Знайсці
25.05.2022 / 21:38РусŁacБел

Reuters: За «мірныя перамовы і неадкладнае спыненне агню» выступаюць Італія, Венгрыя і Кіпр

Італія і Венгрыя папрасілі Еўрасаюз заклікаць да спынення агню ў Украіне і мірным перамовам з Расіяй. Як піша Reuters, такім чынам яны супрацьпаставілі сябе іншым краінам Еўрасаюза, якія маюць намер заняць жорсткую лінію ў дачыненні да Масквы напярэдадні саміту, які адбудзецца на наступным тыдні.

У праекце заключнай заявы да саміту 30—31 мая, з якім азнаёмілася Reuters і які датаваны 19 мая, гаворыцца, што Еўрасаюз «непахісны ў сваім абавязанні дапамагчы Украіне ажыццявіць яе неад'емнае права на самаабарону супраць расійскай агрэсіі». У ім не згадваюцца мірныя перамовы.

На сустрэчы пасланнікаў ЕС у пятніцу, па словах прысутных асоб, пасол Італіі прапанаваў унесці змены ў тэкст, сказаўшы, што ў ім павінна ўтрымлівацца спасылка на мірныя перамовы і неадкладнае спыненне агню як адна з першых мэтаў Еўрасаюза.

Гэта прапанова была падтрымана Венгрыяй і Кіпрам — дзяржавамі, найбольш крытычна настроенымі ў дачыненні да новага пакета санкцый ЕЗ супраць Расеі, які ўжо некалькі тыдняў блакуецца з-за ўнутраных рознагалоссяў.

Венгрыя выступае супраць планаванага нафтавага эмбарга, а Кіпр занепакоены прапанаванай забаронай на продаж нерухомасці расійскім грамадзянам.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, выступаючы ў аўторак на форуме ў Давосе, заняла жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расіі і не згадала пра мірныя перамовы.

«Украіна павінна выйграць гэтую вайну, а агрэсія Пуціна павінна стаць стратэгічным правалам», — сказала яна.

У апошнім праекце высноваў саміту гаворыцца, што ЕС «па-ранейшаму прыхільная ўмацаванню здольнасці Украіны абараняць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт».

Са слоў дыпламатаў, краіны Балтыі і Польшча з'яўляюцца аднымі з наймацнейшых прыхільнікаў жорсткай лініі, а Латвія патрабуе яшчэ больш выразнай фармулёўкі павелічэння вайсковай падтрымкі. Перагледжаны праект павінен быць прадстаўлены сёння пасля сустрэчы пасланнікаў ЕС, сказаў адзін з дыпламатаў.

На мінулым тыдні Італія прапанавала мірны план, які прадугледжвае ўдзел ААН, ЕС і АБСЕ ў якасці пасярэднікаў для першапачатковай арганізацыі спынення агню на месцах.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
9
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
20
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930