ў расе, але таму мяне трохі пабілі. Ударылі па галаве, па крыжу білі, па спіне. З-за берцаў вырашылі, што я вайсковы. Кінулі ў падвал. Першыя дні я знаходзіўся з вайсковымі. Мяне нават выводзілі адзін раз ва двор, быццам бы расстраляць.

Выжыў, бо мяне не здалі іванаўцы — яны не сказалі, што я святар украінскай царквы. Я думаў, што могуць забіць. Баяўся вельмі за сям’ю. Бо мая памылка, я ўзяў у вёску жонку і дзяцей. Былі дакументы і тэлефон з фотаздымкамі, якія маглі раскрыць мяне. Але мы выжылі, і я ўдзячны іванаўцам.

Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату. У яго спыталі: якая ў вас царква — украінская ці расійская. Ён сказаў: «Хрыстова». Яго пабілі. Дарэчы, я прыехаў хаваць тую бабулю Ганну на яго тэрыторыю. Але ён мяне не здаў, нават нягледзячы на тое, што яго пабілі. Гэта сапраўдны святар».

«Тое, што раней я чытаў пра фашыстаў, тое я пабачыў у Іванаўцы»

«Калі ўжо вырашылі, што я не вайсковы, то сядзеў з жыхарамі вёскі. Агулам 29 дзён правёў у пограбе. Нас было спачатку 10, пасля 8 чалавек.

Дзеці хацелі жыць, гуляцца, выйсці на волю. Дачка, канешне закрылася, маўчала ці плакала. Малы гуляўся, нешта рабіў.

Рана раніцай выпускалі жонку гатаваць. Яна гатавала, а потым вярталася ў падвал, каб усіх накарміць. Вайскоўцы пазабівалі кароў і свіней. Нам пакідалі косткі, ці які шматок заставаўся, тое і елі. Ежы, канешне, было мала.

У Янаўцы сярод вайскоўцаў былі тувінцы, бураты, якуты. Яны шмат рабавалі, забілі на нашай вуліцы 8 чалавек. Адбылося гэта так. Загадалі людзям здаць грошы (каб здалі долары ці еўра, у каго былі). Людзі аддавалі грошы. А пасля былі вобшукі, знайшлі 20 тыс. долараў. Вывелі і расстралялі.

Стралялі і па іншых прычынах. У аднаго знайшлі вайсковую форму — расстралялі. Дзеда аднаго расстралялі, бо ён не пускаў у сваю хату. Гвалтавалі жанчын. Адну дзяўчыну вывезлі за вёску і там гвалтавалі. Гэта ўсё ваенныя злачынствы. Вось тое, што раней я чытаў пра фашыстаў, тое я пабачыў у Іванаўцы.

Я ўжо казаў, што ў нас былі якуты, тувінцы, бураты. А вось усе афіцэры быццам сібіракі, але казалі, што ў іх ёсць родзічы ва Украіне: у каго ў Львове, у каго ў Палтаве. Яны ўсім кіравалі і хваліліся, што ў іх продкі з Украіны.

Але, што я магу сказаць, гэтыя афіцэры закрываліся ў штабе ўначы, бо гэтыя п’яныя тувінцы хадзілі па сялу і рабавалі, гвалтавалі жанчын. І было такое, што самі гэтыя афіцэры забілі тувінца, бо ён крычаў п’яны.

Таксама расійскія вайскоўцы вельмі шмат рабавалі. Цягнулі «плазмы», трусы жаночыя, крэмы і маскі. Рабавалі ўсё што можна. Нават выкінулі сабаку з будкі і забралі будку. Гэта быў чацвёрты тыдзень, калі нас пачалі выпускаць на вуліцу, а расійскія войскі адступалі.

Тады яны ўсміхаліся, нават на «Вы» ўжо пачалі звяртацца да нас. Запытвалі, што нам патрэбна: можа быць, камусьці лекі, якія патрэбныя, можа, мы галодныя і нам трэба есці даць. А перад гэтым кароў усіх парэзалі ў вёсцы».

Царкву Івана Ваяра, якую будуе Яўген Орда ў Чарнігаве, абстралялі расійскія вайскоўцы

«Вельмі ганаруся, што беларусы сёння дапамагаюць украінцам»

«Зараз я адбудоўваю царкву Івана Ваяра. Служу набажэнствы тройчы на тыдзень.

Так, баліць сэрца, што ракеты ляцелі з нашай зямлі. Але варта ведаць, што ў Беларусі Лукашэнка. Шмат хто можа думаць, што мы з-за яго дрэнная нацыя. Але гэты чалавек забіваў беларусаў, ён нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца.

Вельмі ганаруся, што беларусы сёння дапамагаюць украінцам: займаюцца валанцёрствам, ваююць. Ёсць беларускі полк «Пагоня». Я бачыў нашых з батальёна Кастуся Каліноўскага, чуў, як яны трушчаць расейцаў.

Я цешуся, што сапраўды шмат беларусаў ваюе за Украіну. Я з імі размаўляў ужо. Яны бывае сварацца, спрачаюцца, а ваююць шыкоўна. Калісьці нашыя ваяры вернуцца ў Беларусь і будуць будаваць сапраўдную краіну».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера