Знайсці
02.06.2022 / 10:30РусŁacБел

Санкцыі, што не працуюць. Як паскорылася дэградацыя беларускага спорту пасля пачатку вайны

Нацыянальныя першынствы праходзяць па плане, імітуецца міжнароднае жыццё праз удзел айчынных атлетаў і каманд у адкрытых спаборніцтвах у Расіі. Але за вонкавай стабільнасцю — крызіс. «Наша Ніва» аналізуе працэсы, якія адкінулі беларускі спорт далёка назад.

Перспектывы павышаць майстэрства праз турніры ў канкурэнтным асяроддзі для беларускіх спартсменаў абнуліліся цалкам. Фота: vk.com/meshkovbrest

Забарона на выступ у топ-турнірах

Тых перамог, якія яшчэ ўзімку ставілі сабе ў заслугу кіраўніцтва краіны ды профільнае міністэрства, пасля 24 лютага дамагчыся немагчыма. Проста таму, што саўдзел у ваенным уварванні прывёў да міжнароднага «бану» Беларусі ў тым ліку і на спартыўных пляцоўках.

Лёгкаатлетаў выкраслілі з пратаколаў Дыяментавай лігі, гандбалісты, баскетбалісты ды хакеісты развіталіся з выступамі не толькі ў Лізе чэмпіёнаў, але і ў спаборніцтвах менш статуснага рангу, плыўцоў выкінулі з еўрапейскіх басейнаў ды турніраў ISL, біятланістаў прыбралі з турніраў пад эгідай IBU…

Перспектывы павышаць майстэрства праз турніры ў канкурэнтным асяроддзі абнуліліся цалкам. Да таго ж знікла матывацыя працаваць са стоадсоткавай самаадданасцю, бо стала немагчыма палепшыць уласны фінансавы стан. Як вынік, спартсмены існуюць проста каб існаваць — і гэтаму бы пазайздросціў нават Оскар Уайльд. Стагоддзе таму ён прыдумаў канцэпт «мастацтва для мастацтва», дзе нішто не павінна было паўплываць на чысціню ідэі ў тым ці іншым арт-аб'екце альбо творы. У нашым жа выпадку існаванне ў вакууме мае сэнс толькі для саміх спартоўцаў.

Людская міграцыя

Перш за ўсё, на розум прыходзіць ад'езд легіянераў з беларускіх клубаў, бо гэты працэс імгненна адбіваецца на выніках нават сталых гегемонаў. Скажам, БГК імя Мяшкова цягам 54 сустрэч не саступаў на паркеце айчыннага першынства, аднак пасля развітання з шэрагам еўрапейскіх выканаўцаў спачатку перарваў гэты ланцуг, а пасля яшчэ і з Кубкам краіны развітаўся.

Іншы прыклад — баскетбольныя «Цмокі», што кожны год выкідвалі мільёны даляраў на завоз замежнікаў пачкамі для прадстаўлення Беларусі ў Адзінай лізе ВТБ. Першынства «найлепшых каманд Усходняй Еўропы», як яго называлі прамоўтары, нават у найлепшыя часы мінчанам годных вынікаў не прыносіла. Тады ж як выступ у сезоне-2021/22 увогуле абярнуўся ганьбай.

Нават пры мінімальнай канкурэнцыі «Цмокі» так і не здолелі патрапіць у плэй-оф Адзінай лігі ВТБ. Фота: vk.com/tsmokiminsk

Пасля адмовы польскай «Зэлэнай Гуры» ды эстонскага «Калева» працягваць удзел у рэгулярным першынстве з-за расійскага ўварвання, беларусам адкрыўся шлях у плэй-оф. Туды «Цмокі» марылі патрапіць з дэбютнага сезона, але цягам дзесяцігоддзя правальвалі місію. Цяпер жа прабіцца ў найлепшыя «8 з 10» сам бог наканаваў. Аднак нават у такіх цяплічных умовах «Цмокі» задачу-мінімум выканаць не здолелі, бо згубілі падтрымку замежнікаў, на якіх абапіраліся.

Дэкласацыя інстытута зборных

Запрашэнне ў галоўную каманду краіны заўсёды лічылася калі не кар'ерным пікам для чалавека, то шырачэзным крокам у гэтым кірунку. У гульнявых відах магчымасць годна сябе праявіць у «нацыяналцы» адкрывала шлях да трансфераў у больш годныя чэмпіянаты — ад Расіі да далёкага замежжа — і, адпаведна, высокіх заробкаў. Тыя, хто выступаў у індывідуальных відах, атрымлівалі істотную палёгку пры выдатках на зборы, а таксама доступ да міжнародных турніраў пад выкананне разнастайных нарматываў — першынства Еўропы, свету альбо Алімпіяды.

Форвард казанскага «Рубіна» Віталь Лісаковіч праігнараваў выклік ў зборную Беларусі. Фота: rubin-kazan.ru

Палітычная ізаляцыя краіны зачыніла перад атлетамі шмат якія дзверы чыста з лагістычнага боку. Да таго ж паставіла перад выбарам: альбо пагаджацца на таксічнае прадстаўніцтва краіны (цяпер гэта знак роўнасці з падтрымкай улады, што ўвайшла ў кааліцыю з Расіяй) ды забяспечваць уласны дабрабыт, альбо захоўваць чыстым сумленне і праяўляць адэкватную грамадзянскую пазіцыю. Хай сабе потым на табе як спартсмене паставяць крыж.

Цікава, што яшчэ нядаўна супраць сістэмы ў адкрытую выступалі адзінкі з фрыстайла, баскетбола альбо лёгкай атлетыкі. Цяпер жа дзяржаўныя ўводныя спартоўцы адкідваюць сістэмней, бо вайна і адпаведныя санкцыі звужаюць варонку магчымасцяў да мізэру.

Так, пакуль варыянты супраціву больш нагадваюць «італьянскі страйк», але і гэта ўжо вялікая справа. Бо абудзіліся, напрыклад, футбалісты: асноўны абаронца зборнай Мікалай Золатаў у шэрагу інтэрв'ю «раздаў» АБФФ за пазіцыю па Украіне, а форвард-вундэркінд Віталь Лісаковіч увогуле праігнараваў выклік у каманду на гульні Лігі нацый. Тады як біятланісты ўсур'ёз узяліся за вывучэнне геаграфіі: змена спартыўнага грамадзянства — цяпер цалкам прымальны варыянт нават для тых, хто раней прытрымліваўся поглядаў «спорт па-за палітыкай».

Фэйкавая канкурэнцыя

«Міжнародныя» спаборніцтвы, на якіх сёння выступаюць айчынныя топы, выглядаюць сапраўдным абсурдам. Хакеісты «зарубаюцца» з моладзевымі расійскімі камандамі ці ганяюць спарынгі, якія не цікавяць нават профільных спецыялістаў. Біятланісты ўдзельнічаць у адкрытым першынстве Расіі, да якога гаспадары нават не рыхтаваліся, альбо намотваюць кругі па айчынным стадыёне «Дынама» на першынстве па летнім (!) біятлоне. Баскетбольная жаночая зборная проста праводзіць УТС — і сутыкаецца з перспектывай канчаткова згубіць усіх зорак. Бо калі БФБ адновяць у правах, ключавым выканаўцам будзе ўжо за 40 гадоў…

Не сказаць, што гартуюцца характары альбо гадуюцца маладыя зорачкі і на ўнутраных першынствах. Па-першае, «палітычная селекцыя» выкрэслівае яшчэ да стартаў тых, хто нейкім чынам выказаў сваю нязгоду з паводзінамі Беларусі падчас вайны. Туды ж накіроўваюцца людзі, што на атэстацыях не здольныя спець для міністра спорту куплеты гімна альбо адмаўляюцца губіць здароўе ў «пацешных» спаборніцтвах саюзнай дзяржавы.

Пераможцы адкрытага Кубка краіны па мнагабор'і сёлета прапісаны галоўны прыз у 200 рублёў. Фота: ucp.by

Па-другое, фінансавы складнік турніраў не вабіць зорак, што прызвычаіліся да сур'ёзных заробкаў.

Напрыклад, для пераможцы адкрытага Кубка краіны па мнагабор'і сёлета прапісаны галоўны прыз у 200 рублёў; удвая больш пойдзе на заробак трыумфатару магілёўскага марафона. Тады як на аналагічных стартах у Расіі ганарары пачынаюцца на ўзроўні 3400 рублёў айчыннай валютай.

Пытанне, хто будзе гробіць сябе за такі прызавы фонд ды ганаровую грамату ад міністра Кавальчука, калі прыватнымі фітнэс-заняткамі спартсмен больш заробіць за тыдзень?

«Уцёкі мазгоў»

Белая пляма на месцы Беларусі на любой спартовай мапе сёння — матывацыя і для настаўнікаў-прафесіяналаў абыходзіць краіну за кіламетры. Таму ў футбольным першынстве, якое раней прыцягвала спецыялістаў з Нідэрландаў, Чэхіі, Украіны, Бельгіі, цяпер з замежнікаў працуе толькі расіянін Сяргей Ташуеў. Мінскае «Дынама» — хакейны флагман ды па сумяшчальніцтве любімая цацка Лукашэнкі — шукае рускамоўнага трэнера. Бо амерыканец Вудкрафт, хай сабе і застаўся на мастку, але рэальнай дапамогі ад асістэнтаў не атрымлівае. Падаецца, што і цяпер кваліфікаванага замежнага вопыту Крэйг не дачакаецца.

Крэйг Вудкрафт. Фота: скрыншот тэлеканала СТБ.

У баскетболе топавы калектыў, «Цмокі», не ўтрымаў Эдмундса Валейку, хаця латвійца называлі сапраўдным «мозгам» на капітанскім мастку. Гандбольны БГК увогуле ўжо і забыўся, як гэта, чуць падказкі ад трэнера на іншаземнай мове, хаця яшчэ паўгода таму шукаў выключна замежнікаў на пасаду. Нават расіянін Падзін, што рэанімаваў біятлон, затрымлівацца на беларускіх землях не пажадаў, роўна як не знайшлося вакансій аўстрыйцам Гесвайнэру і Эдэру.

Гэта гучыць як прысуд індустрыі. Бо ўласных унікумаў кшталту Шантаровіча альбо Казекі беларускі спорт нараджае раз у стагоддзе. Але пасля, як паказвае прыклад з фрыстайла, нават распарадзіцца рэсурсам адэкватна «дзяржапарат» адпаведнай галіне не можа. Таму і вынікі на Алімпіядах пагаршаюцца з цыкла ў цыкл — і адным біятлонам, як бы ні хацелася, прыкрывацца ўжо складаней. Тады як годныя атлеты пасля заканчэння кар'еры з'язджаюць за мяжу, каб там у якасці трэнераў перадаваць свой вопыт канкурэнтам Беларусаў.

Беларуска Дар'я Домрачава на чале кітайскай зборнай па біятлоне. Фота: instagram.com/dadofun/

Гэтая з'ява і так пакрысе ператваралася ў трэнд. Пасля ж 24 лютага канчаткова аформілася ў працэс «уцёкаў мазгоў». І калі яго не спыніць, айчынны спорт нават на самаізаляцыі хутка згубіць усялякі сэнс. Прычым незваротна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера