Знайсці
03.06.2022 / 08:42РусŁacБел

«Да дызайнераў не звяртаўся». Як стары дом перабудавалі ў барнхаўс і колькі гэта каштавала ФОТА

Гэты стыльны дом з вокнамі ў падлогу можна ўбачыць прама з трасы на падʼездзе да Смалявічаў. Размешчаны ён у былой вёсцы Крыніца, якая цяпер лічыцца часткай горада-спадарожніка. Хату пад Мінскам з участкам Андрэй купіў у 2019-м за $16500. Ён паказаў інтэрʼер і распавёў Onlíner, як ішло будаўніцтва і ці не прасцей было ўсё пачаць з нуля.

— Сам са Смалявічаў, жыву ў раёне Кургана Славы, па гэтай трасе езджу часта. З улікам таго, што цяпер дом здаём па сутках, гэта зручна: па дарозе заехаць, вырашыць пытанні з засяленнем — высяленнем гасцей, — тлумачыць Андрэй.

Барнхаўс — гэта архітэктурны стыль, натхнёны выглядам свірана, гаспадарчых пабудоў. Такі дом Андрэй вырашыў будаваць на базе старой хаты. Каркас яе быў цалкам прыдатны, «родны» брус — у добрым стане.

Хата да перабудовы

— Але з улікам вопыту, мая парада: лепш зносіць і будаваць з нуля. Таму што інакш усё ж узнікаюць пэўныя праблемы ў працэсе будаўніцтва: недзе сцены гуляюць, іншыя пытанні зʼяўляюцца.

Ад старога дома засталіся каркас і падмурак.

— Плошча была 6 на 9 метраў. Я надтачыў дом блокамі — новая пабудова выйшла плошчай 6 на 12. Старую і новую частку змацаваў, уцяпліў — атрымалася такая канструкцыя.

Каркас атрыманага дома абшылі звычайнай абразной дошкай, афарбаванай у чорны колер. Паклалі нахлёстам. На даху — клікфальц.

Унутры — адкрытая прастора, пахне дрэвам.

— Пластыку тут мінімум. Электрачайнік, напрыклад, — усміхаецца гаспадар дома.

Пад дахам абсталяваны другі паверх, там знаходзіцца спальня.

— Лесвіца без парэнчаў, таму што не хацелася загрувашчваць імі прастору. Наогул люблю скандынаўскі стыль, падабаецца, калі сцены не душаць.

Ацяпляецца дом электрычнасцю.

— Калі больш канкрэтна, то падлогі водна-электрычныя. Кажуць, ККД ад такіх больш. За халодны сезон — а дом часта быў заняты — выйшла нешта каля 500 рублёў за ацяпленне.

Прычым для такога абагравання не патрэбныя дадатковыя памяшканні пад кацельні. Ёсць маленькія датчыкі, яны падлучаныя да вайфая, і я магу праз мабільную праграму настройваць тэмпературу.

Для зручнасці ёсць камін.

— Гэта харвацкі чыгунны камін Plamen Nera, каштаваў каля 3 тысяч рублёў. Калі раптам адключыцца электрычнасць, здольны цалкам абаграваць дом.

Плітка на падлозе — керамаграніт.

Мэблю суразмоўца рабіў сваімі сіламі: была свая невялікая мэблевая вытворчасць. Кухонныя і іншыя шафкі зробленыя з фанеры «Барысаўдрэва». Падстаўку пад тэлевізар і часопісны стол Андрэй зрабіў сваімі рукамі з брусоў, што засталіся пасля будоўлі.

Да паслуг дызайнераў і архітэктараў гаспадар дома не звяртаўся. Ідэі па вонкавым выглядзе і інтэрʼеры знаходзіў, гартаючы Instagram і Pinterest.

Сцены звонку і знутры пакрывалі фінскай фарбай Teknos.

— Аналаг «Цікурылы», але не такая распіяраная. Шафкі пакрываў фарбай Rubio. Лічыцца, што захоўвае ад вільгаці. Адна бляшанка каштуе 160 рублёў, затое добра падыходзіць для паверхняў, якія часта выкарыстоўваеш (дзверцы, кухонныя шафкі).

Рамы вокнаў у падлогу — з ПВХ.

— Вокны паставілі за дзень. Звычайна кажуць, што калі вялікая плошча шклення, то кандэнсат збіраецца. Але дзякуючы таму, што ў хаце няма канвектараў, а ёсць цёплыя падлогі, тут нармальная абарачальнасць паветра, — сцвярджае гаспадар.

Андрэй не называе дакладнай сумы, у якую абышлося будаўніцтва барнхаўса, але дае арыенцір:

— З улікам грошай, выдаткаваных на зямлю, уклаўся да ста тысяч даляраў.

Суадносна з купляй новай двухпакаёвай кватэры.

Калі купляў, дарога была яшчэ не такой шырокай: яе пашырылі пад развіццё горада-спадарожніка.

— Планаваліся шумаахоўныя экраны, але іх з нашага боку ў выніку не паставілі. У двары трасу чуваць, але ў доме амаль не. Затое тут зусім недалёка Смалявіцкае вадасховішча. Да яго лёгка дайсці, таму што пабудавалі падземны пераход.

Прыйшлося павазіцца і з участкам, прывезці нямала зямлі, каб выраўнаваць ландшафт.

Уладальнік барнхаўса спрабуе сябе ў гасцінічным бізнэсе: здае дом на суткі. Цікавасць у мінчукоў да такой нерухомасці ёсць, але пасля таго, як беларускія кватэры і сядзібы адключылі ад буйных сэрвісаў браніравання накшталт Booking, сітуацыя пагоршылася.

— Цяпер пра нас даведваюцца ў асноўным праз Instagram.

Гаспадар стыльнага дома мае намер развіваць праект далей. У найбліжэйшых планах — знос старога хлява, які пакуль яшчэ стаіць у двары.

— Гэтым разам я ўжо зрабіў сабе праект, буду будаваць з нуля.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера