Знайсці
18.05.2022 / 19:46РусŁacБел

Беларус купіў стары дом ля мора ў Італіі ўсяго за 13 тысяч еўра і расказаў, што з гэтага выйшла

У Італіі існуе праект «Дом за еўра», дзякуючы якому можна купіць старадаўні дом у гэтай краіне па кошце кубка кавы. Беларус Уладзімір таксама набыў такое жыллё на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Праўда, не за адзін еўра, а за 13,5 тысячы. Тым не менш і гэтая сума гучыць прывабна! Уладальнік на сабе адчуў усе падводныя камяні і падзяліўся досведам з Onliner.

«Падняўся на тэрасу і падумаў: вось гэта краявід!»

Уладзімір — беларус, працуе інжынерам-будаўніком і апошнія некалькі гадоў жыве ў Германіі. Няхай апошняе не адцягвае вашу ўвагу, таму што наогул гэта — італьянская гісторыя.

Сіцылія прынадзіла, калі ездзіў тры тыдні па Італіі з сябрамі:

«Мы тады вельмі натхніліся: сонца, мора. Чаго хаваць: некалькі гадоў таму дамы ў старажытных італьянскіх мястэчках былі таннымі, таму пасля паездкі я стаў пазіраць на прапановы. Прыцягнуў увагу варыянт за два кіламетры ад мора, на высокім узгорку ў старым горадзе».

Будынак такі: вузкі, вышынёй на тры паверхі, да сцен прымыкаюць суседскія дамы.

«Былы гаспадар яшчэ да продажу перарабіў частку даху ў тэрасу. Казаў, што для сына, але той пераехаў у Канаду».

Фасад дома да зменаў. На першым паверсе быў гараж

Першапачатковую цану ў 15 тысяч еўра ўдалося збіць да 13,5 тысячы.

Што ўразіла беларуса да глыбіні душы, дык гэта раскошны краявід.

«Мора з аднаго боку, горад — з другога. Ды від на стары горад. Калі я першы раз падняўся на тэрасу, сказаў сябру: «Думаю, тут увесь час я буду бавіць на даху. Што там унутры дома, мяне ўжо не турбуе».

Від з тэрасы дома такі

А ўнутры дома было цікава.

«Стан камунікацый: няма святла і вады, старая каналізацыя»

Паводле дакументаў дом, які выбраў Уладзімір, — 1947 года. Але гэта дата не пабудовы, а першай фіксацыі ў паперах.

«Усе суседзі кажуць, што дому 200 гадоў. Гэта частка гістарычнай забудовы. Недалёка ад нас стаіць царква, узведзеная ў XV стагоддзі, і ў мяне падазрэнне, што дом наогул можа быць яе равеснікам», — смяецца.

Сцены аказаліся трывалымі, без расколін. Гэта моцна адрознівала дом ад варыянтаў, што прапаноўваліся ў краіне ўсяго за еўра.

«Плюс калі купляеш даражэй, няма абавязацельстваў прывесці будынак у парадак за два гады ці каля таго. Ды і не бачыў я, каб дамы за еўра прадавалі ў такой блізкасці ад мора».

Што ж дасталася Уладзіміру за 13,5 тысячы еўра, акрамя моцных сцен?

«Гаспадар заліў свежыя бетонныя падлогі, па драўляных бэльках — бетонныя лесвіцы. Усё гэта стаяла пару гадоў, і да моманту пакупкі не было відаць слядоў разбурэння або нестабільнасці. Сцены так-сяк атынкаваныя».

Цяпер пра тое, чаго ў доме не было.

«А не было нічога, — усміхаецца Уладзімір. — У тым ліку электрыкі. Прычым я ўвогуле не знайшоў ніякіх слядоў: не было рэшткаў правадоў, разетак.

Так што, думаю, у доме ніхто не жыў яшчэ з часоў з’яўлення электрычнасці».

Водаправод таксама адсутнічаў. З каналізацыяй справа ішла лепш, але пра гэта раскажам ніжэй.

У 13,5 тысячы не ўклаўся. Дык колькі каштавала?

«У Італіі ёсць закон, што дом без сертыфіката, які пацвярджае яго энергаэфектыўнасць, прадаць нельга. Да цябе прыходзіць спецыяліст, робіць замеры, прысвойвае будынку клас — усё гэта каштуе 1,5 тысячы еўра».

Гэтыя выдаткі ляглі на плечы купца.

Фасад у працэсе перароблівання і пасля. Вароты гаража ператварыліся ў акно з магчымасцю выхаду на вуліцу

Паслугі натарыуса каштавалі 2,5 тысячы еўра.

«Да гэтага ўсяго дадалася плата за паслугі перакладчыка. Натарыусу трэба несці дакументы, напісаныя на мовах, зразумелых купцу. Гэта значыць, калі я беларус і валодаю нямецкай, паперы павінны быць не толькі на італьянскай, але і, напрыклад, на рускай ці нямецкай. У Сіцыліі знайсці расейскамоўнага перакладчыка аказалася вельмі складана, таму мы перакладалі ўсё на нямецкую. Гэта каштавала яшчэ 500 еўра. Да таго ж сертыфікаваны перакладчык павінен прысутнічаць падчас афармлення здзелкі ў натарыуса. Рускага мы знайшлі далёка, у Палерма, ён зарадзіў 1000 еўра за прысутнасць. Нямецкі пагадзіўся на 500 еўра за гадзіну працы».

Колькі каштуе падлучэнне сетак і чаму прыйшлося павалтузіцца

«Каналізацыя была выведзена ў адну кропку ў доме. Прычым у Сіцыліі трубы праводзяць звонку дома, прама па фасадзе: мінусавых тэмператур не бывае і тое, што ўнутры, не прамярзае».

Скончыць справы з каналізацыяй беларус папрасіў ранейшага гаспадара дома пасля продажу. Дапамог ён не задарма, і з некаторымі іншымі працамі.

«Дамовіліся, што ён зробіць санвузел на трэцім паверсе, працягне туды ваду і каналізацыю. Узвядзе сцены і завершыць яшчэ некалькі недаробак. У колькі абышлося? Дамовіліся на 1,5 тысячы еўра. Прыязджаем, а ён: «З вас 3 тысячы». Аказваецца, меўся на ўвазе не аб’ём работ, а гадзіны. Былы ўладальнік сказаў, што патраціў на працу ўдвая больш часу, чым планаваў».

Сварыцца не сталі — ён жыве паблізу, а псаваць стасункі з будучым суседам не хочацца.

За правядзенне электрычнасці і падключэнне да агульнай сеткі Уладзімір заплаціў яшчэ 600 еўра. Падпісаўся на мінімальна магчымы пакет — 3 кілаваты на ўвесь дом. Абаненцкая плата ў гэтым выпадку — 13 еўра ў месяц незалежна ад таго, карыстаешся электрычнасцю ці не. Можна было выбраць большы пакет, напрыклад на 9 кілават.

«Пакуль мы ў доме не жывём, больш траціць на святло не хочацца. Да таго ж калі ты ўключыў усе прыборы і раптам перавысіў магутнасць — не страшна, галоўнае, каб гэта не адбывалася пастаянна».

Водаправода яшчэ няма, хоць ад дома да агульнай сеткі трэба пракласці трубу даўжынёй усяго 1,5 метра. Само падключэнне да сістэмы каштуе 200 еўра. Але пытанне ў іншым: трубу трэба пракласці пад старадаўнім брукам. Падымаць гэтыя камяні мае права толькі арганізацыя з ліцэнзіяй на працу з гістарычнымі каштоўнасцямі.

Муніцыпальны аператар якраз змяніўся, новая кампанія ў працэсе атрымання такой ліцэнзіі. Трэба пачакаць, бо з гэтым выканаўцам паслуга абыдзецца ў 1400 еўра. Альтэрнатыва — пракласці хутчэй з іншым падрадчыкам, у якога таксама ёсць дазвол, але больш чым за 2 тысячы.

«Рэч у тым, што кампанія, якая пакідае ў гарадской адміністрацыі заяўку на падыманне бруку, павінна ўнесці заклад — 10 тысяч еўра».

Заклад фірме аддадуць толькі пасля таго, як кожны камень вернецца роўна на сваё месца.

«Будаўнікоў востра не хапае: усе занятыя ў праграме рэнавацыі»

Уладзімір называе свае першапачатковыя планы вельмі аптымістычнымі. Сям’я прыкідвала: ну няхай, акрамя асноўнага кошту, давядзецца заплаціць яшчэ тысяч 15 еўра.

«Планавалі, што даводзіць дом да ладу будзем сваімі сіламі з прыцягненнем нашых беларускіх сяброў. І ў выніку за 30 тысяч атрымаем выдатны домік ля мора. Але ён купляўся зімой 2019 года, вельмі хутка прыйшоў каранавірус, закрыліся межы. Давялося наймаць будаўнікоў на месцы, прычым зрабілі мы гэта адносна нядаўна». 

Знайсці свабодную брыгаду за адэкватныя грошы зараз вялікая праблема. Многія заняты ў буйной дзяржпраграме па рэнавацыі старога жылля. Уладзімір сцісла тлумачыць яе сутнасць.

«Калі ты рэзідэнт Італіі, маеш права падаць заяўку на рэнавацыю свайго старога жылля. І дзяржава аплачвае рамонт, часам амаль цалкам. Працы па фасадзе, замене вокнаў, даху, усталяванне на дах сонечных панэляў для падагрэву вады — усё гэта робіцца бясплатна. Так разлічваюць прывесці ў прымальны выгляд большасць старых дамоў. Праграма вельмі папулярная. Праўда, больш пашанцавала тым, хто падключыўся адразу, потым утварылася доўгая чарга. Я не рэзідэнт Італіі, так што шанцу патрапіць у праект не было. А будаўнікам выгадна працаваць на праграму рэнавацыі. Аб’ектаў валам, дзяржава плаціць падрадчыкам па высокіх расцэнках, няма затрымак з аплатай».

Вялікая праблема знайсці свабодных будаўнікоў, якія папрацуюць на цябе за адэкватныя грошы ў адэкватныя тэрміны.

Каб ашчадзіць, давялося наймаць працаўнікоў без афармлення дамовы. Людзі выконваюць замову Уладзіміра ў вольны ад асноўных праектаў час. З усімі вынікаючымі.

«Абяцаюць зрабіць праз два месяцы, пакідаеш заклад за матэрыялы. Прыязджаеш — нічога не зроблена. Усмешлівы Сальвадоры кажа: «Сіеста! Не змог, праз месяц усё будзе гатова». Праз гэты тэрмін зноў прылятаеш — тая ж гісторыя, але нешта ўсё ж рабілі некалькі дзён. Гэта, вядома, раздражняе, але для нас не крытычна, бо мы не планавалі тэрмінова рабіць рамонт і заязджаць».

На гэты момант у доме паспелі атынкаваць фасад, перарабіць гаўбцы, памяняць дзверы і вокны. Гараж на першым паверсе ператварылі ў жылы пакой, тэхпамяшканне і санвузел. Цалкам развялі па доме водаправод. Паклалі плітку на тэрасе і крыху прыўзнялі дах. Усе гэтыя працы каштавалі прыкладна 25 тысяч еўра.

Зараз пачнецца ўнутранае аздабленне. Атынкаваць сцены, зашыць столі гіпсакардонам, пакласці плітку на падлогу. Па прыкідках Уладзіміра, усё гэта будзе каштаваць яшчэ 20—25 тысяч еўра. Прычым дызайн-праекты для інтэр’ера сям’я распрацоўваць не будзе. Тут у беларусаў нямецкі мінімалістычны падыход: плануюць белыя сцены, белыя столі, а ў фінале — дэкор.

Суразмоўца дадае, што некаторыя праблемы пры будаўніцтве здымаюцца добрымі адносінамі з суседзямі. Была гісторыя: трэба было падняць выхад на дах на некалькі дзясяткаў сантыметраў.

«Раней лаз быў зусім нязручны, меншы за метр. Захацелі давесці да вышыні, дапусцім, у метр шэсцьдзясят. А гэта ўжо змена архітэктурнага аблічча будынка, па законе патрэбны праект. Ён каштуе 3 тысячы еўра, плюс яшчэ горад мусіць даць згоду. Я папытаў будаўнікоў: «Ну тут жа не глабальныя змены, падніміце так». Прыйшла суседка, учыніла скандал. Потым высветлілася, што ў яе былі дрэнныя адносіны з папярэднім гаспадаром».

Аднак справа скончылася паспяхова для Уладзіміра. Праз некалькі дзён ён сам якраз прыехаў у Італію і пайшоў дамаўляцца.

«А я ж італьянскай не ведаю. Сябры размаўлялі з суседкай, у іх такая эмацыянальная ішла размова. І тут яны расказваюць, што я новы ўладальнік і жыву з сям’ёй у Германіі. Яна паварочваецца: «Шпрэхэн зі дойч?» Аказваецца, у яе муж быў немец, у Германіі два гады жыла. У выніку мы папрасілі: давайце знойдзем нейкае агульнае рашэнне, хоць на каменьчык паднімем, каб так моцна не трэба было нахіляцца, выходзячы на дах. Праз паўгадзіны суседка прыйшла сама: «Ведаеце, вы такі мілы чалавек — паднімайце, на колькі хочаце». Так мы змаглі зрабіць выхад вышэйшым, але ў меру — моцна не нахабнічалі».

«Купілі дом у патрэбны час у патрэбным месцы»

«Дом атрымаўся не такім танным, як хацелася б. Гэта адбілася на планах. Спачатку мы меркавалі проста калі-нікалі прыязджаць туды на адпачынак, але зараз вырашылі: часам будзем здаваць турыстам. Так спадзяемся часткова вярнуць выдаткі. Для прыкладу: нядаўна мы з сям’ёй — я, жонка і двое дзяцей — адпачывалі тыдзень у Італіі, здымалі частку дома за кіламетр ад мора. За тыдзень пражывання заплацілі 400 еўра. Прычым гэта па знаёмстве, праз Booking абышлося б у 500».

Праграма рэнавацыі падняла цэны на старыя дамы, якія паступова насамрэч парадкуюць.

«Цяпер цэны на дамы каля мора стартуюць ад 40 тысяч. І гэта таксама нерухомасць, у якую яшчэ трэба ўкласціся. Так што я лічу, што мы купілі дом у патрэбны час у патрэбным месцы».

Глабальная выснова: калі ты жадаеш дом на беразе мора, не думай, што зможаш купіць яго танна. Добрыя рэчы каштуюць грошай.

Пры гэтым беларус прызнае: траты б’юць па кішэні сям’і. Відаць, нават прыйдзецца зрабіць паўзу ў будоўлі на годзік, каб выдаткі былі не занадта адчувальнымі.

«А ў старасці, можа, наогул буду там жыць стала, хто ведае, — марыць Уладзімір. — Бо ў кожнага чалавека павінна быць свая дача. Проста так атрымалася, што маё лецішча ў Італіі. Куплю сабе лодку, вуду — за пяць кіламетраў ёсць порт. Гадавая паркоўка — 800 еўра, што па мерках марскога транспарту зусім нядорага. Буду хадзіць пад ветразем, лавіць рыбу і атрымліваць асалоду ад сонца і добрага надвор’я». 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
165
Панылы сорам
9
Ха-ха
10
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
5
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930