Знайсці
21.05.2022 / 08:45РусŁacБел

Даехаць з Мінска ў Батумі: пяць варыянтаў — ад танных да камфортных

Грузія цяпер — самы просты і бяспечны варыянт наведаць мора і пазнаёміцца з іншай культурай. Распавядаем, як даехаць да Грузіі з бюджэтам ад 100 да 700 даляраў (ходзіць нават маршрутка).

Закат над Батумі

Што трэба мець, каб перасекчы мяжу з Грузіяй?

Каб прайсці мяжу, вам патрэбныя дзве рэчы:

  • пашпарт,
  • ПЛР-тэст, не старэйшы за 72 гадзіны, або сертыфікат аб вакцынацыі, нават расійскай вакцынай.

Запісацца на здачу ПЛР у Мінску можна, напрыклад, тут, тут або тут.

Якія праблемы могуць чакаць на мяжы з Грузіяй?

Калі вы будзеце выязджаць праз Расію, вас чакае апытанне або допыт на баку Расіі, які зойме ад лічаных хвілінаў да некалькіх гадзінаў у залежнасці ад настрою і змены. Некаторых на сухапутнай мяжы дапытваюць супрацоўнікі, якіх мясцовыя называюць «фээсбэшнікамі». Таксама вас могуць папрасіць разблакаваць тэлефон і паказаць змест сацыяльных сетак.

На мяжы з Грузіяй вас таксама чакае дагляд і, магчыма, невялікі допыт. Вас запытаюцца, навошта вы прыляцелі, з якой мэтай, дзе вы спыніцеся, могуць праверыць пашпарт — і гэта таксама зойме час.

Падобнае апытанне вас можа чакаць і на іншых участках мяжы з Грузіяй, напрыклад, з боку армянскіх памежнікаў.

Таксама бываюць дні, калі мяжу Расія-Грузія зачыняюць праз праблемы на Ваенна-Грузінскай дарозе.

1. Прамы пералёт з Мінска

Кошт: 415-500 даляраў.

Час паездкі: менш за суткі.

Плюсы: хутка.

Мінусы: абмежаваная дазволеная колькасць багажу, даволі дорага, цяжка знайсці квіток на самалёт.

З Мінска ў Батумі ёсць прамыя рэйсы. На сайце Белавія можна набыць квіткі толькі на канец ліпеня па цане 400-450 даляраў. Ёсць яшчэ варыянт набыць квіток на самалёт Мінск-Тбілісі па той жа цане, а пасля дабірацца да Батумі па зямлі.

Калі вы прыляціце спачатку ў Тбілісі, то, каб дабрацца, ёсць тры танныя варыянты — або машрутка за 30-35 лары (10 даляраў), або аўтобус за 36 лары (12 даляраў), або цягнік за 25-60 лары ў залежнасці ад класу абслугоўвання (8-20 даляраў). Варыянты надзейныя і зоймуць ад 5 да 7 гадзін.

Маршрутка аплочваецца на месцы. Ходзіць з дзвюх лакацый — цэнтральнага аўтавакзала Тбілсі або са станцыі метро «Дзідубэ». Аўтобусы таксама ходзяць з «Дзідубэ», квіткі на іх тут. Квіткі на цягнік замаўляйце на сайце грузінскай чыгункі.

Таксама ў Грузіі даволі таннае таксі, таму ўнутры горада вы здолееце перамяшчацца на ім, каб не разбірацца з маршрутамі. У Грузіі працуюць Bolt і «Яндэкс», ад борта не сядайце, бо кошт там у разы вышэйшы.

З улікам трансферу да аэрапортаў кошт узрасце яшчэ на суму ад 6 да 30 даляраў, у залежнасці ад віду транспарту.

2. Доўгі, але самы танны і цікавы

Від на горы з Ваенна-Грузінскай дарогі падчас пераезду

Кошт: 120-200 даляряў у залежнасці ад спосабу перавозкі.

Час паездкі: ад трох да чатырох сутак.

Плюсы: самы танны маршрут, які дае магчымасць павандраваць, пазнаёміцца з людзьмі і атрымаць цікавы досвед. Таксама колькасць багажу фактычна неабмежаваная, калі вы здолееце яго цягнуць на сабе.

Мінусы: самы доўгі маршрут, які патрабуе вытрымкі.

Вам давядзецца даехаць да Масквы аўтобусам (40-45 рублёў) або цягніком (80 рублёў). Давядзецца таксама заплаціць за пераезд унутры Масквы ад 45 да 100 расійскіх рублёў за метро (2-4 беларускія рублі).

Далей трэба знайсці трансфер да горада Уладзікаўказ. Гэта або цягнік, або папутчыкі, або самалёт. Кошт — ад 3000 да 5000 расійскіх рублёў.

Калі гэта спадарожная машына, то найбольш надзейны варыянт — шукаць на едем.рф. Машынай ехаць каля сутак.

Квіткі на цягнік варта набываць праз афіцыйны сайт РЧ (даступны толькі з Беларусі і Расіі) або праз афіцыйны дадатак РЧ для Android або iPhone. Улічвайце, што РЧ прымае толькі расійскія карткі або картку МІР. Таксама пасля куплі квітка можна замовіць сабе дастаўку ежы проста на перон у горад Растоў у меню «Дадатковыя паслугі». Цягнік ідзе ад 36 да 37 гадзінаў і каштуе ад 3500 расійскіх рублёў.

Квіток на самалёт варта шукаць на Aviasales, бо па Расіі лётае процьма кампаній і хутка ў іх разабрацца даволі цяжка. Самалёты каштуюць ад 4500 расійскіх рублёў.

Таксама вам будзе патрэбны ПЛР, калі вы не зробіце яго загадзя. Ва Уладзікаўказе іх робяць у адным месцы, на вул. Барбашова, 39 з 8.30 да 17.00. Выдача 4 разы на день у 13, 15, 17 і 19 гадзін. Каштуе ён там усяго 440 расійскіх рублёў (каля 7 даляраў).

Пасля давядзецца шукаць трансфер да Тбілісі або адразу да Батумі. Гэта прасцей знайсці загадзя праз тэлеграм-чаты, да прыкладу — гэты або гэты. Лепш сабраць некалькі прапаноў перавозчыкаў і выбраць найбольш зручны і танны варыянт.

Заўважце, што даляры на рублі для аплаты трансфера ў Грузію выгадней мяняць у Маскве — бо курс наяўнага даляра на 10 расійскіх рублёў вышэйшы за афіцыйны.

Як даехаць з Тбілісі да Батумі, мы апісалі ў першым пункце.

3. Мінск-Арменія-Батумі

Від на вячэрні Батумі

Кошт: 250-300 даляраў.

Час паездкі: да двух сутак.

Плюсы: даволі хутка і не вельмі дорага.

Мінусы: давядзецца ўзгадніць даволі шмат трансфераў і быць уважлівым пры выбары датаў.

Кампрамісны варыянт — спачатку дабрацца да Арменіі самалётамі з перасадкамі (бо прамыя рэйсы Белавія цяпер вельмі дарагія), або ляцець так праз Маскву. Кошт пералёту каля 200 даляраў, адшукаць квіткі можна тут.

Далей вазьміце цягнік Ерэван-Тбілісі на сайце Паўднёва-Каўказскай чыгункі. Ён будзе каштаваць каля 25 даляраў. Улічвайце, што цягнік начны і ходзіць раз на два дні і гэта трэба ўзгадніць з часам прылёту.

Пасля шукайце трансфер у Батумі — гэта або цягнік, або маршрутка, апісаныя ў першым пункце.

4. Маршрутка Мінск-Батумі

Кошт: 180-250 даляраў (з улікам даплаты за матэлі).

Час паездкі: трое сутак.

Плюсы: просты і недарагі пераезд.

Мінусы: не факт, што вы некуды з’едзеце, таксама гэта даволі доўга, а маршрутка — не самы зручны від транспарту.

З Мінска да Батумі ходзіць маршрутка. Каштуе яна ад 180 да 220 даляраў і ідзе амаль 4 сутак (з пятніцы да панядзелка). Начаваць вам давядзецца або ў маршрутцы, або ў прыдарожных матэлях. Знайці іх можна ў тэлеграм-чатах, да прыкладу, тут або тут.

Галоўны мінус варыянта — ненадзейнасць. Гэтыя паездкі арганізуюць турыстычныя аператары, і яны заключаюць дамову толькі за дзень да выезду. То-бок, вы можаце загадзя запланаваць ад’езд, а ў апошні дзень вам скажуць пра адмену паездкі.

5. Непрамыя пералёты

Закат над Чорным морам, Грузія

Кошт: ад 600 даляраў.

Час паездкі: менш за суткі.

Плюсы: хутка, не трэба «вылоўліваць» квіткі Белавіі.

Мінусы: самы дарагі варыянт.

Калі вы не хочаце чакаць, пакуль з’явіцца вольны квіток Белавіі, але не гатовыя да доўгіх пераездаў, то знайдзіце непрамы пералёт з Мінска. Пералёт да Батумі такім шляхам зойме каля 11 гадзінаў і будзе каштаваць ад 600 даляраў.

Ёсць і больш складаныя за 300-400, але яны займаюць да 3 сутак з улікам доўгіх трансфераў і ляцець на іх няма вялікага сэнсу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера