Знайсці
19.05.2022 / 08:53РусŁacБел

Дзяржаўныя СМІ: «Аўтуховіча могуць расстраляць». Ці праўда гэта?

18 мая пачаўся суд пра справе Мікалая Аўтуховіча: яго выстаўляюць кіраўніком тэрарыстычнай групоўкі. Дзяржаўныя прапагандысты паведамляюць: Аўтуховіч абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы, адзін са складаў прадугледжвае вышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі). Выходзіць, што Аўтуховічу могуць прысудзіць расстрэл? 

Мікалай Аўтуховіч

«Смяротнае пакаранне Мікалаю Аўтуховічу прысудзіць не могуць. Таму што ніхто не загінуў», — кажа юрыст Павел Сапелка.

У артыкуле 59 Крымінальнага кодэкса прапісана: «у якасці выключнай меры пакарання дапускаецца прымяненне смяротнага пакарання (расстрэлу) за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых абставінах». 

«Цяпер гэтая норма была зменена. Былі прынятыя папраўкі, згодна з якімі смяротнае пакаранне магчымае нават у выпадку замаху на здзяйсненне тэракту. Але Аўтуховіча судзяць яшчэ па старым заканадаўстве, бо яго ўчынкі былі здзейсненыя да ўвядзення паправак. Адпаведна, расстраляць яго не могуць, бо яго дзеянні не пацягнулі гібель людзей», — тлумачыць Павел Сапелка.

Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей, затрымалі ў снежні-студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго па «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек.

Мікалай Аўтуховіч, абвінавачваецца паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх здрада дзяржаве, садзейнічанне ў тэрарыстычнай дзейнасці, незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне злачыннай арганізацыі, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або варожасці, кантрабанда, акт тэрарызму.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера