Знайсці
18.05.2022 / 10:56РусŁacБел

Лукашэнка і Пуцін засталіся без падтрымкі — эксперт пра вынікі саміта АДКБ

На саміце АДКБ саюзнікі не падтрымалі Расію і Беларусь у іх «барацьбе супраць Захаду». Расія не здольная быць паўнавартасным заступнікам, спонсарам і гарантам бяспекі для краін АДКБ. Па сутнасці, Масква засталася з адзіным саюзнікам — Мінскам. Палітолаг Валерый Карбалевіч тлумачыць на «Свабодзе», чаму адбыўся раскол сярод чальцоў АДКБ і ролю Лукашэнкі на гэтай сустрэчы.

Фота: kremlin.ru

Сустрэча лідараў краін АДКБ зафіксавала сур’ёзны правал замежнай палітыкі Расіі. Амаль тры месяцы ідзе вайна РФ супраць Украіны. Падзея, якая выклікала міжнародны «землятрус». На яе адрэагавалі ў ААН, розных міжнародных арганізацыях (спартовых і інш.).

І толькі АДКБ — вайскова-палітычны саюз, створаны РФ, — маўчала.

Лукашэнка мяркуе, што Украіна першай напала на Беларусь і Расію, таму, паводле Статуту АДКБ, іншыя чальцы арганізацыі мусілі б прыйсці на дапамогу «ахвярам». Ён публічна заклікаў саюзнікаў сабрацца і сур’ёзна пагаварыць. І сапраўды, доўгае маўчанне АДКБ станавілася занадта гучным і заўважным.

Магчыма, гэтае маўчанне працягнулася б яшчэ даволі доўга, калі б не падаспеў юбілей стварэння гэтай арганізацыі — 30 гадоў. Тут хочаш не хочаш, а свята абавязвала выканаць патрэбны рытуал, сабрацца, прыняць нейкую заяву.

І раптам выявілася, што сам фармат гэтага мерапрыемства выклікаў рознагалоссі. Як яго назваць? На сайце АДКБ мерапрыемства названае «сустрэчай лідараў дзяржаў — членаў АДКБ, прысвечанай юбілею». А ўрачыстая сустрэча не прадугледжвае нейкага афіцыйнага парадку дня, прыняцця адпаведных рашэнняў. На афіцыйным сайце Лукашэнкі мерапрыемства названае «самітам АДКБ». А дакумент, які быў прыняты па выніках сустрэчы, названы заявай «Рады калектыўнай бяспекі АДКБ». Такім чынам, пытанне, што гэта было, так і засталося адкрытым.

Вельмі адметнымі былі выступы лідараў дзяржаў-удзельніц АДКБ. Пуцін апавядаў пра вераломны Захад, ЗША, «нацысцкую» Украіну. І асцярожна адзначыў «важнасць самай цеснай каардынацыі паміж удзельнікамі АДКБ у сферы знешняй палітыкі, узгодненых дзеянняў у ААН і на іншых шматбаковых пляцоўках».

А Лукашэнка, услед за Пуціным, мала таго што імкнуўся пераканаць кіраўнікоў АДКБ, што арганізацыя павінна супрацьстаяць НАТО, ператварыцца ў Анты-Захад, дык яшчэ і перайшоў проста да папрокаў на адрас саюзнікаў:

«Аднак ці можна сёння сцвярджаць, што мы ў нашай Арганізацыі разам і ўсё гэтак жа звязаныя сувяззю салідарнасці і падтрымкі? Як паказваюць апошнія падзеі, з нашага пункту гледжання (можа, я памыляюся), здаецца, не… На фоне самага жорсткага, ашалелага санкцыйнага прэсінгу з боку кансалідаванага Захаду пастулаты адзінства і салідарнасці спрацоўваюць далёка не заўсёды. Гэта бачна, на жаль, па галасаванні ў міжнародных арганізацыях. З маўклівай згоды нашых партнёраў Беларусь і Расія насуперак усім законам міжнароднага жыцця па капрызе Захаду шальмуюцца і выключаюцца з міжнародных арганізацый».

І што ж адказалі лідары Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Арменіі? З гледзішча пажаданняў Пуціна і Лукашэнкі — нічога. А ў адказ — цішыня.

Яны не заўважылі вераломнага NATO, «нацысцкай» Украіны, гаварылі пра сваё. Пра патэнцыйную пагрозу з боку Афганістана. Лідар Арменіі Пашынян, як заўсёды, узгадаў свой канфлікт з Азербайджанам.

І ў выніковай заяве нічога не гаворыцца нават пра палітычную падтрымку Расіі і Беларусі ў супрацьстаянні Украіне і Захаду.

І гэтае маўчанне вельмі красамоўнае. Падаецца, гэта сур’ёзны правал замежнай палітыкі Расіі. Па сутнасці, яна засталася без саюзнікаў. Дакладней, з адзіным саюзнікам.

І пасля вайны Расіі з Грузіяй у 2008 годзе, і пасля захопу Расійскай Федэрацыяй Крыма і Данбаса ў 2014-м пазіцыя АДКБ была хоць і асцярожная, аднак даволі заўважна прарасійская. Цяпер сітуацыя іншая. Чальцы АДКБ не рушылі ўслед за Беларуссю. І таму ёсць шэраг прычын.

Найперш, Пуцін перад нападам на Украіну заявіў, што не прызнае вынікаў распаду СССР, тых межаў, якія былі зафіксаваныя ў 1991 годзе. І абвяшчае сваё гістарычнае, маральнае, а значыць, і палітычнае права на перагляд таго, што ён неаднаразова называў «геапалітычнай катастрофай». Прэзідэнт Расіі мяркуе, што прыйшоў час аднавіць справядлівасць, вярнуць рускія землі на гістарычную радзіму. Таму

кіраўнікі іншых постсавецкіх дзяржаў баяцца паўтарыць лёс Украіны.

Акрамя таго, беспрэцэдэнтна рашучыя і жорсткія заходнія санкцыі супраць Расіі мелі два наступствы. З аднаго боку, постсавецкія краіны не хочуць сварыцца з Захадам, які прадэманстраваў сілу. Нікому не хочацца трапіць пад санкцыі.

А з іншага боку, санкцыі моцна аслабляюць Расію. Яна не можа быць паўнавартасным заступнікам, спонсарам і гарантам бяспекі для краін АДКБ. Яго членам трэба шукаць іншыя варыянты.

«Нас заўтра можа не быць» — Лукашэнка на саміце АДКБ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
83
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930