Знайсці
20.05.2022 / 15:48РусŁacБел

Расійская апазіцыя хоча выдаваць пашпарт «добрага рускага»

Удзельнікі Антываеннай канферэнцыі ў Вільні выступілі з ініцыятывай выдачы дакумента «добрага рускага». Такое пасведчанне будзе выдавацца тым, хто падпісаў дэкларацыю супраць пуцінскай ваеннай агрэсіі. Ініцыятары хочуць, каб дакумент «добрага рускага» вярнуў яго ўладальнікаў да дасягненняў цывілізаванага свету, якіх расіяне пазбавіліся праз санкцыі.

 Стваральнікі антываеннага камітэту вырашылі перайсці ад абмеркавання сітуацыі, якая склалася, да дзеянняў, заявіў сёння адзін з арганізатараў форума Гары Каспараў, піша канал «Можам растлумачыць». Каспараў абвясціў пра стварэнне Расійскага камітэта дзеяння, на сайце якога будзе апублікаваная дэкларацыя — праграмны дакумент, які можа стаць асновай для абʼяднання «іншай Расіі».

Каспараў пералічыў тры галоўныя пастулаты гэтага дакумента.

Па-першае, прызнанне таго, што напад на Украіну — злачынная вайна.

Другое, што яна развязаная нелегітымным пуцінскім рэжымам.

Трэцяе — прызнанне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, уключаючы Крым і Данбас.

Па словах Каспарава, падпісанне такога дакумента будзе азначаць мабілізацыю актыўнай часткі «добрых рускіх, еўрапейскіх рускіх».

Па словах экс-дэпутата Дзярждумы Дзмітрыя Гудкова, грамадзянам, якія выступаюць супраць вайны, неабходна палітычна аформіцца.

Паводле яго, для атрымання пашпарта «добрага рускага» трэба будзе прайсці тры этапы. Чалавек рэгіструецца, падпісвае антываенную дэкларацыю і праходзіць пацвярджэнне асобы. Пасля гэтага ён атрымлівае ID. Яго можна будзе пазбавіць па пэўных крытэрыях — напрыклад, чалавек, які атрымаў гэты «пашпарт», схлусіў пра свае погляды і паўдзельнічаў у Z-мерапрыемстве.

Калі абʼяднаецца вялікая колькасць людзей, чые асобы пацверджаныя, «наш голас будзе пачуты, зʼявіцца субʼект», тлумачыць задуму Гудкоў.

На яго думку, у перспектыве можна будзе адкрыць «амбасады свабоднай Расіі», якія займаліся б сістэмнай працай з заходнімі прадстаўніцтвамі, заходнімі бюракратыямі.

Для ўладальнікаў такога ID прадугледжваюцца льготы, напрыклад, праграмы працаўладкавання, праграмы дапамогі ў рэлакацыі, рэгістрацыі ў заблакаваных для расіян сэрвісах.

«У апазіцыі першы раз за 22 гады ёсць шанец зрабіць нешта для расіян рэальна добрае, што палягчае жыццё», — падтрымаў ідэю ўдзельнік форуму Яўген Чычваркін.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера