Знайсці
31.05.2022 / 09:01РусŁacБел

«Гродна для Беларусі — гэта як Львоў для Украіны». Што з турыстамі ў Гродне пасля адкрыцця межаў

Пасля ўвядзення ў лістападзе 2016 года бязвізавага рэжыму для наведвання Гродна і парку « Аўгустоўскі канал» мясцовыя ўлады неаднаразова ганарыліся тым, што рэгіён наведвае ўсё больш еўрапейцаў. Іх колькасць штогод павялічвалася, пакуль кавід не паставіў крыж на турыстычным бізнэсе. Але ці аднавіўся паток пасля зняцца кавідных абмежаванняў і ўвядзення татальнага бязвізу для літоўцаў і латышоў?

У 2019 годзе ў рамках бязвізавага рэжыму Гродна і найбліжэйшыя рэгіёны наведала 136 тысяч турыстаў, а экспарт турыстычных паслуг склаў 5 мільёнаў даляраў. Планавалася, што ў 2020 годзе турыстычны паток павялічыцца да 150 тысяч турыстаў. Але праз кавід і закрыццё межаў планы не здзейсніліся. 

Колькасць турыстаў з ЕС, якія наведвалі Гродна па бязвізе, сапраўды штогод павялічвалася. Часцей за ўсё да нас ездзілі з Польшчы і Літвы. У пікавыя дні даходзіла да таго, што турыстычным аўтобусам у прамым сэнсе не хапала месцаў на адмысловай паркоўцы ў цэнтры. На вуліцах часта гучала польская і літоўская мовы. Турысты прыязджалі як арганізаванымі групамі, так і на ўласных аўто. Замаўлялі экскурсіі, наведвалі кавярні. Літоўцы на зваротным шляху нярэдка ладзілі шоп-туры ў гандлёвых цэнтрах горада. З’яўленне бязвізавых зон аказалася такім рашэннем уладаў, якое задаволіла і саму ўладу, і прадстаўнікоў бізнэсу. 

Здавалася, што зняццё кавідных абмежаванняў і паўнавартасны бязвіз для літоўцаў і латышоў мусіў спрыяць таму, каб на вуліцах горада зноў з’явілася шмат замежнікаў з Еўропы, але, падаецца, гэтага не адбылося.

«У цэлым мы можам казаць пра тое, што турыстычны паток у Гродна вярнуўся на дакавідны ўзровень, але адбылося гэта не праз тое, што да нас зноў масава паехалі бязвізавыя турысты з ЕС, а за кошт унутранага турызму,

— кажа адзін з экскурсаводаў. — Зараз мы назіраем за тым, як апошнім часам у беларусаў з’явіўся запыт да ўсяго беларускага, да беларускай мовы, культуры. Таму у нас цяпер шмат унутраных турыстаў. Тым больш, што калі ты пачынаеш шукаць у сеціве інфармацыю, што цікавага паглядзець у Беларусі, ці які горад Беларусі самы прыгожы, то ў большасці выпадкаў на першым месцы будзе менавіта Гродна. Увогуле Гродна для Беларусі — гэта як Львоў для Украіны. 

Да нас едзе шмат моладзі з Мінска, ім вельмі падабаецца ў Гродне, яны называюць яго еўрапейскім горадам. Адзначаюць, што ён больш «жывы» за сталіцу, бо тут шмат кавярняў, адбываюцца нейкія імпрэзы».

Пры гэтым суразмоўца адзначае, што замежных турыстаў з ЕС у горадзе амаль няма.

«Мне даводзілася сустракаць толькі некалькіх турыстаў з Літвы, палякаў у гэтым сезоне амаль не бачыў.

Відаць, яны асцерагаюцца ехаць у Беларусь. А калі з Літвы да нас і едуць у турыстычных мэтах, то гэта часцей за ўсё прадстаўнікі стэрэйшага пакалення, якія ўжо нічого не баяцца. Ёсць турысты з Расіі, але ў асноўным гэта тыя, хто адпачывае ў беларускіх санаторыях». 

Па назіраннях экскурсавода, большасць турыстаў з-за эканамічных меркаванняў абіраюць аднадзенныя туры. 

«У Гродне і ваколіцах ёсць шмат чаго паглядзець, славутасцяў хопіць не на адзін дзень, але гэта ўжо больш накладна, бо трэба недзе ночыць».

Апроч тураў для прыезджых з іншых гарадоў Беларусі і Расіі, у Гродне даволі распаўсюджанымі з’яўляюцца тэматычныя экскурсія для мясцовых.

«Падчас кавіду ў нашым горадзе было распрацавана некалькі такіх тэматычных і касцюміраваных экскурсій. Нават людзі, якія нарадзіліся і ўсё жыццё жывуць у Гродне, з цікавасцю ставяцца да такіх ініцыятыў. Попыт на падобныя экскурсіі застаўся і пасля пандэміі.

Апроч гэтага, у маі традыцыйна шмат турпаездак арганізоўваецца школамі, а праз некалькі дзён у горадзе адбудзецца чарговы Фестываль нацыянальных культур, таму прынамсі пачатак турыстычнага сезону — 2022 у Гродне выглядае даволі актыўным. Нават з улікам таго, што праз сітуацыю, якая склалася, мы амаль страцілі турыстаў з краін ЕС, які тысячамі ездзілі да нас».

Пра адсутнасць былой колькасці замежнікаў, кажуць і супрацоўнікі кавярняў, што месцяцца побач з папулярнымі турыстычнымі лакацыямі. 

«Нельга казаць, што ўсё кепска і турыстаў няма, але гэта дакладна не тое, што было два гады таму, калі на цэнтральных вуліцах можна было з лёгкасцю пачуць польскую і літоўскую мовы.

Раней да нас ездзіла вельмі шмат палякаў, не толькі на аўтобусах, але і на ўласных аўто. Цяпер асноўная частка турыстаў — гэта беларусы з іншых рэгіёнаў ці расіяне. Асабліва шмат расіян было у пачатку мая, іх можна было лёгка пазнаць па говары і паводзінах», — адзначае суразмоўца.

Чытайце таксама:

Шоп-туры ў Беларусь. Што выгадна везці ад нас у Польшчу, Літву і Латвію

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
31
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930