Знайсці
25.05.2022 / 20:21РусŁacБел

Міхаіл Падаляк: Дзякуй за парады падарыць Расіі ўсход і поўдзень. Але мы лепш возьмем дапамогу зброяй

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у сваім тэлеграм-канале вельмі рэзка выказаўся пра актывізацыю ў апошні час спробаў з боку некаторых заходніх палітыкаў схіліць Украіну да кампрамісаў з Расіяй. Не можа быць большага ўдару ў спіну, чым прапановы аддаць частку тэрыторый, ад тых, чые каштоўнасці і межы абараняюць украінцы, аддаючы жыцці, лічыць ён. 

Падаляк канстатуе, што Расія выдаткоўвае велізарныя рэсурсы, каб давесці свету галоўнае: нібыта расіяне маюць права забіваць украінцаў. І не атрымліваць за гэта паўнавартаснага пакарання. І менавіта таму, на ягоную думку, прарасійскія лабісты ў Еўропе пачынаюць патроху падымаць галаву.

«Яшчэ ўчора на інфармацыйным парадку дня было выключна нафтавае эмбарга і расійскія ваенныя злачынствы. Сёння ж пэўныя палітычныя вусны нам прапануюць новую аджэнду: спыненне агню, замарожаны канфлікт і здача часткі тэрыторый дзеля міру. Чаго толькі не прапануеш, каб абараніць сваю камфортную стужку ў сацсетках ад дрэнных навін і аднавіць бізнэс з Расеяй», — піша дарадца Офіса.

І недвухсэнсоўна ды адназначна заяўляе:

«Украіна не будзе ўдзельнічаць у гэтым абмеркаванні. Мы не гандлюем сваімі грамадзянамі, тэрыторыямі або суверэнітэтам. Гэта выразная чырвоная лінія».

Паводле Падаляка:

«Украінскае грамадства заплаціла страшную цану і не дазволіць нікому зрабіць нават крок у гэтым кірунку — ні адной уладзе і ні адной краіне. Любы намёк на гэта з боку любога з партнёраў будзе атрымліваць прынцыповую рэакцыю».

Цяпер не можа быць і гаворкі пра замарожванне канфлікту, бо гэта праблемы не вырашыць: «Любое замарожванне — гэта вайна, адкладзеная ў часе. Больш маштабная, больш крывавая і больш падрыхтаваная з боку агрэсара, які выканае працу над памылкамі, вызваліць і арыштуе генералаў, а на іх месца паставіць баевікоў з вопытам сённяшняй вайны.

Мы, дарэчы, сваю працу над памылкамі таксама правялі: Украіна зрабіла высновы з мінскіх дамоўленасцяў і таму не пойдзе на Мінск-3».

І яшчэ праблема: а што рабіць з украінскімі бежанцамі, што рабіць з украінскай эканомікай?

«З пачатку вайны пакінулі свой дом ўжо 13 мільёнаў украінцаў. Гэтыя людзі не вернуцца жыць на акупаваныя тэрыторыі або ў «шэрую» зону баявых дзеянняў. Таму што гэта рызыкоўна. А значыць, у нас не будзе эканомікі.

Ці збіраюцца тыя, хто заклікае да замарожвання вайны, пажыццёва ўтрымліваць нашых перасяленцаў? Ёсць сур'ёзныя сумневы ў гэтым.

Мільёны ўкраінцаў апынуліся пад акупацыяй, і мы не дазволім нікому гандляваць іх лёсам, седзячы ва ўтульным крэсле ў краіне, якая не ваюе».

Пры гэтым украінскі чыноўнік не адмаўляе патрэбы перамоваў, толькі падкрэслівае, што яны не могуць весціся на пуцінскіх умовах:

«Любая вайна завяршаецца за сталом перамоваў, і гэтая не будзе выключэннем. Але перамовы стануць магчымымі толькі тады, калі бакі будуць гатовыя дамаўляцца. Для гэтага Расіі трэба пачаць цвяроза ацэньваць сітуацыю. Наўрад ці заявы аб саступках, захаванні твару ці замарожванні канфлікту гэтаму будуць спрыяць.

Ніхто ў свеце не зацікаўлены ў працяглай вайне. Ніхто не зацікаўлены ў харчовым крызісе. Але сёння самы кароткі шлях да завяршэння вайны — зброя, санкцыі і фінансавая дапамога Украіне.

Не можа быць большага ўдару ў спіну, чым прапановы аддаць частку тэрыторый, ад тых, чые каштоўнасці і межы абараняюць украінцы, аддаючы жыцці. Ці, можа, свабода і дэмакратыя ўжо не вартыя таго, каб дзеля іх ваяваць?

Украіне давалі ад трох дзён да некалькіх тыдняў. Украінцы ж абаранілі Кіеў, вызвалілі тры вобласці і завяршаюць вызваленне чацвёртай. Сёння тыя ж самыя людзі прапануюць нам падарыць Расіі ўсход і поўдзень. Дзякуй за параду, але, бадай, возьмем дапамогу зброяй», — падсумаваў Падаляк.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
62
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930