Знайсці
02.06.2022 / 13:15РусŁacБел

«Гэта ўзаконеная маніякальная патрэба знішчаць усё жывое». Псіхолаг — пра марадзёрства і жорсткасць вайскоўцаў

Марадзёрства расійскіх вайскоўцаў і адпраўка імі нарабаванага дадому поштай сталі прыкметнымі сюжэтамі ва ўкраінскай вайне. Псіхалагічныя прычыны таго, што адбываецца, «Настоящему времени» пракаментавала псіхааналітык Ганна Кушнярук.

Фота: Reuters

— Журналісты сістэматычна фіксуюць факты крадзяжу з боку расійскіх салдат. Хачу вас спытаць, падчас вайны рабаваць грамадзянскае насельніцтва, з псіхалагічнага пункту гледжання, што азначае для саміх вайскоўцаў? Ці разумеюць яны, што гэта злачынства, крадзеж? Ці гэта не так працуе ў іх у галаве?

— Гэта працуе па-іншаму.

Тут спакуснікам становіцца не факт таго, што я здзяйсняю злачынства, а тое, што я ў такім статусе сёння знаходжуся, што гэта застанецца без адплаты, без пакарання.

Гэта застанецца без нейкай працы сумлення, якое ў любым выпадку ў чалавека, які жыве ў цывілізаваным свеце, уключаецца.

Гэта такая псіхатычная структура, гэта абсалютная разбэшчанасць, гэта абсалютна спакусліва для чалавека, які так ці інакш раней закон выконваў толькі таму, што яго білі палкай па галаве.

Плюс гэта ўсё-ткі знаходжанне ў натоўпе. У натоўпе законы ўзаемадзеяння адрозніваюцца ад таго, як працуе група, напрыклад, ад таго, як працуе нейкая аб'яднаная прастора. У натоўпе ў любым выпадку заўсёды інтэлект зніжаецца да ўзроўню самага слабога ў той групе, у якой гэты замер адбываецца.

Адказнасць аўтаматычна становіцца калектыўнай. Гэта значыць, тое злачынства, якое здзяйсняю асабіста я, адказнасць за яго я падзялю на 27, на 39, не важна, колькі чалавек, маіх пабрацімаў, калі яны так сябе гатовыя называць.

Гэта значыць, я абсалютна вольны ад абавязку сумлення. Я вольны ад асуджэння тых людзей, з якімі побач знаходжуся на вайне.

А калі я вярнуся, я буду ў статусе чалавека, які прывёз багацце, які прывёз тыя выгоды, якімі, напрыклад, не валодала сям'я ці не валодалі людзі ў маім асяроддзі.

На жаль, гісторыя ўжо праходзіла гэта: адабраць і падзяліць або «хто дазволіў вам так добра жыць?». На жаль, не адбываецца нічога новага, проста нам усім доўгі час здавалася, што цывілізацыя ўсё ж такі працягвала свой эмацыйны ўплыў на ўсе групы насельніцтва, але гэта не так.

— А людзі, якія прымаюць гэтыя пасылкі з нарабаваным, успрымаюць іх як здабычу? Не як нешта, чым карыстаўся да гэтага іншы чалавек?

— І ў гэтым каласальная трагедыя, вы абсалютна маеце рацыю. Калі ўключаная мараль, уявіце сябе на месцы чалавека, якому прыходзіць пасылка з адабранай дзіцячай вопраткай або з адабранымі жаночымі ўпрыгожаннямі, нейкім сямейным ад прабабулі крыжыкам або цацкай. Гэта выклікае жах, выклікае нянавісць, выклікае гідлівасць, жудасць абсалютную.

Але, калі я ўсё сваё свядомае жыццё пражыла ў абстаноўцы, дзе, калі мой мужчына кагосьці не адлупіць, калі ён кагосьці не заб'е, значыць, ён слабак і наступнай, на каго нападуць, буду я, будуць нашы дзеці?

Гэтая магчымасць адчуваць сябе ў бяспецы звязаная толькі з тым, што мой б'е мацней, але не дазваляе нікому вакол сябе ніякай праявы чалавечнасці. Гэта трагедыя цэлых пакаленняў.

Жанчыны, сем'і, родныя людзі для гэтых марадзёраў, забойцаў, маньякаў атрымліваюць гэтыя пасылкі, атрымліваюць гэтыя грузы. Маральнае падзенне менавіта тут.

Што з чалавекам можа адбывацца на вайне, на жаль, мы ўсе як дарослыя людзі разумеем. У працяглым знаходжанні чалавека ў абмежаваннях, у жахлівых умовах, у баі вельмі многае эмацыянальна сціраецца. Але знаходзячыся ў тыле, губляць чалавечае аблічча за гэтыя тры месяцы… гэтая страта чалавечага аблічча ў тым, што яго ніколі і не было. Трагедыя тут у тым, што па абодва бакі ідзе заахвочванне: хто б'е, той добры, каго б'юць, трэба біць, таму што ён слабы і не заслугоўвае жыцця.

— Хацелася б проста зразумець, што адбываецца з псіхікай чалавека на вайне, скажам, за чатыры месяцы. Што прынцыпова змянілася?

— За чатыры месяцы, за тры месяцы, па сутнасці, не магло адбыцца такіх зменаў у сілу досыць маленькага тэрміну дэпрывацыі, абмежавання задавальнення патрэбаў чалавека. Гэта значыць, вайна не працягваецца так доўга, каб чалавек ператварыўся ў звера, які змагаецца за выжыванне.

Усё найгоршае, што на вайне адбываецца з чалавекам, які першапачаткова ідзе рабаваць, забіваць, нападаць, гвалтаваць, гвалтаваць дзяцей — гэта не ўплыў вайны, гэта ўплыў той жывёльнай дэструктыўнай часткі, якая раней не з'яўлялася, як пачвара з клеткі, толькі таму, што яе білі токам.

То-бок гэта прыкмета таталітарнага грамадства. Калі салдат на вайне паводзіць сябе не як ваенны, не як чалавек кодэкса, прынцыпаў, які на самай справе закліканы абараняць, аберагаць, захоўваць мір. Гэта чалавек, якога выпусцілі вонкі, выпусцілі з клеткі, і ён мае магчымасць тварыць зло.

Вось гэтым адрозніваецца псіхіка воіна ад псіхікі тых, што чыняць на вайне зверствы. Гэта не мае дачынення да вайны, гэта ўсяго толькі ўзаконеная маніякальная патрэба знішчаць усё жывое. А ўсё жывое будзе выклікаць злосць, нянавісць і лютасць, таму што лад жыцця, якім я раней жыў, у якім я знаходзіўся… хтосьці павінен быць вінаваты, што я не ў стане, што я не магу, што мне чагосьці не забяспечылі, мне нешта не далі.

«Гэта мой бойлер». Як бежанка з Украіны ўбачыла на расійскім танку свае скрадзеныя рэчы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
10
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930