Знайсці
01.06.2022 / 12:30РусŁacБел

АНТ выдала збор узораў для аналізу ДНК за прыкметы забойства беларускіх дальнабойшчыкаў

Учорашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі аб «забойстве» ўкраінцамі двух беларускіх дальнабойшчыкаў будуюцца на тым, што збор узораў для аналізу ДНК з'яўляецца прыкметай здзеку з трупа, піша reform.by. Пра гэта распавялі аўтары прапагандысцкай перадачы «Дарога дадому», якую паказаў тэлеканал АНТ.

«На жаль, але ў гэтай гісторыі не абышлося без трагедыі. Двое кіроўцаў загінулі ў горадзе Корасцень. Украінскія ўлады заявілі, што вадзіцелі трапілі пад абстрэл, атрымалі апёкі, несумяшчальныя з жыццём. Але экспертыза, якую правялі па вяртанні целаў на радзіму, абвяргае гэта. Страшныя падрабязнасці!» — злавесным голасам за кадрам прамаўляе дыктар.

Затым слова даюць Ігару Шкілеву, начальніку ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці.

«Парэшткі ў выглядзе фрагментаў абгарэлых цел былі вывучаныя. Акрамя ўздзеяння полымя, на адным з фрагментаў сцегнавой косткі знойдзены адпіл косткі, які адбыўся пасля наступлення смерці», — кажа эксперт.

Кадр змяняецца ваеннай хронікай з Украіны і злавесны голас прамаўляе: «Яшчэ раз, увага! Навошта ва Украіне здзекаваліся з трупа?! Хацелі схаваць раненні ці нешта яшчэ?»

Каб глядач не сумняваўся, выснову робіць усё той жа ананімны злавесны голас: «Магчыма, нашы вадзіцелі падвергнуліся катаванням! Адказаў тут пакуль няма».

Аўтараў фільма не збянтэжыла, што адпіл косткі зроблены ўжо пасля смерці. Як і не збянтэжыла тое, што ёсць маса доказаў гібелі беларускіх дальнабойшчыкаў у выніку авіяўдару расійскай авіяцыі, якая прыляцела з тэрыторыі Беларусі.

Давайце разбяромся, адкуль мог з'явіцца адпіл на абвугленым целе. Звычайна так робяць для таго, каб атрымаць узор ДНК з мэтай наступнай ідэнтыфікацыі загінулага.

Звернемся да падручніка на рускай мове для працы ва ўмовах узброеных канфліктаў і іншых сітуацый узброенага гвалту, якую апублікаваў Міжнародны Чырвоны крыж на сваім сайце. Дапаможнік прымяняюць для аналізу ДНК і ідэнтыфікацыі чалавечых парэшткаў. У пункце 4 апісаныя тэхнічныя аспекты збору і захоўвання ўзораў ДНК.

Існуе шэраг тэхнічных момантаў, якія абавязкова варта выконваць пры зборы узораў для аналізу ДНК.

Узоры варта збіраць, карыстаючыся стэрыльнымі пальчаткамі, каб скараціць рызыку пападання на ўзор чужой ДНК. Для аналізу ДНК чалавечых парэшткаў можна збіраць наступныя ўзоры:

— костка (пераважна цела сцегнавой косткі)*;

— зуб (або пажадана два зубы) у наступным парадку пераважнай чарговасці: маляр, прэмаляр, клык, пярэдні зуб;

— кроў, забраная шпрыцамі з магістральных сасудаў*;

— абрэзкі пазногцяў;

— валасы з галавы, вырваныя з коранем;

— любы кавалачак мяккіх тканак, калі гэта свежы труп (менш за 48 гадзін пасля смерці ў гарачым клімаце).

Відавочна, што сабраць матэрыял на абвугленым целе можна толькі з костак. У дапаможніку проста паказана, што лепш браць узор са сцегнавой косткі. Менавіта гэта і было зроблена ў выпадку з целамі загінулых беларускіх дальнабойшчыкаў.

Не ў першы раз прапагандысцкія фільмы выходзяць пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка аб'яўляе пра чарговую «сенсацыю». Нагадаем, учора ён наўпрост абвінаваціў украінцаў у забойстве беларускіх кіроўцаў.

«На жаль, па-мойму, двум людзям так і не ўдалося вярнуцца дадому, яны проста нахабна былі забітыя ўкраінцамі. Прыйдзе час, мы разбяромся і з імі», — заявіў ён.

Нагадаем, двое беларусаў загінулі пры абстрэле ў Корасцені Жытомірскай вобласці 10 сакавіка. Яны па выпадковасці знаходзіліся на тэрыторыі былога малаказавода, які трапіў пад расійскую авіяцыйную атаку. Кіраўнік Корасценя Уладзімір Маскаленка заявіў тады, што горад абстрэльвалі самалёты, якія вылецелі з тэрыторыі Беларусі. Целы загінулых у Жытомірскай вобласці беларускіх вадзіцеляў-міжнароднікаў былі дастаўленыя ў Беларусь 17 сакавіка.

Лукашэнка заявіў, што двух беларускіх дальнабойшчыкаў «нахабна забілі ўкраінцы». Насамрэч кіроўцы загінулі ад ракет, запушчаных з Беларусі

Што за «спецаперацыя» беларускіх спецслужб на тэрыторыі Украіны для вызвалення дальнабойшчыкаў? Падрабязнасці

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
38
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
7
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930