Знайсці
24.05.2022 / 00:32РусŁacБел

Контрсанкцыі Мінска па аўтаперавозках з Еўрасаюза вылазяць бокам у Казахстане

У Казахстане транспартнікі затрымліваюць беларускія і расійскія фуры з грузам, які перазагрузілі ў Беларусі з машын Еўрасаюза. Пра гэта паведамляюць Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозак Беларусі і Расіі. Машыны застаюцца ў Казахстане да таго часу, пакуль першапачатковы перавозчык Еўрасаюза не прыбудзе ў гэтую краіну для вырашэння сітуацыі, піша Zerkalo.io.

Мяжа Казахстана. Фота: today.kz

Да такой сітуацыі прывялі контрсанкцыі, якія Беларусь увяла ў красавіку супраць еўрапейскіх аўтамабільных грузаперавозчыкаў. Удакладнім, што Казахстан — наш «сусед» па ЕАЭС.

Пры затрыманні расійскіх і беларускіх фураў Казахстан спасылаецца на свае законы. Калі коратка, то гэтая дзяржава не дапускае ўвозу грузаў, якія былі перачэпленыя або перагружаныя ў трэціх краінах. За парушэнне кіроўца можа быць аштрафаваны.

Нагадаем, з 16 красавіка Беларусь увяла контрсанкцыі супраць еўрапейскіх аўтамабільных грузаперавозчыкаў. Ім можна толькі ехаць у пэўныя лагістычныя цэнтры недалёка ад мяжы для перагрузу або перачэплівання.

Менавіта контрсанкцыі шмат у чым і справакавалі цяперашнюю сітуацыю ў Казахстане з затрыманнем беларускіх і расійскіх фураў з грузам, які перазагрузілі ў Беларусі з машын Еўрасаюза.

Што кажуць беларускія перавозчыкі, якія ўжо ездзілі ў Казахстан з «перачэпамі»

Беларускія перавозчыкі, якія везлі ў Казахстан «перачэпы» з ЕС, паведамілі, што машыны затрымліваліся супрацоўнікамі інспекцыі транспартнага кантролю Казахстана. Іх трымалі да таго часу, пакуль першапачатковы перавозчык Еўрасаюза не прыбудзе ў Казахстан для разгляду распачатай у дачыненні да яго справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і не прад'явіць дазвол на перавозку.

Што ў гэтай сітуацыі прапануюць транспартныя «прафсаюзы»

З-за гэтых абмежаванняў Беларуская асацыяцыя міжнародных аўтаперавозчыкаў (БАМАП) звярнулася ў Мінтранс Беларусі, каб ён абмеркаваў з кампетэнтнымі органамі Казахстана прапановы па ўрэгуляванні пытанняў выканання міжнародных аўтамабільных перавозак. Такая ж сітуацыя адбываецца і з расійскімі перавозчыкамі.

У расійскай Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў мяркуюць, што ў гэтым выпадку Казахстан парушае некаторыя дамоўленасці. Гаворка пра двухбаковае пагадненне аб міжнародным аўтамабільным спалучэнні.

Асацыяцыя просіць перавозчыкаў не ехаць у Казахстан да высвятлення сітуацыі.

Трохі падрабязней пра тое, якія прэтэнзіі ў Казахстана (для тых, хто хоча паглыбіцца ў дэталі)

Казахстан лічыць, што закрыццё працэдуры мытнага транзіту ў перавозчыка з ЕС у спецыяльна ўстаноўленых месцах і адкрыццё новай працэдуры мытнага транзіту ў беларускага перавозчыка не азначае завяршэння транзіту ў дачыненні да замежных тавараў, якія перавозяцца. А гэта значыць, што беларускі перавозчык не можа перавозіць груз у Казахстан як наступны перавозчык, нават калі ёсць дазвол на перавозку грузаў у/з трэціх краін.

У Казахстане лічаць, што завяршэнне працэдуры мытнага транзіту прадугледжвае правядзенне з таварамі мытных аперацый — перамяшчэнне тавараў на часовае захоўванне або іх мытнае дэклараванне.

Больш падрабязна пра сітуацыю ў Казахстане з «перачэпамі» з Беларусі можна прачытаць на сайце БАМАП.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера