Знайсці
01.06.2022 / 19:43

«Першы пацалунак быў нязграбны, бо стукнуліся зубамі». Пецярбуржац закахаўся ў беларуску — а яе цяпер могуць адправіць у калонію на шмат гадоў

24-гадовую беларуску Яну Пінчук затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў мінулым лістападзе. Яе збіраюцца выдаць на радзіму, дзе дзяўчына можа атрымаць да 20 гадоў пазбаўлення волі за вядзенне пратэснага чата «Віцебск 97%».

Пакуль Яна ў СІЗА, яе інтарэсы на волі рэпрэзентуе пецярбуржац Мікіта Сафронаў, які ажаніўся з ёй пасля затрымання. За некалькі дзён да апошняга з судоў Мікіта распавёў «Нашай Ніве» пра сваё беларускае каханне, за якое гатовы змагацца да канца.

Фота: архіў Мікіты Сафронава

Знаёмства

Мы пазнаёміліся з Янай у 2020 годзе. Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, я захацеў неяк дапамагчы людзям, якія пацярпелі праз гвалт сілавікоў. Шукаў інфармацыю пра тое, што можна зрабіць для беларусаў, і наткнуўся на старонку Яны. Напісаў ёй паведамленне, і так мы пачалі камунікаваць. Я на той час жыў у Іспаніі, але хутка нашы зносіны сталі такімі асабістымі, што я вырашыў ехаць да Яны і знаёміцца ўжывую.

Яна тады жыла ў Маскве, куды пераехала ў 2018 годзе за сваім тагачасным хлопцам. Як любы чалавек, што пераехаў з маленькага горада ў вялікі, яна захаплялася Масквой. Стала праектаваць там металаканструкцыі для нацяжных столяў, але ў нейкі час перайшла на працу афіцыянткай, дзе атрымлівала больш грошай. Пасля пачатку пандэміі Яна вярнулася да праектавання, бо падчас карантыну рэстараны былі закрытыя.

Чым яна мне спадабалася? Думаю, сваім стрыжнем, нецярплівасцю да несправядлівасці. Напэўна, упадабаў яе гарачыя вочы і адчуванне, што можаш дапамагчы людзям і што толькі гэта прыносіць табе задавальненне. Вельмі мала людзей, што гатовыя так бескарысліва рабіць штосьці для іншых. Узяць хаця б яе жаданне дапамагаць беларусам знайсці сваіх арыштаваных блізкіх і сабраць ім перадачы — Яна займалася гэтым, нават нягледзячы на тое, што знаходзілася не ў Беларусі.

Яна вельмі імпульсіўная, але ў добрым сэнсе, а яшчэ вельмі добрая і спагадлівая. У яе заўсёды парадак, у нас дома было вельмі чыста, і я пастаянна атрымліваў ад яе наганяі за тое, што не памыў посуд ці не прыбраўся за сабой. Яна вельмі жадала дапамагаць жывёлам, знаходзіць гаспадароў для тых, хто ў прытулках. Не карысталася касметыкай, якую тэсціравалі на жывёлах.

Фота: архіў Мікіты Сафронава

Яне дужа хацелася вярнуцца ў Беларусь і жыць у роднай краіне, але ж не ў цяперашнія цяжкія часы. Родны Віцебск яна апісвала як падобны да Санкт-Пецярбурга. Што да беларусаў, Яна апісвала іх як вельмі чулых і светлых людзей, і я сам упэўніўся ў гэтым, калі глядзеў відэазапісы з мірных акцый пратэсту ў Беларусі.

Сустрэча

Мы ўпершыню пабачыліся ў Маскве ў студзені 2021 года. Сустрэча была трохі сумбурнай, бо доўга яе чакалі, і першы наш пацалунак быў нязграбны, бо стукнуліся з ёй зубамі. Але ж усё роўна гэта было каханне з першага позірку.

Я дрэнна ведаю Маскву, я абсалютны пецярбуржац, тым больш на той час два гады жыў па-за межамі Расіі, таму ў тую, першую, сустрэчу Яна паказвала мне Маскву.

Стаяла добрая, снежная зіма. Мы раніцай пайшлі ў краму і прыгатавалі паесці, я прывёз з Іспаніі розныя ласункі накшталт хамону і зрабіў Яне традыцыйны іспанскі сняданак. А потым мы гулялі па горадзе — думаю, гэта адзіныя прыемныя ўспаміны, якія ёсць у мяне пра Маскву.

У выніку мы вырашылі жыць у Піцеры, бо я маю тут кватэру. Планавалі назапасіць грошы і паляцець у Іспанію, адпачыць там недзе месяц і пазнаёміць Яну з маёй мамай, якая там жыве. Здымаць кватэру, асабліва ў Маскве, вельмі дорага, таму вырашылі, што хутчэй бы назбіралі патрэбныя грошы, калі б пераехалі ў Піцер і не плацілі за здымную кватэру.

Піцер, мне здаецца, прымае ўсіх, але наўрад ці Яна адразу яго прыняла. Мы пераехалі туды ў сакавіку, а сакавік там — дужа даждлівы і пахмурны месяц, Пецярбург увогуле дужа змрочны з верасня па сакавік. Яна ад гэтага хутка ўпала ў дэпрэсію. Але потым пачалася вясна, Яна пабачыла квітнеючы горад з разваднымі мастамі, я звадзіў яе пакатацца на караблі па Няве. Тады яна палюбіла Пецярбург.

Першы год у адносінах, напэўна, самы насычаны. Вы пазнаеяце адно аднаго, цешыцеся адно адным. Лета, Пецярбург, каханне… Толькі пасля Янінага затрымання я даведаўся, што яе ўжо тады абвесцілі ў міждзяржаўны вышук, што тады ўжо шмат беларусаў знаходзіліся ў расійскіх СІЗА, а некаторых экстрадзіравалі ў Беларусь.

Сама Яна таксама за гэтым ужо не сачыла, бо на момант нашай асабістай сустрэчы яна не дапамагала затрыманым.

Фота: архіў Мікіты Сафронава

Мы жылі, як звычайная пара: сварыліся, мірыліся, разам гатавалі ежу, хадзілі гуляць. Мая кватэра знаходзіцца недалёка ад Фінскага заліву, і мы часта хадзілі да мора, маглі ўзяць з сабой трохі ласункаў і бутэльку віна (усміхаецца). Садзіліся каля мора, глядзелі на яго і гутарылі.

Мы з ёй хацелі ажаніцца — не ў СІЗА, а нармальна. Я маю іспанскі ВНЖ, таму Яна, як мая жонка, магла б там прэтэндаваць на ВНЖ. Планавалі з’ехаць у Іспанію спачатку ў верасні 2021 года, потым перанеслі паездку на снежань, бо Яна не магла атрымаць візу. Нам не хапіла аднаго месяца.

У той час была пандэмія, і беларусам было не так лёгка атрымаць візы. Як толькі гэта стала магчымым, Яна пайшла ў польскае консульства, праз гэта яе і затрымалі.

Рэч у тым, што перад консульствам стаіць паліцэйская будка, і кожнага чалавека, які туды прыходзіць, прабіваюць па базе на вышук. Так прабілі і Яну — пра яе ўсплыла інфармацыя, і праз тры дні да нас прыйшла паліцыя.

Арышт

Раніцай 1 лістапада Яну забралі з дому. Яе павезлі ў аддзел паліцыі на Васільеўскім востраве.

Толькі ў сем вечара мне пазванілі з пракуратуры і папрасілі, каб я прывёз Яне паесці, бо яна нічога не ела недзе з 10 раніцы, таксама прапанавалі прывезці лекі і адзенне. Тады адвакат упершыню пабачыў Яну, на той момант з яе ўжо ўзялі паказанні.

(Супраць дзяўчыны выстаўлены абвінавачанні адразу па 5 крымінальных артыкулах, сярод якіх распальванне нацыянальнай варожасці, заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, паклёп. — «НН»)

Спачатку здавалася, што гэта нейкі вельмі дрэнны розыгрыш — добра спланаваны, але па-чалавечаму непрымальны. Вакол нашага дома пастаянна здымаюць фільмы, бо там тыповая савецкая забудова, і якраз у дзень арышту там было вельмі шмат трэйлераў і здымачных груп. Калі мы з сябрамі ехалі з пракуратуры, здавалася, што і мы ўдзельнічаем у нейкім кіно.

Фота: сацсеткі Яны Пінчук

У галаве была поўная каша, страх і адчай. Не разумеў, што трэба рабіць, бо ніколі не быў у такой сітуацыі, але паступова супакойваў сябе і пачынаў дзейнічаць. За першыя тры дні, да суда па меры стрымання, паспаў агулам недзе пяць гадзін, і тое дзякуючы незлічоным таблеткам валяр’яны.

Я не думаў, што гэта можа зацягнуцца больш чым на паўгода. Тады яшчэ не пачалася так званая спецаперацыя, у Расіі працаваў ЕСПЧ, і Масква прыслухоўвалася да яго рашэнняў. Максімальны тэрмін утрымання пад вартай тады складаў паўгода, але Генеральная пракуратура знайшла шчыліну і перакваліфікавала Яніну справу, што дае ім магчымасць падоўжыць яе ўтрыманне.

СІЗА — гэта не санаторый, там вельмі сыра і бегаюць пацукі. Але ў камерах ёсць халадзільнік, тэлевізар. Толькі на днях перадалі Яне антэну, якую адносіў ёй у снежні. Яшчэ фатаграфую для Яны нашых жывёл, ката і сабаку, высылаю фотаздымкі мора, месцаў у Пецярбургу, куды яна вельмі любіла хадзіць.

У нас было некалькі спатканняў праз краты і шкло, для гэтага я пісаў заяву ў пракуратуру, бо я законны муж і маю права бачыць жонку. На сустрэчах мы з ёй не абмяркоўваем тое, што адбываецца ў свеце, проста стараемся гутарыць так, нібыта паміж намі няма гэтага шкла.

У Яны ёсць праблемы са здароўем — астма, панічныя атакі, гастрыт і язва страўніка. Але яна спрабуе падтрымаць сябе праз заняткі спортам, плюс я стараюся класці ёй у перадачы як мага больш карысных прадуктаў, такіх як чырвоная рыба, сухафрукты, арэхі.

Мы з Янай пішам у лістах адно аднаму: «Верым у лепшае, але рыхтуемся да горшага». І яшчэ: ніколі нельга апускаць рукі, пакуль ёсць магчымасць змагацца.

Калі Яну экстрадзіруюць, нічога аптымістычнага я ў гэтым не бачу. Але пакуль яна ў Расіі, мы маем хоць нейкія законныя спосабы змагацца за яе свабоду, і панікаваць нельга. Гэта складана, і Яне зараз складана, але мы падтрымліваем адно аднаго.

Шлюб

Канешне, ненармальна, што нам давялося ажаніцца ў СІЗА, але ж нам ніхто не забараняе потым згуляць сапраўднае вяселле. Запросім блізкіх і родных людзей, яшчэ раз дастанем пашпарты і абмяняемся пярсцёнкамі. Тое, што мы ажаніліся ў СІЗА, было вымушанай мерай.

Фота: zaks.ru

У дзень шлюбу я прыехаў у ЗАГС, з супрацоўніцай ЗАГСа мы паехалі ў СІЗА, і там праз чатыры з паловай месяцы мы з Янай упершыню пабачыліся не праз краты. У нас было 15 хвілін, мы здолелі пагутарыць, абняць адзін аднаго і пацалаваць.

Калі 1 чэрвеня суд не адменіць пастанову аб экстрадыцыі Яны (суд не адмяніў яе. — «НН»), ёсць яшчэ адна магчымасць перашкодзіць яе вывазу ў Беларусь, і гэта — Еўрапейскі суд па правах чалавека. Наўрад ці Расія да яго прыслухаецца, але бываюць цуды.

На выпадак, калі яе ўсё-такі экстрадзіруюць, я ўжо шукаю адваката ў Беларусі. Трэба быць гатовымі да ўсяго, каб там у яе быў чалавек, здольны хоць неяк яе абараняць. Мой уласны адвакат рэкамендуе мне не ехаць у Беларусь як мужу «экстрэмісткі». Я магу толькі знайсці добрага абаронцу і дапамагаць бацькам Яны, а таксама працягваць пра яе расказваць. Не трэба маўчаць пра чалавека, які сядзіць у турме за свабоду.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Не, я не змірылася». Гэты палітвязень атрымаў 11 гадоў — пачытайце, як яго чакае жонка

«Пасадзілі, але забіваць нашто?» Андрэй Ашурак — пра год без свайго брата Вітольда

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31