Знайсці
19.05.2022 / 17:09РусŁacБел

«Бачыла акрываўленую шкарпэтку». Як за кратамі аказалася нядаўняя выпускніца школы

Мінчанка Аніта Бакуновіч цяпер павінна была б рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт, але яе трымаюць на Валадарцы.

Фота: асабісты архіў

18-гадовую Аніту затрымалі раніцай 23 лютага разам з яе 26-гадовым братам Янам. У іх кватэру ўварваліся група захопу ГУБАЗа і САХРа ў поўным абмундзіраванні і са зброяй. Пра гэта расказвае Хрысціна Місючэнка, сваячка Аніты. 

«Да іх стукаліся ў дзверы, але яны не чулі, бо спалі. У выніку дзверы ўзламалі. Правялі ператрус, з таго, што знайшлі — беларускі сцяг. Яна, брата Аніты, збілі яшчэ там да страты прытомнасці. Я з ім пасля размаўляла, і ён не памятае, што ў той момант адбывалася. Дапытвалі яго ў кватэры, хацелі, каб ён сказаў пароль ад тэлефона», — кажа Хрысціна. 

У гэты ж дзень у Аніты адбыўся суд. Дзяўчыне прысудзілі 15 сутак па артыкуле 24.3 (непадпарадкаванне сілавікам). Пасля іх яе не выпусцілі. 

«Наогул першапачаткова яны прыйшлі, бо нібыта была нейкая спасылка, звязаная з планам «Перамога», — сказалі «Нашай Ніве».

Магчыма, гаворка пра падманную спасылку на несапраўдную «Перамогу», размешчаную сілавікамі, каб ідэнтыфікаваць людзей, якія шукаюць кантакта з планам, створаным сілавікамі, якія арганізаваліся ў «Байпол» — ініцыятыву афіцэраў супраць дыктатуры.

«Хто рэгістраваўся па ёй, тых яны зараз адсочваюць, — кажа Хрысціна Місючэнка. — Пасля ў тэлефоне Аніты знайшлі фатаграфію з мітынгу ў 2020 годзе.

Маці пра затрыманне ніхто не сказаў. Яна даведалася пра гэта толькі праз некалькі дзён, калі Ян і Аніта перасталі выходзіць на сувязь. Сваякі, вядома, чакалі, калі яна выйдзе. Але Аніце далі артыкул 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яну прыпісалі артыкул 361 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім)», — кажа Хрысціна. 

Адразу пасля затрымання Ян апынуўся ў шпіталі. Адтуль ён змог уцячы. Цяпер хлопец у бяспецы. 

«Я змагла яго пару разоў наведаць, перадаць рэчы, — кажа сваячка. — Як ён мне расказваў, яны б'юць так, каб не было слядоў пабояў. Бачыла на ім сляды ад кайданкоў, а яшчэ раней у кватэры акрываўленую шкарпэтку. Разгром, вядома, там быў поўны», — працягвае яна.

«На фатаграфіі з мітынгу я таксама была, — дадае Хрысціна. — Калі даведалася пра гэта, адразу ж з'ехала з Беларусі. Літаральна праз некалькі дзён прыйшлі па мяне тры мужчыны ў скураных куртках. Дома быў брат, якому 16 гадоў. Калі ён выходзіў, яны стаялі на калідоры. Спыталі, куды ён. Брат адказаў, што ў школу на дадатковыя заняткі.

Яны загадалі адчыніць кватэру, дасталі ўсе ўтрох пісталеты і наставілі на майго брата. Ён ішоў наперадзе, а ззаду яны.

Паглядзелі ўсе пакоі, нікога не было. Зайшлі да мяне ў пакой, убачылі на стале нейкія ключы і ўзялі іх. З маім братам яны паехалі ў кватэру Яна і Аніты, паспрабавалі адамкнуць дзверы, але не ўдалося. Пасля гэтага брата адпусцілі і вярнулі разам з гэтымі ключамі». 

Фота: асабісты архіў

Аніта, расказвае сваячка, вельмі добра вучылася ў школе. 

«Яна дабрадушная, не трымала зла на кагосьці. Любіла маляваць, збіралася паступаць ва ўніверсітэт. Але

з-за таго, што ў іх у сям'і складанае фінансавае становішча, Аніта пачала падзарабляць мерчэндайзерам, а другую палову дня малявала, рабіла вырабы ручной работы.

У ВНУ яна хацела паступаць на маркетолага, але больш маляваць у гэтай сферы. Цяпер якраз ідзе час, калі яна павінна рыхтавацца да паступлення, а яна сядзіць у СІЗА».

***

Падтрымаць Аніту можна лістом, а лепш паштовым пераводам ці бандэроллю (тут правілы высылання бандэроляў у турмы) з прадуктамі па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2,
Аніта Алегаўна Бакуновіч. 

Таксама дзяўчыну можна падтрымаць грашовым пераводам праз сваякоў: 

Khristsina Misiuchenka
(IBAN) 
PL57 1090 1694 0000 0001 5001 3322
Назва банка: Santander
SWIFT (BIC)
WBKPPLPP

Чытайце таксама: 

«Думаю, лёс падсудных ужо вызначаны». Жонка баранавіцкага актывіста Гундара — пра суд над мужам

Валанцёрка фонду «Краіна для жыцця» Юлія Сырых — на волі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
19
Абуральна
62
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930