Знайсці
20.05.2022 / 04:41РусŁacБел

The Wall Street Journal: ЗША гатовыя прыпыніць санкцыі адносна беларускага калію ўзамен за згоду Беларусі на транзіт украінскага збожжа ў Клайпеду

Гэта не здымае патрэбы дэблакады чарнаморскіх партоў, бо беларускі і польскі чыгуначныя шляхі транзіту разам здольныя забяспечыць толькі 10% украінскага харчовага экспарту. Без украінскай сельгаспрадукцыі краінам Трэцяга Свету пагражае голад.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гут'ерэш і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на пасяджэнні Рады бяспекі ААН 19 мая. Фота JOHN MINCHILLO/ASSOCIATED PRESS

Тэма экспарту ўкраінскага збожжа стала ў чацвер прадметам дыскусіі ў Радзе бяспекі ААН. У адкрытых спрэчках асабіста ўзялі ўдзел генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Вайна, блакада Расіяй чарнаморскіх портаў і ракетныя ўдары па ўкраінскай чыгуначнай інфраструктуры заблакавалі пастаўкі на рынкі ўкраінскага збожжа і алею. Гэта не толькі пакінула Кіеў без крыніц даходаў, але і пагражае голадам дзясяткам мільёнам людзей у Азіі і Афрыкі, што патэнцыйна можа прывесці да ланцуга палітычных узрушэнняў і гуманітарных катастроф.

Ва ўкраінскіх зернясховішчах завісла 20 мільёнаў тон збожжа. Без яго цэны на прадукты харчавання вырастуць. Для насельніцтва краін Захаду гэта не крытычна, але рост цэнаў на ежу ў такіх краінах, як Егіпет, Марока, Шры-Ланка, Пакістан ды г.д. можа прывесці да крызісу, хвалі якога дакацяцца далёка.

«Мы працуем над дасягненнем такога пакетнага пагаднення, якое дазволіць экспарт сельгаспрадукцыі Украінай не толькі чыгуначным шляхам, але і праз Чорнае мора, і выведзе расійскія прадукты харчавання і ўгнаенні на сусветныя рынкі без усякіх абмежаванняў», — паведаміў Гутэрыш у чацвер.

Аднак дыпламаты кажуць, што Расія не ідзе на сутнасны кантакт у пытанні дэблакады чарнаморскага ўзбярэжжа Украіны. 

Вось чаму ўчора Вашынгтон разглядае пытанне пастаўкі Украіне амерыканскіх супрацькарабельных ракет «Гарпун» ды іншых узбраенняў, якія дазволілі б украінцам расчысціць марскія шляхі да Адэсы. Адначасова ўчора стала вядома, што Францыя размесціць у раёне Канстанцы ў Румыніі супрацьпаветраны комплекс «Мамба» радыусам дзеяння каля 100 км.

Адначасова ўлады ЗША разглядаюць транзіт украінскага збожжа праз Беларусь як альтэрнатыву. Улады ЗША прапануюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектара, калі Мінск пагодзіцца на транзіт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю, паведамляе The Wall Street Journal.

Ідэя заключаецца ў перавозцы збожжа з Украіны чыгункай праз Беларусь да порта ў горадзе Клайпеда (Літва).

Заходнія краіны ўнеслі ў санкцыйны спіс кампанію «Беларуськалій» — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў у свеце — у 2021 годзе, у адказ на фашызацыю рэжыму ў Беларусі і спробы дэстабілізаваць еўрапейскія краіны засылкай мігрантаў. Пазней пад абмежаванні трапіла і «Беларуская калійная кампанія» (БКК). Аднак рэальна санкцыі супраць беларускага калію запрацавалі толькі ў лютым 2022 года, калі Літва спыніла транзіт гэтай сыравіны, што закрыла яе шлях на рынкі. І гэта самыя балючыя санкцыі, якія калі-кольвек уводзіліся супраць лукашэнкаўцаў.

«Уол-стрыт джорнал» адзначае, што беларускага шляху, аднак, недастаткова для перавозкі тых вялізных аб'ёмаў збожжа, што экспартуе Украіна, якая апошнія гады збірае агромныя ўраджаі. Уявіце сабе, што Украіна ў 2021 годзе сабрала каля 107 мільёнаў тон збожжа проці прыкладна 7 млн тон, якія сабрала Беларусь.

Па чыгунцы можна будзе перавезці толькі 10% даваенных экспартных аб'ёмаў паставак з Украіны, прыводзіць выданне думку Сары Менкер, кіраўніка аддзела сельскагаспадарчай аналітыкі кампаніі Gro Intelligence. «Гэтага недастаткова», — сказала яна на пасяджэнні Рады бяспекі, куды яе запрасілі ў якасці эксперта.

Чыноўнікі ААН таксама лічаць, што вяртанне беларускага і расійскага калію на рынак важнае для захавання ўраджайнасці ў розных краінах планеты. Заходнія краіны заяўляюць, што санкцыі супраць Расіі не закранаюць угнаенняў, сельгаспрадукцыі ды іншых сфер, якія маюць харчовае і гуманітарнае значэнне.

Прыпыненне санкцый на калій узамен на транзіт збожжа стала б першым крокам па дээскалацыі адносін між Беларуссю і Захадам. У той жа час адмена санкцый на пастаўкі калію дала б Мінску крыніцу валюты, ва ўмовах калі ў сакавіку і красавіку падзенне ВУП проці ўзроўню 2021 года пад уплывам санкцый і страты ўкраінскага рынку склала каля 5%. Зняццё санкцый уяўляе для краін Захаду таксама маральнае пытанне. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшала, фашызацыя рэжыму працягваецца, і Беларусь надала сваю тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны. З другога боку шаляў — патрэба Украіны экспартаваць збожжа.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера