Знайсці
24.05.2022 / 14:12

«Стаў вырошчваць дыні і афрыканскія агуркі». Паразмаўлялі з беларусамі, якія з-за вайны з’ехалі ў вёску

Мінчук Сяргей перабраўся з горада ў вёску за тры тыдні да вайны. «Адчуваў, што яна непазбежная», — кажа ён. Гамяльчук Яўген — праз паўтара месяца пасля яе пачатку. «Наша Ніва» паразмаўляла з мужчынамі пра іх жыццё на новым месцы, інфраструктуру ў вёсках і сацыялізацыю.

Фота тут і далей: асабісты архіў герояў

«З жонкай жартуем, што будзем як мясцовыя бабулі — на наступны год прадаваць тое, што нарасло» 

Цяпер Сяргей жыве на поўдні Мінскай вобласці. Там у яго быў дом, які застаўся ад продкаў. 30-гадовы мужчына з’ехаў з горада разам з сям’ёй — жонкай і новароджанай дачкой.

Па першай адукацыі Сяргей біёлаг. Да 2020-га быў маркетолагам на фармацэўтычным рынку. Калі началася пандэмія, мужчына страціў працу: яна ўключала ў сябе апытанне дактароў ужывую. У тым жа годзе ён атрымаў адукацыю псіхолага і стаў зарабляць на жыццё індывідуальнымі кансультацыямі і трэнінгамі.

Стэлефанавацца з Сяргеем атрымалася не адразу. У яго шмат хатніх спраў, мужчына актыўна заняўся земляробствам. Напярэдадні размовы Сяргей рабіў у агародзе градку Хольцара.

«За ёй пяць гадоў ніяк не трэба глядзець. Нават паліваць. Робіцца яна так: капаецца глыбокая яма, у яе кладуцца тоўстыя кавалкі дрэва, потым галінкі, слой зямлі, потым сена, і ў яго садзіцца якая-небудзь цеплалюбівая расліна. Вельмі доўга там трымаецца вільгостнасць, амаль што няма пустазелля. За 5-7 гадоў усё перагнівае, атрымліваецца натуральная падкормка. 

Увогуле, тут адчуў цікавасць да земляробства, успомніў пра сваю першую біялагічную адукацыю, стаў вырошчваць напаўэкзатычныя расліны: дыню, кавун, незвычайныя агуркі. Яшчэ не ведаю, наколькі гэта будзе складана, бо яны ў мяне толькі прараслі з насення, у канцы мая будзем высаджваць у адкрыты грунт. 

Само насенне дыні мне далі ў падарунак, а, напрыклад, насенне афрыканскіх агуркоў можна купіць у «Гіпа». Па-іншаму яны называюцца ківана. Цяпер гэта больш маё хобі, але я разумею, што з часам жыццё ў сельскай мясцовасці можа зацягнуцца. З жонкай жартуем, што будзем як мясцовыя бабулі — на наступны год прадаваць тое, што нарасло. Яшчэ саджу розныя пладовыя дрэвы. Напрыклад, вішню і сліву. Сапраўды можна будзе збіраць і прадаваць», — кажа ён. 

З’ехаў Сяргей ў вёску па некалькіх прычынах. Першая з іх — пераслед праз удзел у мітынгах. 

«Аднойчы трапіў на камеры відэаназірання, але тады пазбег затрымання, — тлумачыць ён. — Потым яны прыйшлі да мяне ў пачатку 2021-га, але не знайшлі. І пасля яшчэ тры разы прыходзілі. Адзін раз усё ж мяне паймалі за налепкі на акне. Прыйшлі дадому, выламалі дзверы, выцягнулі, трапіў на Акрэсціна. Адсядзеў толькі трое сутак, бо суддзя адправіла маю справу на дапрацоўку.

На фотаздымках супрацоўнікаў міліцыі не было бачна, якога колеру выявы на маім акне, бо яны друкавалі іх на чорна-белым прынтары. Каляровага не было. Я так зразумеў, што ім было прасцей мяне адпусціць, чым шукаць прынтар і друкаваць зноў. Можна сказаць, што мне тут пашасціла. 

Другая прычына — пандэмія. У мяне павінна было нарадзіцца дзіця, хацеў схаваць жонку ад гэтага каранавіруса. 

Трэцяя — вайна. Ужо тады я адчуваў, што гэта непазбежна. Як і ўсе баяўся, што будзе аб’яўленая мабілізацыя.

Быў страх, што вайна дабярэцца да нас. Яшчэ ў нас тут у вёсцы над домам ляталі самалёты ва Украіну. Вельмі нізка. Хаваліся ад вайны, а тут гэтая авіяцыя. А потым чытаеш, як украінцы яе збілі.

Увогуле, жонка падтрымала мяне з пераездам, бо вельмі хвалявалася за мяне з-за пераследу. З’ехалі адразу, калі нарадзілася дачка».

У вёсцы Сяргея жыве каля пары соцень чалавек. Мужчына кажа, што 30 гадоў таму ў ёй было больш за тысячу жыхароў. Быў кінатэатр, развітая інфраструктура. Але ў сярэдзіне дзевяностых вёска пачала выміраць. 

«Цяпер тут па-ранейшаму шмат дамоў, іх ніхто не зносіць. Большасць з іх пустыя.

Моладзь з’яджае, канечне, але не ўся. Ёсць хлопцы, якія працуюць у райцэнтрах. Звычайна яны займаюцца будоўляй ці працуюць на фермах якіх-небудзь», — кажа мужчына.

Цяпер на жыццё Сяргей зарабляе псіхалагічнымі кансультацыямі, якія праводзіць анлайн. За мясяц яго даход складае каля двухсот даляраў. 

«Плюс дэкрэтныя і тыя грошы, якія назбіралі раней. Жонка цяпер з дзіцём, па адукацыі яна таксама псіхолаг. Увогуле, фінансавае становішча ў нас так сабе», — прызнаецца ён. 

«Каб тут была якая праца з нармальным заробкам, не вяртаўся б у сталіцу» 

Апошнім часам Сяргей задумаўся пра тое, каб зноў пачаць жыць у Мінску: у вёсцы вялікіх грошай не заробіш. 

«Але вяртацца, канечне, небяспечна. Тут шмат грошай не трэба, але ў Мінску я пакінуў офіс, за які трэба плаціць арэнду. Я вось вырашаю, адмовіцца ад яго ці не.

Прайшло некалькі месяцаў, і магу сказаць, што вярнуўся б толькі з-за грошай. Каб тут была якая праца з нармальным заробкам, не вяртаўся б у сталіцу. Шукаў паўгода дыстанцыйную працу перакладчыкам, але там таксама былі нейкія смешныя заробкі. 

Пра тое, каб з’ехаць з Беларусі, я думаў, але ж няма працы, пры якой можна было б адважыцца на пераезд за мяжу. Хачу цяпер, як і ўсе, стаць айцішнікам. Пачаў вучыцца, запал пакуль ёсць. 

Я б сказаў, што сям’і ў вёсцы хопіць 1000 рублёў, каб пражыць.

У мяне яшчэ машына шмат забірае. Трэба і на бензін, і на рамонт. Калі б і ад яе пазбавіцца, то яшчэ танней жыць. Мясцовыя тут ездзяць на старых дызельных аўто», — дзеліцца ён. 

Дом Сяргею надта абнаўляць не прыйшлося. За ім раней сачылі яго сваякі, якія жывуць побач. У хацу праведзеная вада, газ, інтэрнэт. Ёсць душ і прыбіральня. 

«Увогуле, вельмі цікава, бо самастойна трэба весці гаспадарку, усё ж такі неяк прыстасоўвацца да новага жытла. І толькі вось нядаўна злавілі сябе на думцы, што ўжо гэты дом лічым сваім. 

Мэбля тут ніштаватая яшчэ. Больш прыйшлося займацца прыбіраннем — доўга мылі падлогу, выкідвалі старое. Я асабіста перабіраў лекі, якія тут былі і ў якіх тэрмін годнасці выйшаў. Што яшчэ? Печка ў нас тут ёсць. Тры пакоі, месца шмат. 

Камунальныя паслугі дапамагаюць плаціць нашы родныя. Дакладна не ведаю, колькі гэта. Ад 50 да 100 рублёў за месяц», — расказвае ён.

У вёсцы, у якой жыве Сяргей, ёсць адзін «Еўраопт» і некалькі іншых крам. Дастаўка прадуктаў не дзейнічае, а са сталіцай злучае толькі адзін аўтобус, які робіць некалькі рэйсаў на дзень.

«Асартымент прадуктаў, канечне, звужаны, калі параўноўваць са сталічнымі крамамі, выбар садавіны і гародніны невялікі.

Гэта, можа, і зразумела, бо людзі тут самі гэта вырошчаюць. Бананы, апельсіны, канечне, ёсць, але не больш за тое. Жыць можна, калі не быць пераборлівым. 

Цырульня працуе некалькі дзён на тыдзень. Раблю ў тэлефоне нататкі, каб не забыцца. 

Тут развіты менавіта маленькі бізнэс. Мясцовыя так і кажуць: «Пайшоў да Іванова», напрыклад. То-бок не назву крамы называюць, а прозвішча чалавека, які ёй валодае», — расказвае мужчына.

«Шмат людзей з майго атачэння з’ехала з краіны — камунікацыя і так перайшла ў анлайн»

Самае складанае цяпер для сямейнай пары — сацыялізацыя. Яна ў іх абмежаваная ў мэтах бяспекі. 

«Першыя месяцы хаваліся, не хацелі, каб людзі ведалі, што мы тут жывём. А паколькі яны памятаюць мяне яшчэ з дзяцінства, то пазнавалі. 

Жонцы тут складаней, чым мне. У яе зусім мала зносін з кімсьці, акрамя мяне. А я часта бываю ў Мінску, сустракаюся з сябрамі, таму мне нармальна.

Але шмат людзей з майго атачэння з’ехала з краіны. У сталіцы ў мяне засталіся два знаёмыя хлопцы і яшчэ ёсць пару з іншых гарадоў. Так што ўжо нават сацыялізацыя ў Мінску так сабе, усё перайшло ў анлайн», — заўважае мужчына.

Сяргей адзначае, што ёсць шмат плюсаў жыцця ў вёсцы. Але і мінусаў дастаткова. 

«Мы спачатку для дзіця прывезлі кліматычны комплекс, які робіць паветра чысцейшым. Ён аказаўся нам не патрэбным, бо датчыкі паказалі, што тут вельмі чыстае паветра, — кажа ён. — 

Па-другое, у вёсцы менш траціш грошай. Тут няма гандлёвых цэнтраў, кіно і ўсяго іншага. Цырульня толькі і прадуктовая крама. Адчуваецца, наколькі шмат я раней траціў у Мінску. 

З мінусаў — слабая інфраструктура.

Да бліжэйшай трэнажорнай залы — 20 кіламетраў. У вёсцы іх няма, а да райцэнтра ездзіць далёка. Знайшоў тут у гарадскім пасёлку фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Там так сабе зала, але займацца можна.

Раней на машыне туды ездзіў, а потым пачаў на аўтобусе. Ёсць некалькі рэйсаў, якія мне падыходзяць. Але назад спяшаюся, каб не спазніцца аўтобус. Успрымаю ўсе гэтыя мінусы як прыгоды. Паглядзім, на колькі мяне хопіць».

Таксама Сяргей задумываецца, у які дзіцячы садок і школу будзе ў будучыні хадзіць яго дачка. 

«Мы ў чаргу ў Мінску сталі яшчэ да ад’езду. Год, максімум два, мы тут пажывём. Потым вернемся, і будзе ўсё так, як было. Калі больш тут знаходзіцца, то прыйдзецца прыстасоўвацца, станавіцца земляробам. Са сталічным светапоглядам доўга тут не зможаш. Ці яго трэба мяняць ці з’яджаць з вёскі ў буйны горад», — падсумоўвае ён.

«Тут добрыя людзі, якіх не цікавіць, колькі ў цябе падпісантаў у Інстаграме»

Гамяльчук Яўген пераехаў у вёску ў красавіку гэтага года. Мужчына пасяліўся ў Гродзенскай вобласці, у доме, які яму застаўся яшчэ ад бабулі і дзядулі. 

Да восені мінулага года 35-гадовы Яўген працаваў у органах дзяржаўнага кіравання. Пасля звольніўся і неўзабаве знайшоў падпрацоўку на «Яндэкс.Маркеце» аператарам чат-падтрымкі. Паралельна мужчына пачаў вучыцца на тэсціроўшчыка. У снежні 2021-га ён паспяхова ўладкаваўся ва ўкраінска-беларускі стартап на стажыроўку. Усё было добра, пакуль не пачалася вайна.

«Зразумела, што ўладальнікі стартапа думалі пра тое, як выратаваць свае жыцці і блізкіх людзей, таму праца прыпынілася. На «Маркеце» таксама рэзка скарацілася колькасць працы.

Так я паўстаў перад выбарам — ісці на дзяржаўную працу ці захаваць сумленне і застацца без яе. Да ўсяго ж я жыў у інтэрнаце — там, згодна з умовамі, абавязкова трэба было працаваць на дзяржаву. Вырашыў вяртацца з Гомеля на радзіму. Здзейсніў адну са сваіх мар, бо пажыць на вёсцы ў спакоі я хацеў даўно.

Увогуле, пераехаў, таму што, па-першае, стаміўся ад бадання з вышэйстаячымі арганізацыямі, а па-другое, больш не мог трымаць на сабе ўвесь ідыятызм, да якога ўсе гэтыя гады кацілася сістэма», — кажа ён.

У вёсцы, у якой жыве Яўген, трошкі больш за 140 дамоў. Жывуць у іх у асноўным людзі сталага веку. Да іх часта прыязджаюць дзеці, але апошнім часам, па словах Яўгена, ёсць і тыя, хто купляе дамы пад лецішчы. 

«Я камунікую ў асноўным з суседзямі, — кажа ён. — Агулам у вёсцы, калі палічыць, можа, амаль 300 чалавек будзе. 

Умовы ў мяне такія: прыбіральня і вада на вуліцы. У доме ёсць печ, некалькі пакояў. Газ у балонах, колькі каштуе свет — не ведаю, але нядорага. Ацяпленне — дровы, пакуль яшчэ ёсць запасы са старых часоў, бо апошнія сем год хата выкарыстоўвалася толькі як лецішча. Карацей, жыць можна». 

Ні лазні, ні душа ў Яўгена няма. У бліжэйшы час мужчына збіраецца нешта з гэтым зрабіць. 

«Мыцца езджу да бацькоў у райцэнтр непадалёк. Магу пайсці да сяброў у лазню ці пагрэць ваду ў печы, каб абмыцца ў начовачцы. Або на вуліцы: са студні наліваеш ваду ва ўмывальнік, а грэе яе сонца», — расказвае ён. 

З пераездам у Яўгена абудзілася цікавасць да гісторыі гэтага краю. Ён пачаў ездзіць на ровары па наваколлі — наведаў з 15 вёсак.

«Увогуле, цяпер працягваю вучыцца на QA-інжынера. На вёсцы заўсёды знойдзецца, чым заняцца. Удзень — гарод паліць, адкрыць-закрыць парнікі. Кашу траву, пілую і калю дровы, парадкую падворак. Гэта вельмі добра ачышчае думкі і падкідае ідэі. Увечары вучуся, чытаю», — расказвае ён. 

Яўген адзначае, што з плюсаў знаходжання на вёсцы — тое, што там асаблівы лад жыцця. Час ідзе нашмат павольней, чым у горадзе.

«Я больш накіраваны на тое, каб забяспечыць свой быт, — кажа ён. — Напрыклад, каб было цёпла ў хаце і каб прыгатаваць ежу, трэба прынесці дроў, запаліць у печы, прынесці вады са студні — усё гэта напаўняе працэс сэнсам. Тут больш звяртаеш увагу на рэчы, якія ў горадзе не турбавалі, і наадварот.

Напрыклад, калі ідзе дождж, ты рады, што ён прамочыць гарод. А ў горадзе будзеш злавацца, што мокры абутак. Тут добрыя людзі, якіх не цікавіць, колькі ў цябе падпісантаў у Інстаграме, затое яны падкажуць, як правільна сеяць агарод. Тут вольнае паветра, і для гэтага трэба проста выйсці за парог. І тут я проста адчуваю свае карані.

З мінусаў — няма аніякага сэрвісу, акрамя адной прыватнай крамы. Праўда, тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Дрэнна ловіць інтэрнэт. У райцэнтры таксама мала крамаў і няма аддзяленняў банкаў і банкаматаў, акрамя двух дзяржаўных. Палова з крамаў у нядзелю не працуе». 

«Калі лічыць выдаткі на тэлефон, інтэрнэт, ежу для сябе і сабакі, сустрэчы з сябрамі — каля 450 рублёў набярэцца»

Цяпер мужчына жыве на зберажэнні. Ён лічыць душэўны спакой больш важным, чым грошы. 

«У вёсцы жыць нашмат танней, чым у горадзе. Няма неабавязковых тратаў, купляеш толькі тое, што трэба. Увогуле, тут няма, куды траціць грошы. Штосьці расце ўжо на агародзе. Ёсць бульба, закаткі, так што трымацца можна. 

Калі лічыць выдаткі на тэлефон, інтэрнэт, ежу для сябе і сабакі, сустрэчы з сябрамі — каля 450 рублёў набярэцца. Складана падлічыць, таму што калі прыязджаюць сваякі, то нешта прывозяць. Калі б жыў адзін, недзе б так вышла», — тлумачыць мужчына. 

Пакуль Яўген плануе жыць у вёсцы да восені. Далей будзе бачна. Магчыма, ён застанецца і зімаваць. 

Адказваючы на пытанне аб працы, мужчына дзеліцца, што паспрабаваўшы, як яно — працаваць не на дзяржаву, а на прыватны бізнэс, зразумеў, што ўжо не здолее вярнуцца. 

«Дзяржава бачыць у тваёй асобе чарговы вінцік без асабістага меркавання. Ты павінен працаваць не для выніку, а для птушачкі — і не важна, што праца твая нікому не патрэбная.

Я шмат год вымушаны быў пераступаць праз сябе, але баяўся страціць тое, што меў. Сыходзячы ж, расплюшчыў вочы і зразумеў, што нічога дрэннага не адбылося. Усё ж сякі-такі досвед я маю: працаваў і дзяржслужбоўцам, і журналістам, цяпер вось асвойваю QA. Спадзяюся, што змагу нешта знайсці і ў Беларусі», — кажа ён.

Сацыяльных кантактаў Яўгену ў вёсцы хапае. Кожныя выхадныя да яго прыязджаюць родныя, ён сябруе з суседзямі. 

«Завёў шчанюка, размаўляю з ім. Ёсць таварышы ў райцэнтры і навакольных вёсках. Карацей, у гэтым сэнсе ўсё добра».

Чытайце таксама: 

Ва Украіне забаранілі набліжацца да мяжы з Беларуссю

У Мінску на месцы даўгабуда на праспекце Дзяржынскага з'явіцца элітны жылы дом

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
Ха-ха
2
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30