Макрон: Заяўку Украіны на ўступленне ў Еўрасаюз разгледзім у чэрвені
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон падчас сённяшняй тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім паведаміў, што заяўка Украіны на ўступленне ў Еўрасаюз будзе разгледжана ў чэрвені. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Елісейскага палаца.
Заяўку на ўступленне краіны ў Еўрасаюз Украіна падала 28 лютага, праз некалькі дзён пасля пачатку расійскай агрэсіі.
Яшчэ падчас гэтай размовы прэзідэнт Францыі пацвердзіў, што краіна гатовая рэагаваць на ўсе просьбы Украіны аб дапамозе з абароннай тэхнікай, палівам, а таксама аб эканамічнай і гуманітарнай падтрымцы. Макрон сказаў, што Францыя працягне пастаўляць зброю ва Украіну, у найбліжэйшы час павялічыўшы яе колькасць.
Таксама Зяленскі абмеркаваў з Макронам магчымыя шляхі экспарту ўкраінскай аграрнай прадукцыі.