Знайсці
28.05.2022 / 19:37РусŁacБел

«Тут сярэдні футбаліст атрымлівае не больш за настаўніка». Гэты галкіпер выступаў за Беларусь на Алімпіядзе, а цяпер феерыць у Швецыі і вядзе ўрокі ў школе

Беларускі футбаліст Філіп Вайцяховіч, удзельнік Алімпіяды-2012, ужо дзесяць гадоў жыве ў Швецыі. Там галкіпер здолеў дабіцца поспеху і цяпер гуляе ў шведскай вышэйшай лізе, дзе паказвае неблагія вынікі. Ён адыграў усе дзевяць гульняў цяперашняга чэмпіянату ў аснове (тры з іх — на нуль), і цяпер каманда беларуса — «Вернаму» — трымаецца на 8-м месцы ў чэмпіянаце, не маючы вялікага фінансавання і падтрымкі.

Усе фота: архіў Філіпа Вайцяховіча

У вольны час Вайцяховіч выкладае дзецям у школе дакладныя навукі, але і пра Радзіму не забывае: выказвае салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій і словам, і справай.

Пагутарылі з Філіпам пра яго незвычайны шлях (мужчына нават папрацаваў дыджэем), розніцу ў шведскім і беларускім менталітэтах і падзеі на Радзіме.

«Швецыя і паслухмянасць — гэта розныя рэчы»

«Наша Ніва»: Чым цяпер жывяце?

Філіп Вайцяховіч: Акрамя футбола, яшчэ падпрацоўваю ў школе. Або працую як настаўнік, або займаюся з вучнямі, якім патрэбная дапамога. Калі мы гулялі ў ніжэйшай лізе, я паўнавартасна працаваў настаўнікам, а цяпер займаюся гэтым менш, бо маю менш часу.

«НН»: Выкладаеце фізкультуру?

ФВ: Не, біялогію, хімію, фізіку і матэматыку. Першыя тры — адзін прадмет у шведскіх школах, прыродазнаўчыя навукі.

«НН»: Як футбаліст апынуўся ў гэтай сферы?

ФВ: У школе я вучыўся не надта добра, але заўсёды цікавіўся навукай. Калі з’ехаў у Швецыю, пачаў прысвячаць гэтаму больш часу, асабліва біялогіі. Пачынаў з вывучэння правільнага харчавання, займаўся гэтым усё больш і больш. Потым стаў падпрацоўваць у школе, бо ў ніжэйшых лігах было складана жыць на адзін заробак спартсмена.

І потым у школе, дзе я працаваў ужо пару гадоў, узнікла неабходнасць у новым настаўніку. Яны ніяк не маглі знайсці чалавека, а мяне там ужо ведалі, я прысутнічаў на занятках і ведаў, як там усё ўладкавана. Так што мне прапанавалі крыху падпрацаваць — і вось я ўжо трэці год «падпрацоўваю».

«НН»: Вам не трэба для гэтага ніякай педагагічнай адукацыі?

ФВ: Канечне, трэба, я цяпер гэтым займаюся. Хаця можна і без адукацыі, як я і працую цяпер, але ў мяне ў кантракце пазначана, што я замяняю пастаяннага настаўніка. Гэта толькі фармулёўка, бо я працую як звычайны настаўнік, але мне не могуць даць поўную стаўку.

«НН»: Добра ладзіце з дзецьмі?

ФВ: Так, я ж і дзіцячым трэнерам раней працаваў. Жыву ў Швецыі ўжо дзесяць гадоў, таму шмат дзе паспеў папрацаваць. Дзеці — яны паўсюль аднолькавыя.

«НН»: Як яны самі ўспрымаюць выкладчыка з Беларусі?

ФВ: Яны, мне здаецца, асабліва пра гэта не думаюць, можа, гэта мяне больш хвалююць пытанні нацыянальнасці. Дзецям, напэўна, ўсё роўна, адкуль ты, калі ты настаўнік, яны будуць цябе паважаць.

«НН»: Слухаюцца вас?

ФВ: Швецыя і паслухмянасць — гэта розныя рэчы, хутчэй, яны дэманструюць павагу і прыняцце.

Але вельмі нязвыкла чуць пра паслухмянасць у дачыненні да шведскіх дзяцей. Гэта ў Беларусі настаўніка лічаць нечым недасягальным, кімсьці, хто стаіць вышэй за цябе, тут жа да людзей ставяцца больш адкрыта.

«НН»: Наколькі ведаю, у шведскіх спартовых школах яшчэ і не падтрымліваецца ідэя чакаць ад дзіцяці спартовых вынікаў. Сутыкаліся з такім?

ФВ: Так, а навошта патрэбны вынік? Гэта ж дзіця, яму трэба паляпшаць свае якасці, развівацца.

Дзеля чаго патрабаваць ад дзіцяці вынік, каб стаць такім, як я? Ад нас патрабавалі вынікі ў дзіцячым футболе, і цяпер я вельмі адрозніваюся ад шведскіх спартсменаў па менталітэце. Навошта ставіць сябе ў рамкі? Няхай дзеці атрымліваюць задавальненне, пакуль яны яшчэ дзеці, і трэніруюцца.

Сотні шведскіх футбалістаў цяпер гуляюць у еўрапейскіх клубах, у добрых чэмпіянатах і камандах. А ў краінах СНД ад дзяцей патрабуюць вынікі, і колькі беларусаў ці рускіх граюць у Еўропе? Нашмат менш.

«НН»: Тое, што нашы футбалісты не граюць у Еўропе, пытанне не толькі менталітэту, але і якасці падрыхтоўкі, хіба не?

ФВ: Так. Хаця, лічу, у Беларусі цяпер не самая дрэнная інфраструктура для развіцця ў футболе, у мой час такога не было. Так што для падрыхтоўкі ёсць магчымасці, і я б, напэўна, больш звязаў адсутнасць поспеху нашых гульцоў з іх менталітэтам і з патрабаваннямі да чалавека, з пастаяннымі «трэба» і «давай».

Мы з дзяцінства нейкія заціснутыя, і я такім і застаўся, а тут людзі ставяцца да футбола зусім па-іншаму.

Яны ўспрымаюць футбол як гульню, крыніцу задавальнення, а для нас футбол — гэта праца, нам трэба змагацца. З гэтай жа серыі і сустрэча з Лукашэнкам перад адпраўкай на Алімпіяду — маўляў, наперад, трэба паміраць за Радзіму! А навошта паміраць, калі трэба проста гуляць?

«НН»: Трохі дзіўна чуць пра заціснутасць ад чалавека, які працуе дыджэем.

ФВ: Я быў дыджэем, але ж праз сваю занятасць ужо пару гадоў гэтым не займаюся, і год ужо не пішу музыку. Але і мая цікаўнасць да працы дыджэем, і першыя спробы ў гэтым кірунку — усё гэта здарылася, ужо калі я перабраўся ў Швецыю. Што да сэтаў, то іх я ў асноўным граў у Беларусі, бо там было больш знаёмых, праз якіх можна было дамовіцца пра магчымасць выступіць.

«НН»: Для вас гэта заўсёды было хобі?

ФВ: Так. Недзе ў 2017—2018 годзе пачаў пісаць уласную музыку, і тады паўстала пытанне: або я буду гэтым займацца ўвесь працоўны дзень і развівацца, або гэта і далей будзе маё хобі. Другі варыянт быў ужо не надта цікавым, таму вырашыў пакуль што паставіць музыку на паўзу.

Не мог страціць працу ў школе, бо яна мне прыносіла дадатковы прыбытак, музыка ж на той час нічога мне не прыносіла.

Каб пачаць на ёй зарабляць, трэба было б засесці ў студыі на паўгода-год, і тое не факт, што ў цябе нешта атрымалася б.

Засесці ў студыі на год без грошай,калі табе 30—31 год, — гэта ўжо не надта проста.

Адна справа, калі ты школьнік ці студэнт і табе дапамагаюць бацькі. Але ў мяне ёсць жонка, нам трэба за нешта жыць і неяк аплачваць кватэру, і грошы проста так не прыходзяць.

«Людзей рэпрэсуюць ні за што, але гэта робіцца часткай твайго штодзённага жыцця»

«НН»: Даўно былі ў Беларусі апошні раз?

ФВ: У 2019 годзе, перад усім жахам, што здарыўся ў 2020-м. Пасля пачатку пратэстаў я не рызыкаваў ехаць у Беларусь.

«НН»: Сітуацыя ў Беларусі вас адпускае?

ФВ: Часам — так, а часам адчуваю расчараванне і гнеў. Вядома, што нічога пазітыўнага не адчуваю.

«НН»: Вы ж пачалі выказвацца супраць гвалту практычна з першых дзён пратэсту, нават запісалі з аднаклубнікамі ролік у падтрымку беларусаў.

ФВ: Так, папрасіў іх папрысутнічаць. Спытаў, ці жадаюць яны падтрымаць беларусаў, і ўсе лёгка пагадзіліся, пасля гульні мы і запісалі тое відэа. Нічога незвычайнага, проста хацелася зрабіць нешта для людзей і выказаць сваё меркаванне наконт сітуацыі ў Беларусі.

«НН»: Вы і цяпер спрабуеце неяк дапамагаць Беларусі, напрыклад, дапамаглі аплаціць рэабілітацыю былому палітвязню і футбалісту Расціславу Шавелю. Чым вас закранула гэтая гісторыя?

ФВ: Калі ёсць магчымасць — трэба спрабаваць дапамагчы, тым больш, калі табе цяпер нашмат прасцей, чым яму. Калі чалавеку ад гэтага хоць трохі стане лягчэй — цудоўна. Не магу сказаць, што раблю нешта незвычайнае, ёсць шмат людзей, якія прыносяць больш карысці. Але, калі разумею, што магу нечым дапамагчы, стараюся гэта зрабіць, хаця ўсё ахапіць немагчыма.

«НН»: А стомленасці ў вас няма?

ФВ: Ёсць, але гэта нармальна, чалавек адаптуецца да ўсяго. Маю некалькі знаёмых, якія цяпер у Харкаве, у іх вайна і бамбёжкі, але з цягам часу яны прывыклі і да гэтага. Так і тут: людзей рэпрэсуюць ні за што, але гэта робіцца часткай твайго звычайнага жыцця. Гэта сумна, але, напэўна, з гэтым нічога нельга зрабіць.

«НН»: Вы некалі казалі пра тое, што пайшлі б гуляць у беларускую зборную, калі б былі ўпэўненыя, што здолееце потым бяспечна выехаць з Беларусі. Ваша меркаванне застаецца тым жа?

ФВ: Калі глядзець па тэхніцы, я пакуль не надта шмат гуляў на найвышэйшым узроўні, у беларускай зборнай ёсць больш вопытныя галкіперы і наўрад ці я здолеў бы нечым ім дапамагчы. Але ж ёсць і маральны бок. Ёсць адчуванне, што не жадаю гуляць за краіну, з якой ляцяць ракеты і дзе саджаюць на роўным месцы сваіх грамадзян.

«НН»: А калі б вас паклікалі гуляць у беларускі клуб, таксама б не пайшлі?

ФВ: Канечне, хочацца, але ніякія грошы і ніякі клуб гэтага не вартыя. Спадзяюся, што пакуль у Беларусі такое адбываецца, я туды не вярнуся.

«НН»: У беларускім футболе ажно тры лігі людзей, якім не перашкаджае тое, што вы назвалі.

ФВ: У іх іншыя жыццёвыя сітуацыі. Калі б я ўсё жыццё пражыў у Беларусі і не меў іншага выбару, можа, і мне б гэта ўсё не перашкаджала. Знаходжуся ў адноснай бяспецы і ў спакойнай краіне, мне лягчэй разважаць, чым ім. Не хацелася б, каб былі нейкія расколы, бо ў такім выпадку не будзе руху наперад.

«Тое, што адбываецца ў Беларусі — гэта няправільна і несправядліва»

«НН»: Як хлопец з Маладзечна апынуўся ў Скандынавіі?

ФВ: Калі мне было недзе 20 гадоў, пераехаў у Швецыю да мамы і сястры, яны ўжо жылі тут дзесяць гадоў на той час.

«НН»: Пераехалі ў пошуках клуба?

ФВ: Так. З футболам пераязджаць трохі лягчэй, чым па іншых матывах, прасцей атрымаць працоўную візу. Так што выкарыстоўваў футбол як магчымасць для таго, каб перабрацца ў Швецыю. Тым больш што меў на той час нейкае імя, граў за моладзевую і юніёрскую зборныя краіны, удзельнічаў у Алімпіядзе. З такім невялічкім паслужным спісам мне павінна было быць трохі прасцей — як мінімум, мне так здавалася на той момант.

«НН»: А як аказалася на самой справе?

ФВ: Толькі ў гэтым годзе, праз дзесяць гадоў пасля пераезду, я пачаў гуляць там, дзе хацеў з самага пачатку. Вельмі марыў выступаць у вышэйшай лізе Швецыі, але нічога не атрымлівалася, бадзяўся па ніжэйшых лігах. На жаль, футбол у Швецыі і ў Беларусі — гэта розныя рэчы, і розныя яны ў тым ліку і праз стаўленне да гэтай гульні.

Калі я прыехаў, думаў, што футбаліст — гэта вельмі салідная прафесія. У Беларусі футбалісты добра зарабляюць, да іх ёсць вялікая ўвага, і я з гэтым усім, са сваім статусам маладога таленавітага галкіпера прыехаў у Швецыю і думаў: «Зараз я вам пакажу!»

Але на самой справе не паказаў нічога. Гуляў у ніжэйшых лігах, і тое не заўсёды ў мяне там усё атрымоўвалася, але ж беларускія футбалісты часта маюць памылковыя думкі наконт сябе.

«НН»: Гэтыя памылковыя думкі, якіх так шмат у беларускіх футбалістаў, часам не ад іх саміх сыходзяць?

ФВ: Так, ад іх. Яны не разумеюць, што гэта такая ж прафесія, як і ўсе астатнія, але тут трэба ўлічваць і розніцу ў заробках. Тут сярэдні футбаліст вышэйшай лігі атрымлівае не больш чым умоўны настаўнік, паліцэйскі ці доктар, бо ўсе людзі сацыяльных прафесій тут вельмі добра зарабляюць. Таму футбаліст у Швецыі — гэта звычайная прафесія. Так, ёсць клубы, дзе гульцы зарабляюць дужа шмат, але яны — сапраўдныя майстры сваёй справы.

Важна яшчэ ўлічваць, якое ў Швецыі сацыяльнае забеспячэнне. Усе ведаюць: калі ў цябе нешта здарыцца, ты страціш месца ў клубе або атрымаеш траўму, ты ўсё роўна атрымаеш прыбытак ад нейкіх страхавых кампаній ці прафсаюзаў. Таму нічога страшнага, калі ты недзе памылішся.

«НН»: Тое, што беларускія футбалісты не маюць такога падмурка, часам не звязанае з іх маўчаннем пра падзеі ў краіне?

ФВ: Хутчэй за ўсё, ім было б цяжка нешта знайсці сабе, калі яны выкажуцца і страцяць працу. Думаю, так цяпер у любой прафесіі, не толькі ў выпадку з футбалістамі, тым больш, што нашых гульцоў тут і не надта чакаюць. Не ведаю, як бы я сябе паводзіў, калі б застаўся ў Беларусі, рэпрэсіі ўсіх дастануць, калі будзе такая патрэба.

«НН»: А чаму вы самі не здолелі маўчаць?

ФВ: Таму што тое, што адбываецца ў Беларусі — гэта няправільна і несправядліва, і ў сучасным грамадстве такога быць не павінна. Людзі, якія прадстаўляюць закон, самі яго парушаюць і сабе супярэчаць. Гэта ненармальна, і як пры гэтым можна маўчаць?

Хацеў, каб як мага больш людзей даведаліся пра тое беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі.

«НН»: Магчыма, спрабавалі неяк у Швецыі падняць тэму Беларусі?

ФВ: Так, я ў сваіх шведскіх інтэрв’ю заўсёды быў максімальна шчыры. За апошнія пару гадоў, калі ў нашага клуба нешта пачало атрымлівацца, да нас было шмат увагі СМІ. Усе ведаюць, што я беларус, таму ў мяне часта пыталіся пра сітуацыю ў Беларусі, і я стараўся адказваць на гэтыя пытанні так сумленна, як мог.

«НН»: Назавіце тры рэчы, якія вас найбольш уражваюць у шведскім футболе.

ФВ: Перш за ўсё, гэта здольнасць пераключацца. Калі скончыўся матч, незалежна ад выніку ніхто асабліва ярка не рэагуе. Прайгралі — ок, абмяркуем гульню за пяць хвілін і пойдзем далей. Няма ніякага сэнсу жыць мінулым ці будучым, трэба проста разумець, што ты зрабіў добра, а што — дрэнна, і працаваць далей. У той жа час, калі я гуляў у Беларусі, нашы трэнеры часта потым нагадвалі табе, калі ты дрэнна згуляў.

Другая рэч: футбол — гэта такая ж прафесія, як і ўсе астатнія, таму да футбалістаў ставяцца проста, хаця вышэйшая ліга і больш медыйная. Не сустракаў тут у футболе нікога, хто паводзіў бы сябе пагардліва. І трэцяе — тое, што тут ёсць класныя магчымасці і добрая інфраструктура, ты гуляеш на крутых еўрапейскіх стадыёнах — як мінімум большасць з іх такія.

«НН»: Швецыя — футбольная краіна?

ФВ: На дэрбі, то-бок гульні паміж прынцыповымі сапернікамі, тут можа прыйсці 60 тысяч чалавек, так што, думаю, гэта даволі футбольная краіна. Тут яшчэ і добры хакей, але я не думаю, што футбол яму моцна саступае ў папулярнасці, хаця гэта і паўночная краіна. У Швецыі вельмі якасныя футбольныя трансляцыі, добра развітая сфера ставак. Гэта індустрыя забаў, на якой шмат хто зарабляе вельмі вялікія грошы.

Трэба сыходзіць і з таго, што ў Швецыі ў людзей вельмі высокія прыбыткі, таму ўсе могуць дазволіць сябе пайсці на футбол і патраціць там грошы. За кошт гэтага і ў клубаў вельмі высокія прыбыткі.

«НН»: Вы жывяце ў вялікім горадзе?

ФВ: У нашым Вернаму недзе 15 тысяч жыхароў, але ён вельмі хутка развіваецца.

«НН»: У такім маленькім горадзе ёсць клуб вышэйшай лігі?

ФВ: Так атрымалася, у Швецыі так рэдка бывае. Цяпер у нас проста з’явіліся магчымасці гуляць на самым высокім узроўні. І таго ўзроўню заробкаў, і таго вопыту, што ў нас ёсць, не надта хапіла б, каб выйграць чэмпіянат, але ўсё атрымалася.

«НН»: То-бок гэта гісторыя поспеху накшталт беларускіх «Крумкачоў»?

ФВ: Можна і так сказаць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Беларус-пастар выйграў вялікі забег у Польшчы. Пасля гэтай гутаркі вы яго дакладна палюбіце

Беларускія спартоўцы разам выступілі супраць вайны. Хто падпісаў зварот?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера