Знайсці
17.05.2022 / 15:05

«Нам адмовілі ў месцы на Усходніх могілках». Ірына Шушкевіч пра апошнія дні мужа і абставіны развітання

Праз два тыдні пасля смерці Станіслава Шушкевіча «Радыё Свабода» папрасіла яго жонку спадарыню Ірыну прыгадаць апошнія дні першага кіраўніка незалежнай Беларусі і абставіны, звязаныя з яго пахаваннем.

Апошнія два гады, з пачатку эпідэміі каранавіруса, Станіслаў Шушкевіч правёў у самаізаляцыі ў кватэры і пакідаў яе толькі па медыцынскіх патрэбах.

У адным з апошніх інтэрв'ю ён казаў, што праходзіць штодня тры тысячы крокаў па кватэры, а раней хадзіў па дзесяць тысяч. Перапыталі Ірыну Шушкевіч, ці не было тут памылкі — магчыма, мелася на ўвазе вуліца, а не кватэра.

«Так, ён находжваў па кватэры, — пацвердзіла спадарыня Ірына. — Ён вылічыў, колькі крокаў было ад аднаго балкона, у вялікім пакоі, да другога, у кабінеце. І вось ён выходжваў ад балкона да балкона. Ён любіў, каб быў вынік. Яму сказалі медыкі, што трэба тры кіламетры праходзіць, для сэрца. І вось ён хадзіў. Потым праблемы з'явіліся з нагамі… На жаль, атрымлівалася так, што калі ён клаўся — галава менш балела, і з нагамі было лепей, ён не адчуваў болю. А для сэрца, наадварот, трэба было хадзіць. І ён хадзіў. У гэтым плане ў яго была жалезная воля. Я прасіла жыць, не пакідаць мяне адну. Для гэтага трэба было рухацца, і ён рухаўся. Ён малайчына быў».

Нягледзячы на стан здароўя, Шушкевіч сачыў за палітычнымі навінамі, шмат чытаў.

«Пасля таго, як яму зрабілі аперацыю па выдаленні катаракты, ён бачыў увогуле цудоўна, ну гэтак, як малады. Таму ён стаў болей чытаць на камп'ютары, там можна было зрабіць шрыфт любой велічыні».

Па словах жонкі, апошнім часам Шушкевіч прыгадваў вершы — Блока, Лермантава, Някрасава. «Быкава чытаў, але вось не магу прыгадаць, што канкрэтна, бо чытаў на камп'ютары, а не ў папяровым варыянце» (спадарыня Ірына ўдакладніла, што маецца на ўвазе Васіль Быкаў, хаця, па яе словах, Шушкевіч любіў і расійскага пісьменніка Дзмітрыя Быкава).

«Ён яшчэ спрабаваў сваю кніжку «Маё жыццё: крушэнне і ўваскрашэнне СССР» крыху рэдагаваць. Спачатку казаў, што можа, варта нешта памяняць, але потым — «Не, усё нармальна», і кінуў гэтую справу».

Як кажа Ірына Шушкевіч, у апошнія дні муж спрабаваў пісаць: «Ён перажываў, што стаў горш пісаць, ён нават прасіў мяне дапамагчы, я падкладвала дошчачку, але ў яго ўжо атрымлівалася толькі друкаванымі літарамі, яму гэта не падабалася».

«Я акрыяла духам, думала, усё будзе добра»

Нягледзячы на самаізаляцыю, Станіслаў Шушкевіч перахварэў на кавід, што і паўплывала на пагаршэнне стану здароўя.

«Гэта былі наступствы кавіду, — кажа Ірына Шушкевіч.— У яго было шмат хранічных хвароб, яны ўсе абвастрыліся. Ён двойчы быў у рэанімацыі. Потым, пасля другой рэанімацыі мне падалося, што яму зрабілася лепей. Перад другой рэанімацыяй я яго паіла какавай дзіцячай, потым ёсць такая для спартоўцаў бялковая «Экспанента». Я разумела, што ён сыходзіць, тады яго забралі ў рэанімацыю. Пасля рэанімацыі ён стаў есці і цвёрдую ежу. Я дамовілася з рэаніматолагам, ён прыходзіў, сказаў, што ў яго мышцы нядрэнныя, яны памятаюць рухі і яго можна паставіць на ногі».

Ірына Шушкевіч набыла адмысловы медыцынскі ложак і паставіла яго ў вялікім пакоі:

«Ён гэты ложак чамусьці называў «тэхнічным». — Я казала, што гэта не тэхнічны, гэта медыцынскі. А ён хацеў на звычайны. Але на звычайным немагчыма было б даглядаць. Раней ён ляжаў на звычайным, і было вельмі цяжка даглядаць. Таму набылі такі ложак, у цэнтры вялікага пакоя паставілі. Яму падалося, што ён яшчэ не дома, і што яму трэба дадому. Але потым ён убачыў, што дома. Думаю, проста яму было дрэнна, а дома ж заўсёды лепей. Яму хацелася, каб было лепей. Я яму кажу: «Паглядзі, ты ж дома!» — «А, ну так, дома!».

З хоспіса паабяцалі прыходзіць тры разы на тыдзень, каб рабіць неабходныя для ляжачых хворых працэдуры, аднак Ірына Шушкевіч, па яе словах, і сама магла іх рабіць, бо раней даглядала ляжачую маці.

«Я акрыяла духам і думала, што ўсё будзе добра, — кажа спадарыня Ірына. — Але 3-га траўня ён паснедаў і адмовіўся ад ежы. Потым у яго балеў жывот, я выклікала «хуткую», яны прыехалі і зрабілі ўкол но-шпы. Мне штосьці не спадабалася, я пазваніла, мне патлумачылі, як уздымаць ціск. Я спрабавала, але бачыла, што ціск усё больш падае, ён задыхаецца. Я зноў выклікала «хуткую». Гэтая «хуткая» прыехала ўжо з кіслародам, з нейкімі яшчэ чамаданамі. Яны сказалі, што наўрад ці будзе добры вынік».

На маё пытанне, ці быў Станіслаў Шушкевіч у апошнія гадзіны жыцця пры свядомасці, спадарыня Ірына адказала, што пакуль яна была ў пакоі — так. «Але потым мяне папрасілі выйсці для гэтых рэанімацыйных мерапрыемстваў».

Працэдуры доўжыліся каля гадзіны, у 23.35 лекары канстатавалі смерць.

Чаму доўга не абвяшчалі пра месца пахавання

Ірына Шушкевіч кажа, што тэма апошняга развітаньня і пахавання ў сям’і абмяркоўвалася.

«Мы з ім размаўлялі пра гэта. Калі прасіў, калі будуць хаваць на Усходніх, там ёсьць алея навукоўцаў (ён быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук)».

Можна меркаваць, што Шушкевіч разлічваў на вечны спачын там, дзе і мусіў ляжаць паводле ягоных заслуг перад Беларуссю. Месца на Усходніх могілках, дзе хаваюць акадэмікаў — гэта так званая «ганаровая алея», а рэальна — той участак па левы бок ад цэнтральнага ўваходу, дзе спачываюць не толькі выбітныя навукоўцы, але і дзеячы літаратуры, мастацтва — Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Стэфанія Станюта, Уладзімір Мулявін. Раней тут хавалі таксама высокапастаўленых камуністычных кіраўнікоў, цяпер — набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў ці нават іх жонак. Тут пахаваныя Мікалай Дземянцей і Вячаслаў Кебіч.

Безумоўна, менавіта тут мусіла быць і месца вечнага спачыну першага кіраўніка незалежнай Беларусі. Ва ўсякім разе, улада, калі яна хаця б у мінімальнай ступені паважае краіну, якой кіруе, абавязаная была прапанаваць сям’і Шушкевіча гэтае месца.

Адміністрацыя Усходніх могілак адказала, што выканае любое рашэнне, якое прыме вышэйшае начальства. Фармальна, дазвол на пахаваньне на Усходніх могілках дае кіраўнік Мінгарвыканкама, але было зразумела, што ў гэтым выпадку вырашаць будзе Лукашэнка.

«Звязваліся і з адміністрацыяй прэзідэнта, і з Мінгарвыканкамам. — прыгадвае Ірына Шушкевіч. — Усе чакалі рашэння (гэтым і тлумачылася, што некалькі дзён месца пахавання не абвяшчалася). Але месца на Усходніх могілках нам не далі. Так атрымалася, што ў канцы мінулага года памерла мая родная сястра, там было месца побач, там яго і пахавалі. Але аказалася, што гэта не вельмі далёка ад яго сястры, блізка да яго маці, непадалёку ад маіх бацькоў».

«Любіў ён больш за ўсіх беларусаў»

Ірына Шушкевіч кажа, што адразу пасля смерці Станіслава Шушкевіча лекары з «лечкамісіі» самі выклікалі міліцыю, былі зробленыя патрэбныя фармальныя працэдуры. Раніцай Ірына Шушкевіч паехала ў лечкамісію па даведку аб смерці. Крыху пазней ёй патэлефанавалі адтуль і сказалі, што могуць прадаставіць памінальную залу. Але без транспарту: «Вы павінны самі прывезці цела і адвезці».

«Паколькі мы абмяркоўвалі гэта, ён казаў, што ў Акадэміі не варта выстаўляць, бо АН пазбавіла яго «член-кораўскіх» выплат, — кажа спадарыня Ірына. — Усе атрымлівалі, а ён — не.

Ад дзяржавы чакаць нічога не даводзілася, мы з ім вырашылі, што будзе памінальная зала на Альшэўскага, іх там дзве, адна меншая, другая большая. Мы вырашылі, што большая. І я сказала таму, хто пазваніў з лечкамісіі, што мы будзем на Альшэўскага. «А, ну калі ласка».

Аднак потым Ірына Шушкевіч прыгадала, што жонку Аляксандра Казуліна адпявалі ў Чырвоным касцёле: «І мы туды заехалі. Нам адказалі — так, канечне. Але потым паведамілі, што паколькі ў свой час ён перадаў Кафедральны сабор вернікам (і між іншым, калі нам здаралася праходзіць каля сабора, вернікі часта дзякавалі яму), вырашылі, што будуць у саборы адпяваць. Мы нават не толькі не думалі, нават уявіць сабе такога не маглі».

Ірына Шушкевіч бачыць сімвалізм у тым, што адпяванне адбылося ў саборы на плошчы Свабоды. Яна выказвае падзяку і каталіцкім святарам, і ўсім, хто прыйшоў развітацца са Станіславам Шушкевічам, усхвалявана прыгадвае выступ Тадэвуша Кандрусевіча:

«Я не думаю, што якое-небудзь дзяржаўнае пахаванне прайшло б лепей, чым тое, якое адбылося ў Кафедральным саборы. Я вельмі ўдзячная каталіцкай царкве, усім людзям, якіх я ведаю і якіх не ведаю, якія з такой павагай паставіліся да памяці майго мужа. Ён паважаў усе нацыі — рускіх, украінцаў, малдаван, усіх, але любіў ён больш за ўсіх беларусаў. Гэта не нацыяналізм, а гэта быў патрыятызм».

Па словах Ірыны Шушкевіч, яна застаецца ў Беларусі.

«Я нікуды не хачу адсюль з'язджаць. І ён нікуды не хацеў адсюль. Ён лічыў, што павінен быць у сябе на Радзіме, што б ні здарылася з Радзімай. Хачу сказаць, што ён сапраўды зрабіў усё: ён пабудаваў дом, ён пасадзіў дрэва, у яго дачка і сын. І што самае галоўнае: ён быў вельмі надзейным. Мы з ім цалкам давяралі адно аднаму. Таму мне вельмі цяжка цяпер. Вельмі ён спяшаўся паўсюль, усё паспяваў зрабіць. На жаль, ён і сышоў занадта хутка. Лепш бы павольней».

На пытанне, ці выказаў ёй хто-небудзь з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў спачуваньне з прычыны смерці мужа, Ірына Шушкевіч адказала адным словам: «Не».

***

21 траўня а 19-й гадзіне ў касцёле св. Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) адбудзецца памінальная імша па Станіславу Шушкевічу.

Чытайце таксама:

Беларусы прапануюць паставіць у Мінску помнік Шушкевічу і назваць у яго гонар вуліцу

Тысячы людзей прыйшлі развітацца са Станіславам Шушкевічам. Сем хвілін доўжыліся апладысменты ВІДЭА

«Хер яны чым беларусаў возьмуць!» Вядомыя асобы згадваюць Станіслава Шушкевіча

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
71
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31